Увага — малым населеным пунктам


 З мэтай актывізацыі грамадскасці, органаў тэрытарыяльнага самакіравання, прадстаўнікоў дэпутацкага корпуса ў вырашэнні праблем жыццядзейнасці малых сельскіх населеных пунктаў на базе Алексіцкага сельскага Савета праведзены раённы семінар, удзел у якім прынялі прадстаўнікі ўсіх зацікаўленых служб.

У вёсцы Слабажанка наведалі дзіцячы сад-БШ, аддзяленне паштовай сувязі, магазін. Асаблівая ўвага пры гэтым надавалася стану добраўпарадкаванасці прылягаючых тэрыторый, уключаючы прыватны сектар. Было відавочна, што не ўсе жыхары аднолькава адносяцца да гэтай справы: побач з агароджай, якая патанае ў кветках, суседнічае паваліўшаяся, не гаворачы ўжо пра пустуючыя дамы.

Пленарнае пасяджэнне праходзіла ў Слабажанскім СДК. Аб рабоце ўстаноў аддзела культуры, выкананні плана платных паслуг насельніцтву, тэхнічным і матэрыяльным стане расказаў начальнік аддзела культуры райвыканкома В.І. Баранаў. Была вынесена слушная прапанова арганізаваць месячнік па добраўпарадкаванню тэрыторый вакол аб’ектаў культуры.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкома Ж.М. Чарняўская падкрэсліла, што існуе шмат форм работы з насельніцтвам, патрэбна толькі ўзяць іх на ўзбраенне. Усім узроўням улады, грамадскім арганізацыям неабходна працаваць ва ўзаемадзеянні, дапамагаць адзін аднаму.

Важны момант, які быў вызначаны ўдзельнікамі семінара, – настаў час адыходзіць ад працы “на паперы”. Неабходна, каб штомесячныя справаздачы былі рэальным адлюстраваннем праводзімай працы, а не проста пералікам запланаванага. Толькі ў гэтым выпадку будуць канкрэтныя вынікі і дасягнуты мэты.

Старшыня райсавета дэпутатаў Г.М. Рабінкіна адзначыла, што наперадзе ў нас вялікае свята – абласныя “Дажынкі-2009”. І агульная задача для ўсіх – навесці парадак на тэрыторыі раёна, каб дастойна сустрэць гасцей.

Арганічным працягам мерапрыемства стала свята пад назвай “Мая вёска – мой прытулак” у маланаселеным пункце Дуброва. Для 57 яе жыхароў святочную праграму падрыхтавалі работнікі ГЦКіС, РДК, раённага метадычнага цэнтра і самадзейныя артысты ансамбля “Спадчына”. Вяскоўцы сустракалі гасцей дэманстрацыяй сваіх самабытных вырабаў: цудоўныя рознакаляровыя работы рукадзельніц упрыгожылі вуліцу вёскі, на сталах красаваліся садавіна і агародніна, вырашчаныя руплівымі рукамі гаспадароў, а чароўны голас мясцовай спявачкі В.Р. Ігнаценка на некалькі хвілін прымусіў сэрцы біцца мацней.

У час свята ўспомнілі амаль аб усіх жыхарах населенага пункта, падарункі і кветкі ад сельсавета атрымалі ветэран Вялікай Айчыннай вайны С.С. Бандарчук, рукадзельніца Н.І. Касабуцкая і ўпаўнаважаная вёскі Я.Р. Казлоўская. Гаспадары лепшых падвор’яў таксама атрымалі заслужаныя ўзнагароды.

Як адзначалася, падобныя мерапрыемствы ў малых населеных пунктах павінны стаць неад’емнай часткай выязных семінараў, каб у жыхароў вёсак была магчымасць задаць цікавячыя іх пытанні спецыялістам адпаведных служб.

Несумненна, у жыхароў вёскі Дуброва, вельмі пргожай, шчырай і дружнай надоўга застануцца светлыя ўспаміны аб гэтым свяце.


Ірына НОВІКАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *