Цягнуцца рукі не да працы


Добра, калі ў хлеўчыку рохкае свінчо. Не трэба будзе на рынак ісці за шматком сала. Ды і ў суседзяў павагу маеш: гаспадарлівы, працавіты, скажуць, чалавек. Вось і ў Маіны Валянцінаўны Салянка, рабочай свінафермы КСУП “Судкова”, як у той песні: “…Парсючок пад лаўкай, як бычок равець…” Ды і не адзін. Праўда, крыху менш, чым на рабочым месцы ў сельгаспрадпрыемстве.  Стараецца Маіна Валянцінаўна сваіх карміць не горш, чым грамадскіх. А каб сабекошт вытворчасці дамашняй свініны знізіць да мінімуму, яна са “шведскага стала” парсюкоў КСУПаўскіх адгрэбла сабе ў торбачку 24 жніўня 42 кілаграмы канцэнтратаў.

Нешчаслівы быў той дзень для стараннай свінаркі. Злавілі, і давялося высыпаць камбікорм зноў на “шведскі стол”. Хочацца думаць, што ўпершыню М.В. Салянка на такі непрыгожы ўчынак адважылася. Аднак гэта не здымае адказнасці з яе.


*  *  *


Кажуць, што на сваёй тэрыторыі воўк авечку не дзярэ, – разважылі рабочыя ААТ “Хойніцкі Аграсервіс” Вячаслаў Іванавіч Камеш, Аляксандр Дзмітрыевіч Бордак і Уладзімір Уладзіміравіч Шмацько і падаліся назапашваць сабе сена на поле суседняй гаспадаркі – агракамбіната “Віць”. Толькі і паспелі нагрузіць, а без іх ужо апрыходвалі корм там, дзе яму і належала быць. Аказалася 300 кілаграмаў.


*  *  *


Групавы паход да будаўнічага аб’екта па вуліцы Садовай горада арганізавалі рабочыя КЖУП “Хойніцкі камунальнік” Станіслаў Аляксандравіч Ерашок з сынам Міколам, Аляксандр Леанідавіч Дземідовіч і Пётр Іванавіч Лобан. 5 мяшкоў цэменту, 2 вапны і мех сухога тынку (штукатуркі) цеглі дадому. Трэба думаць, вырашылі заняцца будаўнічымі работамі.


*  *  *


Цягнуцца рукі не да працы, а да таго, што дрэнна ляжыць, у некаторых непрацуючых.  Есці ж ім таксама хочацца… Таму  і нападаюць, як саранча, на палеткі сельгаспрадпрыемстваў. Сяргей Аляксандравіч Лобан у КСУП “Судкова” нарыхтаваў сабе 200 кілаграмаў буракоў, а Аляксандр Аляксандравіч Лобан – 32 кілаграмы бульбы,  жыхары вёскі  Вялікі Бор Андрэй Юр’евіч Анікін і Дзмітрый Юр’евіч Бельскі ў КСУП “Велікаборскі” – 68 кілаграмаў капусты, Мікалай Мікалаевіч Бархота і Пётр Міхайлавіч Ушакоў з Настолля былі затрыманы ў час вывазу 250 кілаграмаў саломы з палетка агракамбіната “Віць”.


*  *  *


Толькі ў супермаркеце жадаюць атаварвацца непрацуючыя хайнічане Вячаслаў Вячаслававіч Саўкоў і Ганна Валер’еўна Баркарова. Праўда, не за грошы. Вячаслаў прыхапіў на паліцы гандлёвай кропкі бляшанку чорнай кавы, якая каштуе 11 тысяч рублёў, а Ганна – бутэльку гарэлкі. На чым і былі злоўлены.


*  *  *


І, нарэшце, замыкае ўсю пляяду “несуноў” герой здымка, жыхар в. Судкова Сяргей Аляксандравіч Пятроў (на здымку). Бруднымі рукамі апускаў ён такія ж брудныя пластыкавыя бутэлькі з-пад піва “Бровар” у бідоны з малаком, якое прывезлі цяляткам. Цяляты яшчэ малыя, ім менш трэба, а Сяргей вялікі і дужы, яму харчавацца добра трэба.



Дзіўныя разважанні ў некаторых працаўнікоў прадпрыемстваў. Выпускае, скажам, фабрыка сшыткі, то для сына або дачкі рабочага бясплатныя павінны быць; пілуе драўніну – дармавую агароджу можна паставіць каля дома.

Рана або позна на справе зладзейскай “пагарэць” можна. Дык навошта, быццам кляшчам, упівацца ў тое, што табе не належыць? За злачынствам наступае пакаранне. Па першаму разу “свеціць” артыкул 10.5 ч.1 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, які прадугледжвае штраф ад 10 да 30 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт на 15 сутак.


С. ГАРДЗЕЙЧЫК,
старшы ўчастковы інспектар РАУС, маёр міліцыі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *