Беларусь турыстычная: Мазырскі драматычны тэатр імя Івана Мележа

Беларусь турыстычная

У Мазырскім драматычным тэатры, які носіць імя нашага славутага земляка Івана Мележа, я пабывала ўпершыню.

Не скажу, што з’яўляюся вялікай тэатральнай аматаркай, але калі так складваюцца абставіны – ёсць час і магчымасць (камандзіроўкі, курсы павышэння кваліфікацыі і інш.), то пастаноўкі наведваю.

Вось у чарговы водпуск з сяброўкай вырашылі «далучыцца да прыгожага» – наведаць тэатр у Мазыры. Тым больш, што толькі ў ліпені яго адчынілі пасля вялікай рэканструкцыі і, канешне, хацелася пабачыць, што там ды як.

Дарэчы, працэс рэканструкцыі тэатра пачаўся ў рамках Дзяржаўнай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання рэсурсаў Прыпяцкага Палесся ў 2010 годзе. Праблем дабавіў і пажар, які здарыўся ў лютым 2013.

Падчас рамонту ўстанову абсталявалі па апошняму слову моды і тэхнікі. Заменена ўсё тэхналагічнае абсталяванне, значная частка будынка фактычна адбудавана нанова. Цалкам перайначылі вялікую глядзельную залу. Устанавілі сучаснае асвятляльнае і гукавое абсталяванне. Пры гэтым галоўнай задачай было не толькі зрабіць тэатр зручным, але і захаваць першапачатковы воблік. Бо тэатр, пабудаваны ў пачатку 30-х гадоў мінулага стагоддзя, мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

А на доме, што стаіць побач з тэатрам, намалявана выява Івана Паўлавіча Мележа.

Адзначу, што сапраўды прыгожа, утульна, сучасна. Як знешне, так і унутры. Цікава было да пачатку сеансу пагуляць па калідорам, паглядзець, пазнаёміцца з артыстамі, чые фотаздымкі ўпрыгожваюць фае, пафатаграфавацца (як без гэтага). А як потым аказалася, пазнаёміліся і з галоўным рэжысёрам тэатра – ён нам паказваў уваход да касы.

Глядзелі мы камедыю «Гуляем у дружную сям’ю» па п’есе знакамітага камедыёграфа Марка Камалецці «Гуляем у дружную сям’ю, або Гарнір па-французску» ў пастаноўцы галоўнага рэжысёра тэатра Рамана Цыркіна. Дарэчы, ён жа выконваў адну з галоўных роляў.

Было цікава: і пастаноўка, і ігра артыстаў. Магчыма хтосьці скажа, ну, якія там у Мазыры артысты. Не пагаджуся. Самыя добрыя, таленавітыя. Зал апладзіраваў, смяяўся (камедыя як ніяк), у антракце чутна было, як абмяркоўвалі пастаноўку, дзяліліся ўражаннямі.

Тэатр працягвае сваю работу. У сучасных рэаліях пры рассаджванні ў залах выконваюцца прынцып сацыяльнага дыстанцыянавання і іншыя рэкамендуемыя супраць-эпідэмічныя меры. Так што калі ёсць жаданне – наведайце Мазырскі драматычны тэатр імя Івана Мележа. Не пашкадуеце.

Вольга БЕЛАШ.

Фота аўтара, А. Іовінай, «ГП».



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *