У гармоніі з прыродай


Так склалася, што захапленне кветкамі ў нас чамусьці лічыцца заняткам толькі жаночым. Аднак упэўнены ў тым, што знойдзецца многа мужчын, у корані не згодных з гэтым пастулатам. Сярод іх і жыхар вёскі Загалле Уладзімір Іосіфавіч Мароз.

Без малога 40 гадоў адпрацаваў ён механізатарам у былым сельгаспрадпрыемстве “Хойніцкае”. Розныя работы даводзілася выконваць на трактары і на камбайне: і касіў, і араў, і збажыну ўбіраў. Працаваў ад світанку да змяркання сумленна і старанна, за што і паважалі яго ў калектыве. Не аднойчы атрымліваў Уладзімір Іосіфавіч граматы і падзякі ад кіраўніцтва гаспадаркі і раёна, ёсць у яго і медаль “За працоўную доблесць”.

А калі выйшаў на заслужаны адпачынак, то і праявілася ў яго у нечым нечаканае для вясковага мужчыны захапленне – кветкі. Іх на яго падвор’і вялікае мноства – хрызантэмы, цыніі, бяссмертнікі, астры, півоні, цюльпаны – усіх і не пералічыш. Але асаблівай гордасцю гаспадара з’яўляецца “начная прыгажуня” – кустоўе з невялікімі барвова-ліловымі кветачкамі-завушнічкамі, якія на дзень зачыняюць свае пялёсткі, а распускаюцца дзівоснымі званочкамі пад самы вечар і пераліваюцца незвычайнымі каляровымі адценнямі ў святле ліхтароў. Імі аздоблена ўся агароджа дома ўздоўж вуліцы.

– І сабе, і людзям прыемна такая прыгажосць, – разважае Уладзімір Іосіфавіч. – Не разумею тых, хто нават каля ўласнай хаты ні траву не падкосіць, ні смецце не прыбярэ. Людзі ж усё бачаць, няўжо не сорамна?

Захапленне мужа адабрае і падтрымлівае жонка Тамара Мікалаеўна, якая па ўзросту таксама ўжо выйшла на пенсію, але ніяк не можа пакінуць узначальваемае ёй Загальскае аддзяленне сувязі, у якім адпрацавала яна не адзін дзесятак гадоў. А што датычыць сумеснага жыцця, то ў ліпені наступнага года адзначыць сям’я яго саракагоддзе. За гэты час бацькі вырасцілі і цвёрда паставілі на ногі чатырох сыноў, кожны з якіх ужо мае ўласную сям’ю, а радавод Марозаў папоўніўся трыма ўнукамі і столькімі ж унучкамі.

Усё на іх падвор’і акуратна, дыхтоўна і дагледжана – сад,  агарод, гаспадарчыя пабудовы, і, канешне ж, сам дом – чысты, прасторны і ўтульны. Цікава, што гэтая цяга да чысціні, парадку і прыгажосці перадалася і па спадчыннасці: на гарадскім свяце 3 ліпеня сёлета старэйшы сын Аляксандр Мароз атрымаў падарунак і Дыплом за лепшы ў горадзе пад’езд, у якім ён жыве ў доме № 8 па вул. Лермантава.

Расказ аб гэтай дружнай і працавітай сям’і быў бы не поўным, калі б не ўспомніць аб тым, што і муж, і жонка прымаюць самы актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. Так, Уладзімір Іосіфавіч у свой час быў дэпутатам некалькіх скліканняў Казялужскага сельскага Савета, а Тамара Мікалаеўна другі тэрмін запар прадстаўляе ў Савеце інтарэсы сваіх выбаршчыкаў. З’яўляецца яна і ўпаўнаважанай вёскі Загалле.

А яшчэ захапленнямі гаспадара дома з’яўляюцца рыбалка і збор грыбоў і ягад. Аднак не канчатковы вынік хвалюе яго. Па словах Уладзіміра Іосіфавіча, застаючыся адзін на адзін з прыродай, адчуваеш такую асалоду і спакой, што міжволі падзаражаешся жыццёвай энергіяй на доўгі-доўгі час. Напэўна, у такой гармоніі існавання з навакольным светам і крыецца адзін з сакрэтаў звычайнага чалавечага шчасця.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *