Канкрэтна і кампетэнта


На чарговай “прамой лініі” на пытанні жыхароў горада і раёна адказвала галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры, будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і па праблемах ліквідацыі вынікаў катастрофы на ЧАЭС райвыканкома Н.У. РОДЗЬКІНА.

Хайнічанін М.М. Лагвіненка цікавіўся магчымасцю паляпшэння жыллёвых умоў. Яму, як інваліду  III групы па захворванню, звязанаму з аварыяй на ЧАЭС, будзе выдзелена жыллё ў 60-кватэрным доме, які ўзводзіцца ў мікрараёне “Юбілейны”. Дакументы адпраўлены на ўзгадненне ў аблвыканком. Здача дома запланавана на 2010 год.

Наконт прыватызацыі жылля пазваніла А.М. Мацвяйчук, якая пражывае па вуліцы Камсамольскай. Як інваліду III групы (18 артыкул), ёй выдзелена сацыяльнае жыллё. На сённяшні дзень сацыяльнае і службовае жыллё прыватызацыі не належаць.

 Жыхары дома № 1 па вул. Юбілейнай скардзіліся, што ў час дажджу пад’езды і падвалы залівае вадой, былі выпадкі, калі правальваліся прыступкі лесвіцы. У доме № 9 па вул. Першамайскай на лесвічнай пляцоўцы выпалі цагліны, у некаторых жыхароў у час дажджу вада зацякае ў кватэры, на балконы. З гэтымі скаргамі неаднаразова звярталіся ў КЖУП “Хойніцкі камунальнік”, аднак не атрымалі ні адказу, ні рамонту.

Звароты грамадзян адрасаваны дырэктару КЖУП “Хойніцкі камунальнік” А.М. Клюкаўкіну.

Жыхарка вуліцы Жыляка          88-гадовая А.М. Гурская папрасіла ссекчы зараснікі на балоце, што ўтварыліся каля яе дома. Вырашэнне і гэтага пытання таксама знаходзіцца на кантролі ў камунальнікаў.

Адзін са звярнуўшыхся  на “прамую лінію” спытаў, ці мае значэнне для атрымання пасведчання пацярпеўшага ад аварыі на ЧАЭС час пражывання ў раёне. У прыватнасці, ён прыбыў на працу пасля 1 студзеня 1990 года. (Як вядома, раней пасведчанні выдаваліся пражываўшым толькі да гэтай даты).

 Н.У. Родзькіна растлумачыла, што па новаму Закону “Аб сацыяльнай абароне грамадзян, пацярпеўшых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый”, які ўступіў у сілу 16 ліпеня бягучага года, калі чалавек прыбыў, зарэгістраваўся, пражывае і працуе на тэрыторыі раёна, то пасведчанне выдаецца нягледзячы на час яго прыбыцця. Пакуль дзейнічаюць пасведчанні старога ўзору (выдаюцца пасведчанні таксама старога ўзору, аднак з адпаведным надпісам), мяняць нічога не патрэбна. У 2012 годзе ўсе пасведчанні ліквідатараў і пацярпеўшых старога ўзору будуць заменены на пасведчанні новага ўзору.


Запісала Вольга БЕЛАШ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *