Сімвалы бессмяротнасці на доме ў Слабажанцы

Да Дня Вялікай Перамогі

IMG_3592Увекавечваюць памяць загінуўшых у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі беларусаў прымацаваныя да фасаду дамоў, з якіх яны пайшлі на вайну і не вярнуліся адтуль, чырвоныя зорачкі. На доме па вуліцы Пралетарская, 12 вёскі Слабажанка гэтых сімвалаў бессмяротнасці змешчана тры.

Першая зорачка – у гонар патрыярха сям’і Пятра Рыгоравіча Сянько. Гэта быў вельмі дбайны гаспадар, да вайны пабудаваў хату, вырасціў двух сыноў і дачку. Працаваў лесніком, у 1934 годзе па даносу (быццам прадаваў лес за мяжу) быў рэпрэсіраваны і на працягу 9 месяцаў утрымліваўся ў мазырскай турме. Поўнасцю рэабілітаваны ў 1968 годзе. Вельмі любіў сваю адзіную дачку Соф’ю. У перадваенны час дзеці хадзілі ў школу ў лапцях, а П.Р. Сянько, прадаўшы на базары ў Хойніках вырашчанае збожжа, купіў ёй туфлі-тапачкі. Аднакласнікі задражнілі дзяўчынку, гаворачы, што абута яна ў казіныя капытцы, з-за гэтых кпінаў зноў абулася ў лапці.

У першыя дні вайны П.Р. Сянько пайшоў добраахвотнікам на фронт, прапаў без вестак у 1944 годзе.
Другая зорачка – аб мужнасці яго сына Канстанціна Пятровіча Сянько. Нарадзіўся ён у 1919 годзе, закончыў Чачэрскі зоатэхнікум, але затым вырашыў прадоўжыць дынастыю работнікаў лесу і паступіў у Мінскі лесатэхнічны інстытут. У час вайны быў ардынарцам у камандзіра батальёна. Загінуў каля Рыгі, пахаваны там у брацкай магіле.

Трэцяя зорачка – у гонар зяця П.Р. Сянько – Аляксандра Ермалаевіча Аскіркі. Нарадзіўся ён у 1915 годзе на Міншчыне, закончыў Полацкі лясны тэхнікум па спецыяльнасці лясная справа. Прыехаў на працу ў Хойніцкі раён, месцам работы для яго было вызначана Загальскае лясніцтва на пасадзе ляснічага. Ажаніўся на мясцовай прыгажуні Соф’і, якая працавала ў швейнай майстэрні. А.Е. Аскірка быў вельмі актыўным чалавекам, яшчэ да вайны ўступіў у члены КПСС. Таго, хто быў з ім знаёмы, заўсёды здзіўляла яго шырыня поглядаў і інтарэсаў, нястрыманая энергія і актыўная грамадская дзейнасць. У час вайны быў сувязным партызанскага злучэння 2-й Калінкавіцкай брыгады. Яна налічвала 5 атрадаў. Камандаванне брыгады стварыла ініцыятыўную групу з мэтай разгортвання партызанскага атрада №6 з месцам дыслакацыі ў раёне Калінкавічы-Юравічы-Хойнікі і нанясення шкоды ворагу ў перамяшчэнні яго жывой сілы і тэхнікі да фронту. У час выканання баявога задання па збору звестак па рацыі аб дыслакацыі праціўніка, бацька са сваім паплечнікам, аграномам з Храпкава па прозвішчу Назаранка, былі схоплены немцамі і расстраляны ў 1942 годзе, пахаваны ў брацкай магіле на гарадскіх могілках. Дарэчы, яго родную вёску Ражышча, што ў Мінскай вобласці, напаткаў лёс Хатыні. З пяці братоў з вайны вярнуўся толькі адзін…

У некалькіх сотнях метраў ад гэтага дома шуміць ажыўленая аўтамабільная траса Хойнікі-Мазыр. Пралетарская вуліца в. Слабажанка ўяўляе сёння сабой бязмерную радасць сям’і, стваральную працу людзей у плане добраўпарадкавання. Ціха і спакойна тут. І гэты спакой падарылі нам мужныя землякі цаной свайго жыцця.

Старонка нашай гісторыі – Вялікая Айчынная вайна – напісана найвялікшым узлётам патрыятызму нашага народа, яго баявым братэрствам, дружбай, пакутамі, болем, потам і крывёю, цаной мільёнаў жыццяў. Забыць гэтага нельга, трэба верыць, што імёны ўсіх – жывых і мёртвых – тых, хто адстаяў мір на зямлі, хто выратаваў свет ад фашызму, будуць вечна жыць у сэрцах удзячных нашчадкаў. Схіліце нізка галовы ля хаты з чырвонай зоркай!

Клаўдзія БОСАК.
Фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *