Пад мірным небам мы жывём

Главное

77-я гадавіна з Дня вызвалення раёна

Вызваленне раёна ад нямецка-фашысцкай акупацыі, як і вызваленне ўсёй Беларусі, – дата, якая назаўсёды застанецца ў гісторыі, у сэрцах людзей.

З першых дзён вайны беларусы паказалі, што за сваю краіну будуць стаяць да апошняга. Планы гітлераўскай Германіі аб хуткай перамозе праваліліся. Аднак да вызвалення Беларусі, да Перамогі было так далёка, а наперадзе былі доўгія месяцы бітвы з ворагам, слёзы матуль, пахаванкі…

На розных франтах мужна змагаліся тысячы ўраджэнцаў Хойнікшчыны: яны абаранялі Маскву і Ленінград, удзельнічалі ў Сталінградскай і Курскай бітвах, вызвалялі родную Беларусь, бралі Берлін. Лёс некаторых невядомы да гэтых пор, як і імёны многіх з тых, хто вызваляў Хойніцкі раён 77 гадоў таму. Аднак іх подзвіг не будзе забыты ніколі.

Таму так важная тая работа, якую праводзяць установы, аб’яднанні і простыя грамадзяне па захаванню памяці аб воінах-вызваліцелях, пошуку і ўстанаўленні прозвішч загінуўшых і месц іх пахавання, вяртанні ўзнагарод салдат Перамогі іх нашчадкам. Захоўвайце гэтую памяць! Таму што з кожным годам жывых сведкаў тых жудасных часін становіцца ўсё меней, і многае магчыма ніколі не стане нам вядомым.

У час Вялікай Айчыннай вайны загінула ўраджэнцаў Хойніцкага раёна: на франтах – 2881 чалавек, у партызанскіх атрадах і ў падполлі – 62 чалавекі. На тэрыторыі раёна з 104 вёсак спалены цалкам 36 населеных пунктаў, 21 затым быў адноўлены часткова, на ранейшым месцы адноўлена 54 вёскі, 3 – Перавессе, Краснамайск, Зялёны Гай – не былі адноўлены, у гэтых вёсках знішчана 1102 чалавекі, сагнана ў фашысцкае рабства 1243 чалавекі, закатавана і расстраляна 1984 мірных жыхара.

Вызвалены наш раён быў на 886-ты дзень вайны. Савецкія войскі з вызваленчымі баямі пайшлі ўперад, а жыхары вызваленага райцэнтра пачалі аднаўляць сваю малую радзіму, пачалі вяртацца да мірнага жыцця.

Мы не павінны забываць, якой цаной нашымі салдатамі, партызанамі, жыхарамі здабыта гэтая Перамога, гэтая магчымасць жыць пад мірным небам, выхоўваць дзяцей, збіраць ураджай, мець будучыню. Нельга перапісваць гісторыю, нельга яе «падладжваць» пад сябе і сітуацыю. Трэба памятаць тое, што было, і патрэбна цаніць тое, што ёсць сёння.

В. ВАСЬКЕВІЧ, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *