У новым статусе

Образование

Райвыканкомам прынята рашэнне № 522 ад 19.05.2009 г. “Аб спыненні дзейнасці і ўнясенні змяненняў ва ўстаноўчыя дакументы ўстаноў адукацыі Хойніцкага раёна”. Згодна з ім, 25 ліпеня ліквідавана ўстанова адукацыі “Партызанская дзяржаўная агульнаадукацыйная школа” і новы статус набыў Велікаборскі дзіцячы сад-базавая школа імя Б.І. Сачанкі: цяпер гэта Велікаборскі навучальна-педагагічны комплекс “Дзіцячы сад-сярэдняя школа”, дзе арганізавана навучанне школьнікаў і былой Партызанскай школы.

Унесены змяненні ў штатны расклад гэтай установы адукацыі ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Грашовыя сродкі, якія вызваліліся пасля спынення дзейнасці Партызанскай СШ, вырашана накіраваць на падвоз вучняў, падрыхтоўку да новага навучальнага года і да ацяпляльнага перыяду, папаўненне недахопу бюджэтнага фінансавання.

…У любой справе няма дробязей. І як тэатр пачынаецца з вешалкі, так і гэтая школа пачынаецца з прылягаючай тэрыторыі. Чысціня і парадак, дагледжанасць кветкавых клумб, прадуманасць агульнага ландшафтнага дызайну ствараюць пазітыўнае ўражанне і аптымістычны настрой у педагогаў і вучняў.

Такі ж парадак і ў памяшканні школы, маючай цудоўную матэрыяльную базу і высокакваліфікаваных педагогаў. З яе дырэктарам Т.В. Іванюценка размова вялася аб тым, што змянілася ў гэтым навучальным годзе ў сувязі з прытокам вучняў былой Партызанскай школы.

– Што датычыць класа-камплектаў, то іх колькасць у параўнанні з мінулым годам зменшылася з 13 да 12, – зазначае Таццяна Віктараўна. – Гэта звязана з тым, што ў папярэднім навучальным годзе была паралель 9 і 9 штрых класа. Многія выпускнікі базавай школы паступілі на вучобу, таму няма паралеляў для 10 і 11 класаў, толькі ёсць 8 “А” і 8 “Б” класы, дзе навучаецца адпаведна 13 і 12 вучняў згодна з санітарнымі нормамі. На навучанне да нас перайшлі 24 вучні, якія пражываюць у вёсках Партызанская, Хвойная Паляна і Осаў. 36 дзяцей з вёскі Дубровіца працягваюць навучанне ў гарадской СШ № 2. У кожны клас, пачынаючы першым і заканчваючы выпускным, дабавілася па аднаму-два вучні, па чатыры – ў 8 і 10 класы, 3 – у 11-ты. Такім чынам, з камплектаваннем класаў ніякіх праблем не ўзнікала. Уведзена стаўка псіхолага, на пасаду гэту прызначана малады спецыяліст, выпускніца Мазырскага дзяржаўнага педуніверсітэта імя І.П. Шамякіна В.В. Нагорная.

Дарэчы, сёлета ў якасці педагогаў пачалі ў Велікаборскай школе  працоўнае жыццё чатыры маладыя спецыялісты. Пасля заканчэння Лоеўскага педагагічнага каледжа настаўніцай пачатковых класаў з’яўляецца М.С. Курыленка, карэнная жыхарка вёскі, хайнічанін Э.І. Радчанка выкладае фізічную культуру, а жыхарка вёскі Осаў А.С. Фомчанка – гісторыю і спецкурс “Чалавек. Грамадства. Дзяржава”. Перайшлі на працу з Партызанскай школы настаўнікі: У.М. Штыхноў, выкладчык фізікі і матэматыкі, Л.С. Лаўрэнка, настаўніца нямецкай мовы і М. С. Скакун, выхавальніца групы падоўжанага дня.

Педагагічным калектывам  многае зроблена ў справе падрыхтоўкі да новага навучальнага года. Праведзены капрамонт спартыўнай залы, даху школы і дзіцячага сада, на якіх асвоена 440 млн. руб. бюджэтных сродкаў. Акрамя таго, 40 млн. руб. затрачана на бягучы рамонт. Сродкі ў колькасці 2000 еўра па гуманітарнай лініі школе прадаставіла італьянская дабрачынная арганізацыя з г.Анконы, якой кіруе Стэфана Піацыні.

Школа працуе ў адну змену, для вучняў арганізавана бясплатнае гарачае харчаванне: трохразовае для тых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія наведваюць групу падоўжанага дня і двухразовае – для астатніх вучняў. Смачныя і каларыйныя стравы для іх гатуюць повары А.А. Дземідзенка, В.М. Фурс і М.П. Дземідзенка.

У навучальна -педагагічным комплексе створаны ўсе ўмовы для выяўлення тэхнічных і мастацкіх здольнасцей вучняў. Яны навучаюцца ў гуртках ад ЦТДіЮ нітачнаму дызайну, бісерапляценню, вязанню. Працуюць гурткі па розных відах спорту, а таксама гурткі “Умелыя рукі”, “Юны выратавальнік”, “Юны інспектар ДАІ”. Гуртковай работай ахоплена 80 працэнтаў вучняў. Падрыхтоўка дзяцей да вучобы ў першым класе ажыццяўляецца на базе дзетсада, з імі працуе Л.І. Сачанка.

– Па-сапраўднаму добрая школа ў першую чаргу вызначаецца высокімі вынікамі навучання і выхавання, – падкрэслівае Т.В. Іванюценка. – Таму падначалены мне калектыў сваёй галоўнай задачай лічыць забеспячэнне высокай якасці адукацыі. Да гэтай мэты імкнёмся пастаянна і, думаю, былыя вучні Партызанскай СШ у новай школе змогуць самарэалізавацца як у вучобе, так і ў грамадскім жыцці.


Клаўдзія БОСАК.

На здымку: выхавальніца дзіцячага сада Іна Міхайлаўна Іванюценка з рабятамі сваёй групы.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *