У госці да пераможцаў


тететШтогод у нашым раёне праводзіцца агляд-конкурс на лепшае добраўпарадкаванне падворкаў жыхароў. Для членаў журы вызначыць пераможцаў – задача не з простых, улічваючы тое, што з кожным годам прыгожых і дагледжаных дамоў на Хойнікшчыне становіцца ўсё больш.

Канкурэнцыя вялікая, ад таго і перамога каштоўней. Нагадаем, што сёлета першае і другое месца занялі гараджане – сем’і Неўмяржыцкіх (вул. Дабравольскага, 31) і Блішч (вул. Андросава, 2). А замкнулі тройку лідараў вяскоўцы – сям’я Алімавых з Барысаўшчыны, да якой днямі наведаліся ў госці.
Праязджаючы па вуліцы Лясной, прыгожы дом пад нумарам 31 нельга не заўважыць – ён адразу вылучаецца на фоне іншых. Тут ва ўсім адчуваецца клапатлівая рука. Гаспадыня Людміла Мікалаеўна гасцінна сустрэла нас і паказала прыдамавую тэрыторыю.
– Прыехалі б вясною ці летам, калі цвітуць кветкі, а то зараз усё гола, – пашкадавала жанчына.
Але нават у восеньскім уборы тэрыторыя выглядае прыгожа і ўтульна. Тут і альтанка, і сажалка, выкладзеная камянямі, і рознакаляровы плот, і цудоўныя аркі – усё выглядае вельмі гарманічна.
У гэтым доме сям’я Алімавых жыве амаль дваццаць гадоў. Муж Леанід Лявонцьевіч працуе вадзіцелем у мясцовым сельгаспрадпрыемстве, жонка Людміла Мікалаеўна – медсястрой у дзіцячым садзе і сацыяльным прытулку, дачка Крысціна – студэнтка сталічнага ўніверсітэта. Дружныя, працавітыя, добразычлівыя – так аб Алімавых адгукваюцца ў вёсцы. А яшчэ яны вельмі любяць парадак і чысціню.
Ідэйным завадатарам і натхняльнікам у пытанні добраўпарадкавання з’яўляецца жонка. Яна спецыялізаваныя часопісы чытае, у Інтэрнеце карысную інфармацыю чэрпае і па каталагах расліны заказвае. Людміла вельмі любіць кветкі, асабліва ружы, іх у яе налічваецца больш за 20 кустоў. Родным, сябрам і калегам не даводзіцца ламаць галаву наконт падарунка, бо ведаюць лепшы для яе – кветкі. Клемацісы, петуніі, лілеі, цюльпаны, хрызантэмы – летам па двары расцякаецца шырокая кветкавая рака. Шмат раслін выстаўляецца ў гаршках на ганку, але на зімоўку яны «перабіраюцца» ў дом. Пачынаючы з лютага, усе падаконнікі застаўлены шкляначкамі з рассадай, над якой завіхаецца гаспадыня.

опаоошщошщер
Усе ініцыятывы жонкі падтрымлівае муж Леанід – ён майстар на ўсе рукі. Для абустройства клумб збірае і прывозіць вялікія камяні. Летась дом звонку сайдынгам аббіў і шыкоўны плот усталяваў. Удзел у агульнай справе прымае і цесць, які з’яўляецца добрым спецыялістам па зварачных работах. Аркі, рашоткі для кветак – справа яго рук. Цешча і свякруха выступаюць у якасці спонсараў пры набыцці экзатычных раслін.
Вось так усе разам і ствараюць прыгажосць. У бліжэйшых планах сям’і Алімавых зрабіць пляцоўку для адпачынку з мангалам, да ажыццяўлення мэты прыступяць вясной. Такім чынам, у наступным годзе тэрыторыя стане яшчэ раскошней і, магчыма, зноў пазмагаецца за званне лепшай.

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *