У раёне генеральная ўборка. Больш актыўнасці, землякі

Год малой радзімы

На Хойнікшчыне працягваецца месячнік па добраўпарадкаванню і навядзенню парадку на зямлі.

Калектывы арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў прыступілі да рэалізацыі запланаваных мерапрыемстваў. Больш увагі надаюць навядзенню парадку на грамадзянскіх могілках у сельскіх населеных пунктах, таму што шмат пытанняў (і праблем, адпаведна) выклікаюць сухія аварыйныя дрэвы.

Удзельнікі мерапрыемстваў наводзяць парадак на ўласных вытворчых і замацаваных тэрыторыях, добраўпарадкоўваюць месцы пахавання ваенных часоў, высаджваюць дрэвы.

Не заставайцеся ў баку ад добрай справы, стварайце прыгажосць самі!

Ул. інф.

 

Па маршруце чысціні прайшлі і хайнічане

У дзесяты раз па ўсёй краіне прайшла рэспубліканская добраахвотная акцыя «Чысты лес».

У Беларусі яна даўно стала традыцыйнай. Упершыню акцыя праведзена ў 2010 годзе, за гэты час паўдзельнічалі ў ёй дзесяткі тысяч добраахвотнікаў.

Традыцыйна і Хойнікшчына далучаецца да мерапрыемства. У мінулыя гады на дапамогу работнікам лясгасу прыходзілі калектывы арганізацый і ўстаноў, навучэнцы школ. Не стаў выключэннем і год бягучы. 17 кастрычніка сумесна з калектывам Хойніцкага лясгасу ўдала папрацавалі работнікі аддзелаў статыстыкі і прымусовага выканання, актывісты БРСМ, вучні СШ № 3, якія займаюцца ў так званым школьным лясніцтве. Дарэчы, рабяты са школьнага лясніцтва даўно супрацоўнічаюць з лясгасам: аказваюць дапамогу падчас такіх добраахвотных акцый, наведваюць арганізацыю з экскурсіямі, удзельнічаюць у прафарыентацыйнай рабоце.

У час акцыі больш увагі надалі навядзенню парадку ўздоўж прыдарожных палос. Узброіўшыся пакетамі, збіралі смецце, якое несвядомыя аўтаўладальнікі і пасажыры выкідваюць з вокнаў машын, або у час знаходжання ў лесе.

Асноўная задача добраахвотнай акцыі – прыцягнуць увагу людзей да неабходнасці беражліва адносіцца да галоўнага прыроднага рэсурсу краіны – лесу. Так давайце проста не будзем там смеціць!

В. РАМАНАВА, намеснік дырэктара Хойніцкага лясгаса па ідэалагічнай рабоце.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *