Няхай будзе сонечна

Вёсачка мая

7Была ў вёсцы вядомая ва ўсім наваколлі карчма, дзе спыняліся падсілкавацца ды застацца на начлег падарожнікі. Ехалі вандроўнікі адусюль, стомленыя, галодныя. І як толькі траплялі ў харчэўню, казалі: «Богу слава!», маўляў, што «дацягнулі» да гэтага месца. З часам да вёскі «прычапілася» адпаведная мянушка – Багуславец. Такую назву населены пункт меў да 1977 года, а пасля быў пераіменаваны ў Грачыхіна.
На вуліцы найпрыгажэйшы час года – бабіна лета, апошні цёплы подых зямлі. Нябёсы ў ніцях павуціння, барвовае лісце на ветры танцуе вальс – восень залатакудрая шчодра дорыць натхненне. Радасна на вуліцы… і на душы. Мы збіраемся ў чарговую вандроўку. Карчму ў Грачыхіна, вядома, ужо не знойдзем, затое з людзьмі цікавымі пазнаёмімся.
1Захапіла з сабой кнігу «Памяць. Хойніцкі раён», каб па дарозе перачытаць інфармацыю аб Героі Савецкага Саюза Міхаіле Арцёмавічу Грачыхіне, у гонар якога названа вёска.
Нарадзіўся ён у 1903 годзе ў горадзе Ігрэнь Днепрапятроўскай вобласці. На фронце – з 1942-га. Памочнік камандзіра ўзвода старшына Грачыхін вызначыўся ў верасні 1943 года пры вызваленні Гомельскай і Палескай абласцей. Ён раздабыў 5 лодак, на якіх з групай воінаў першы ў батальёне пераправіўся праз Дняпро. У баі каля рэчкі Брагінка зайшоў у тыл праціўніка і атакаваў яго, чым садзейнічаў паспяховаму наступленню. 29 лістапада 1943 года ўзвод пад яго камандаваннем уступіў у бой з ворагам на скрыжаванні дарог Хойнікі – Калінкавічы, Тунеўшчына – Глінішча. Загінуў у гэтым баі ў рукапашнай схватцы. Пахаваны ў брацкай магіле ў Хойніках.
6З трасы Хойнікі-Мазыр паварочваем на Грачыхіна. Яшчэ паўстагоддзя таму вёска квітнела, маладзела і расла. Жылі вялікія сем’і – па сем-восем чалавек, трымалі дамашнюю гаспадарку, працавалі і талакой вяскоўцы. Цяпер зрэдку чуюцца тут дзіцячыя галасы, больш не звіняць дружна косы, а з прыадчыненых дзвярэй не вее водарам свежаспечанага хлеба. Хаця стравы ў печы яшчэ гатуюць.
5Смачныя румяныя бліны, хрусткія дранікі, наварыстыя баршчы атрымліваюцца ў Соф’і Рыгораўны Шырын. Бабулі 77 гадоў, яна адна са старэйшых жыхароў вёскі. Заўважыла яе каля брамкі. Прыселі на лавачцы каля хаты, і Соф’я Рыгораўна аддалася ўспамінам. Расказвала пра тое, як пасля вайны вучыліся па хатах, а пазней хадзілі ў школу ў Слабажанку і Гноеў. Як хлапчукі і дзяўчаткі ўставалі ў пяць-шэсць гадзін раніцы і зімой пераадольвалі кіламетры праз гурбы снегу. І так кожны будні дзень: і ў завіруху, і ў люты мароз. Але зіма прыносіла малым і шмат радасці. Гулялі ў сняжкі, каталіся на лёдзе. Узгадала Соф’я Рыгораўна і пра тое, як у 50-х гадах старшыня мясцовага калгаса Іван Дзюба правёў па вёсцы ваду, і як уручную ўбіралі лён, а потым выносілі на дарогу, каб машыны коламі «памалацілі» яго.
3Пышна тут спраўлялі Міколу. Спачатку рупліва рыхтаваліся: мылі ўсё, бялілі, гатавалі, а потым застолле ладзілі з песнямі ды танцамі. Мясцовыя юнакі былі аматарамі футболу. За вёскай было вялікае поле з варотамі, табло і лавачкамі для балельшчыкаў. Тут праводзіліся раённыя спаборніцтвы, часта прыязджалі памерацца сіламі футбалісты з суседніх гарадоў. Многа людзей збіралася, нават выязны гандаль быў агранізаваны – для вёскі такія матчы былі вялікай падзеяй.
Раней у Грачыхіна было 49 дамоў, зараз засталося 14. Мясцовы калгас называўся «Бальшавіцкая перамога», пасля быў пераіменаваны ў КСУП «Грачыхіна». Тут знаходзіўся птушнік, дзе вырошчвалі курэй, гусей і качак, але пасля распаду Савецкага Саюза яго закрылі. Цяпер там размяшчаецца ферма па вырошчванню цялушак, якая належыць сельгаспрадпрыемству імя Мележа. Аб гэтым мне расказаў яшчэ адзін карэнны жыхар вёскі Віктар Яўгеньевіч Белаус.

8

Ён усё жыццё прысвяціў ветэрынарыі. Закончыў Віцьеўскую сярэднюю школу, потым Віцебскую ветэрынарную акадэмію, працаваў у гаспадарках Брагінскага, Нараўлянскага, Калінкавіцкага і нашага раёнаў. Гэта вельмі адказны чалавек, які не баіцца руплівай паўсядзённай працы, спагадліва адносіцца да жывёлы, і наогул ён – ветурач па прызванню. З 2007 года працуе ў Слабажанскай участковай ветлячэбніцы, хаця ўжо пяць гадоў як на пенсіі. У вольны час любіць чытаць кнігі і глядзець навуковыя тэлеперадачы. У маладосці прэсу выпісваў на палову зарплаты, зараз жа захаваў сяброўства толькі з раёнкай.

4
Да нашай размовы далучылася жонка Віктара Яўгеньевіча, якая, дарэчы, з’яўляецца ўпаўнаважанай вёскі Грачыхіна, Марына Карпаўна Тонкава. Яна папрасіла ў публікацыі ўзгадаць пра старшыню Алексіцкага сельсавета Л.В. Кірылаву, якая неабыякава адносіцца да лёсу іх маленькай вёсачкі, заўсёды ва ўсім дапамагае і падтрымлівае жыхароў. Добрым словам адгукваліся вяскоўцы і аб рабоце аўталаўкі.
Гэтая вандроўка была сапраўды цёплай у сэнсе надвор’я і размоў з людзьмі. Няхай у Грачыхіна заўсёды будзе так сонечна…

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *