Інтэрв’ю аб тым, як у Звяняцкім спілавалі 36 дрэў

Год малой радзімы

– Нешта вы да мяне зачасцілі, – з усмешкай гаворыць жыхарка вёскі Звяняцкае Ніна Ульянаўна і запрашае праходзіць у дом.

– Дык нагоды для нас, журналістаў, добрыя даеце, – адказваю. – Я даведалася, што Вы сталі ініцыятарам карыснай справы. Расказвайте, як Вам прыйшла ідэя пачаць спілоўваць дрэвы на вясковых могілках?

– Сядайце, – прапанавала жанчына, – зараз я ўсё паведамлю. Гэтую ідэю я выношвала год, пасля смерці дачкі. Справа ў тым, што моцны вецер часта валіць дрэвы на могілках. Раз-пораз мы адчуваем адгалоскі прыроднай стыхіі. Пасля чаго я адразу спяшаюся на могілкі, каб пабачыць, ці не пашкодзіліся помнікі, агароджы магіл маіх родзічаў.

– Так, вялікія дрэвы цяпер праблема ці не большасці вясковых могілак, – працягваю гутарку.

– Дык вось, я самастойна ўжо тры разы наймала людзей, каб спілавалі дрэвы, вакол месцаў пахавання маіх родных. Але гэта, як кажуць, кропля ў моры. Для годнага добраўпарадкавання неабходны былі большыя маштабы, – гаворыць Ніна Ульянаўна.

– І вы вырашылі гэта пытанне талакой?

– Менавіта так. Мне патэлефанавала былая жыхарка Звяняцкага Галіна Адамаўна Кардаш, якая цяпер жыве ў Рэчыцы. Яе таксама хвалявала гэта праблема. У яе тут пахаваны бацькі, брат, іншыя родзічы. А пасля да нашых абмеркаванняў далучыліся Гардзейчык Любоў Андрэеўна (яна таксама выехала з вёскі) і Сцепаненка Алена Іванаўна (працуе ў нашым клубе), – распавядае субяседніца.

– Так, каманда створана. Мэта ёсць. З чаго пачалі?

– Пайшлі на могілкі. Я прапанавала дзяўчатам пачаць з аднаго боку спілоўваць, бо ўсяго там 89 дрэваў (мы падлічылі), – гаворыць актывістка і дастае нататнік.

– Вы ўсё занатоўваеце, вядзеце ўлік?, – цікаўлюся.

– Канешне. У мяне ўсё запісана. З аднаго боку вось 27 дрэваў, і з другой – 9. Усяго атрымалася 36, якія хацелася б убраць у першую чаргу, – адказвае Ніна Ульянаўна.

– А што пасля?

– Склалі спіс «зацікаўленных» – тых, чые сваякі пахаваны побач. Падзялілі прозвішчы з гэтага спіску і пайшлі «ў народ». Хадзілі па дамах, тэлефанавалі. Звязваліся з былымі жыхарамі Звяняцкага, якія цяпер жывуць у розных гарадах нашай краіны, а таксама Расіі, Латвіі, Украіны, – з нейкім хваляваннем распавядае жанчына.

– А па колькі грошай збіралі, калі не сакрэт?, – пытаюся я.

– Прасілі па 50 рублёў. Справа ў тым, што каб выдаліць дрэва, трэба выклікаць верхалазаў. Ці, як іх яшчэ называюць, альпіністаў. А паслугі іх каштуюць нятанна. Хаця ўсё яшчэ залежыць ад дрэва. Калі да нас прыехалі спецыялісты, да якіх выйшлі праз інтэрнет, яны адразу адзначылі, што расцэнкі розныя ў залежнасці ад вышыні, стану і месцазнаходжання дрэў. Да прыкладу, большасць дрэў спілавалі па 60 рублёў за кожнае, два дубкі – па 80 рублёў, адна сасна – за 150 рублёў, другая – за 200, – тлумачыць Ніна Ульянаўна.

– Колькі грошай удалося назбіраць?

– За тыдзень мы назбіралі 3000 рублёў. Я захоўваю ўсе дакументы. Вось спіс, усё пад роспіс. А гэта квітанцыі аб аплаце. За кожны рубель даць справаздачу магу, каб ніхто не падумаў, што сабе прысвоіла, – зазначае жанчына.

– Адчуваецца, што Вы адказна падышлі да справы, – падкрэсліла я.

– На самой справе, гэта вельмі клопатна. Я тры тыдні не магла спаць спакойна, хвалявалася, перажывала. Увесь час у галаве пракручвала: каму можна яшчэ пазваніць, каму яшчэ не датэлефанавалася, да каго зайсці ў вёсцы.

– Я ведаю, што Вы і на могілках увесь працэс кантралявалі, – дадаю.

– Так, але адзначу, што работнікі добрыя, працавалі з раніцы і да вечара. Тры дні. Асабліва іх кантраляваць не было неабходнасці. Проста хадзіла, цікавілася, як справы, – адказвае Ніна Алейнік.

– Малайцы. Выдатная, вельмі карысная справа, гэта прыклад для многіх. Вы не толькі добраўпарадкавалі могілкі, Вы аб’ядналі людзей, нагадалі аб важным, прызвалі сваіх землякоў да дзеянняў, натхнілі ўраджэнцаў вёскі. Ваша агульная неабыякавасць сапраўды дарагога каштуе, – выказала сваё меркаванне.

– Я ад усёй душы дзякую ўсім сваім аднавяскоўцам за тое, што падтрымалі, адгукнуліся, дапамаглі. У гэтыя дні мы былі адной вялікай камандай, адной сям’ёй. Я вельмі ўдзячна ўсім землякам, якія «разляцеліся» па свету і тым, якія і сёння жывуць у роднай вёсцы. Мы распачалі добрую справу. Мне так прыемна бачыць вынікі нашых старанняў, я ганаруся ўсімі вамі. У год малой радзімы гэта асабліва важна. На гэтых могілках пахаваны нашы сваякі, сябры, землякі. Гэта наша памяць. Гэта святое месца для ўсіх нас. І яно павінна быць дагледжаным. Дзякую ўсім, жадаю дабрабыту і моцнага здароўя!, – такімі натхнённымі словамі Ніна Ульянаўна скончыла нашу размову. Звеняцкоўцы падалі добры прыклад удалага вырашэння праблемы. Не чакалі дапамогі, а пачалі дзейнічаць самастойна.

Наталля РЭВЯКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *