Хрысціна Ярац – сярэбраны прызёр чэмпіянату свету

Спорт

ХристинаЗ 8 па 12 кастрычніка ў сталіцы Паўднёвай Карэі – горадзе Сеуле – праходзіла юніёрскае першынство свету па барацьбе самба. Сусветны спартыўны форум быў прадстаўлены 32 краінамі з усіх кантынентаў зямнога шара. У саставе зборнай каманды Беларусі на гэтыя прадстаўнічыя спаборніцтвы выязджалі 22 спартсмены і 8 трэнераў, у тым ліку выхаванка Хойніцкай СДЮШАР Хрысціна Ярац і яе настаўнік Алег Маратавіч Лук’яненка.
Вельмі цяжкі пералёт – 17 гадзін знаходжання ў паветры плюс 6 гадзін розніцы па часе вельмі ўскладнялі задачу, пастаўленую нашай зямлячкай, – прывезці медаль з сусветнага чэмпіянату. Але Хрысціна дастойна правяла папярэднія сустрэчы, не пакінуўшы сваім саперніцам ніводнага шансу, і выйшла ў фінал у вагавой катэгорыі 56 кілаграмаў.
У фінале Хрысціне супрацьстаяла расіянка Аляўціна Гаітава, якая мае высокі сусветны рэйтынг па барацьбе дзюдо і самба. Першую дзвюхмінутку, палавіну сустрэчы на татамі, Хрысціна вяла з лікам 3:0. Але вопытная саперніца змагла правесці шэраг кідкоў і літаральна «вырвала» залаты медаль.
Трэнер СДЮШАР г. Хойнікі А.М. Лук’яненка, які з’яўляўся секундантам па ходу сустрэч, вельмі задаволены выступленнем сваёй выхаванкі і лічыць, што гэта значны поспех, наступная ступенька ва ўдасканальванні спартыўнага майстэрства нашай зямлячкі.
З гэтай прыемнай нагоды 16 кастрычніка на гарадскім стадыёне адбылося ўшаноўванне. Спартсменку і яе трэнера шчыра і сардэчна вітаў старшыня раённага выканаўчага камітэта А.І. Ціток. Ён адзначыў, што Хрысціна Ярац паказала высокае спартыўнае майстэрства і непахісную волю да перамогі. Яе лідэрства сярод юніёраў Беларусі па барацьбе самба – не выпадковая ўдача, а вынік велізарнай самаадданай працы і мэтанакіраванасці ў дасягненні поспеху. У чарговы раз яна даказала, што хойніцкая зямля багатая таленавітымі спартсменамі, і ёсць упэўненасць, што і ў далейшым Хрысціна будзе прадстаўляць нашу краіну на міжнародным узроўні і яшчэ не раз парадуе нас сваімі дасягненнямі. Аляксандр Іванавіч павіншаваў таксама А.М. Лук’яненку, які пацвердзіў сваё прафесійнае майстэрства і ўменне рыхтаваць сапраўдных пераможцаў, пажадаў героям дня моцнага здароўя, удачы і новых бліскучых перамог. Звяртаючыся да прысутных на мерапрыемстве вучняў гарадскіх школ, кіраўнік раёна падкрэсліў, што на Хойнікшчыне ёсць усе ўмовы для заняткаў спортам, і кожны можа дабіцца высокіх вынікаў па розных відах спорту.
Ад імя райвыканкама А.І. Ціток уручыў трыумфатарам падарункі: спартсменцы – ноўтбук, яе трэнеру – кафяварку.
З пачатку гэтага навучальнага года Хрысціна Ярац з’яўляецца студэнткай факультэта фізвыхавання ГДУ імя Ф. Скарыны. Трэніроўкі не перапыняе, імкнецца да новых спартыўных перамог.

Клаўдзія Босак.
Фота Наталлі Чэкан.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *