Да 20-годдзя вываду савецкіх войск з Афганістана Расказваюць экспанаты

Образование

Невялікі пакой у гарадской сярэдняй школе № 3 добра знаёмы кожнаму з 54 хойніцкіх ветэранаў вайны ў Афганістане. 15 мая 2007 года тут быў адкрыты раённы музей памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Яго адкрыццё – цалкам заслуга былых воінаў-“афганцаў”. Цэлы год, па выхадных і пасля работы ў буднія дні, яны самастойна стваралі яго экспазіцыю, беражліва збіралі экспанаты, уласнымі рукамі пілілі, стругалі, майстравалі стэнды, размяшчалі фотаздымкі.
 
Многія з іх падзяліліся фатаграфіямі з “дэмбельскіх” альбомаў, іншымі памятнымі рэчамі, прывезенымі з Афгана. Асаблівую дапамогу аказаў індывідуальны прадпрымальнік Ігар Мікалаевіч Хадасок, таксама ветэран вайны ў Афганістане. Ен не толькі значна дапамог у стварэнні музея, але і знайшоў, а таксама за свае сродкі перавёз у двор райваенкамата і ўстанавіў там вялізную гранітную глыбу – Камень памяці з гравіраванай шыльдай з партрэтамі і імёнамі загінуўшых у Афганістане ўраджэнцаў нашага раёна. І не выпадкова, што адкрыццё Каменя памяці адбылося ў адзін дзень з адкрыццём музея воінаў-інтэрнацыяналістаў.

Нямала сіл прыклаў для стварэння музея яго дырэктар на грамадскіх пачатках Мікалай Васільевіч Гапоненка, пастараліся воіны-інтэрнацыяналісты Уладзімір Бордак, Васілій Ліберт, Юрый Гушча, Алег Чэкан, Аляксандр Чэркас, Аляксандр Балянок і многія іншыя ветэраны афганскай вайны, для якіх стала святой памяць аб тых падзеях.

А яшчэ асабліва ўдзячны былыя воіны-“афганцы” мастаку Міхаілу Бабенку, дзякуючы ўмелым рукам якога стэнды і экспанаты музея набылі асабліва выразнае мастацкае гучанне.

Беражліва захоўваюцца тут рэчы загінуўшых у Афгане хайнічан – іх у дар музею перадалі бацькі і родзічы тых, хто не вярнуўся дамоў. І ў час экскурсій наведвальнікі звяртаюць асаблівую ўвагу на гэтыя экспанаты.

Будматэрыяламі дапамагалі і кіраўнікі арганізацый раёна – П.М. Кудан (Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік), В.У. Мігай (былы дырэктар КСУП “Веляцін), Д.К. Гарбарук (ДЛГУ “Хойніцкі лясгас”).

Сёння ў памяшканні музея праходзяць сустрэчы школьнікаў і моладзі з былымі воінамі-“афганцамі”, бацькамі і роднымі загінуўшых у Афганістане, экскурсіі, прычым ролю экскурсаводаў часта выконваюць самі воіны-інтэрнацыяналісты. Іх удзельнікі маюць выдатную магчымасць датыкнуцца да падзей тых часоў, паслухаць расказы відавочцаў і яшчэ раз асэнсаваць, якую ролю ў гісторыі нашага народа адыграла вайна ў далёкай азіяцкай краіне.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *