Дзяцей-сірот пры жывых бацьках не павінна быць


Усімі дзяржаўнымі органамі, якія адказваюць за выкананне Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неспрыяльных сем’ях”, праводзіцца вялікая работа па выяўленню праблемных сем’яў, аказанню ім усебаковай дапамогі. А калі справа ўсё ж даходзіць да адабрання дзяцей – па спагнанню з такіх бацькоў сродкаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей. Пры гэтым на фоне Гомельскай вобласці сітуацыя ў нашым раёне выглядае нядрэнна – з пачатку бягучага года аддзелу адукацыі райвыканкома і ДПТВ-183 вернута амаль 50% такіх сродкаў.

Трэба адзначыць, што на цяперашні час больш-менш наладжана і работа з абавязанымі асобамі – былымі бацькамі, якія павінны разлічвацца з дзяржавай за ўтрыманне сваіх дзяцей. Даўно пайшлі ў мінулае тыя часы, калі гэтыя асобы маглі месяцамі не працаваць. Калі раней пасля той ці іншай пракурорскай праверкі ў адносінах да такіх асоб узбуджалася адразу па 8-9 крымінальных спраў, то ў гэтым годзе пасля праверак, праведзеных пракуратурай раёна, іх было ўзбуджана толькі 3. У прыватнасці, вывучэнне ўлікова-прафілактычных спраў, якія вядуцца на абавязаных асоб раённым аддзелам унутраных спраў, паказала, што ад пакрыцця выдаткаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, ухіляліся работнікі ААТ “Хойніцкі Аграсервіс” М.А. Даўгашыя, КСУП “Велікаборскі” А.В. Барысенка, ПДРЭЗ І.В. Цярэшчанка. У адносінах пералічаных грамадзян пракуратурай раёна былі ўзбуджаны крымінальныя справы па прыкметах учынення імі злачынстваў, прадугледжаных артыкулам 174 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Акрамя таго, праверкі, праведзеныя пракуратурай у лютым і ліпені 2009 года, паказалі, што, хаця ўжо і не так часта, як раней, але бываюць выпадкі, калі абавязаныя асобы па некалькі дзён запар не выходзяць на работу, не зважаючы на тое, што Дэкрэт       № 18 патрабуе рэагаваць на кожны выпадак прагулу, прычым як з боку наймальніка, так і ўчастковых інспектараў міліцыі. Тым не менш, напрыклад, былая работніца КСУП “Велікаборскі” Т.В. Пелагеіна ў красавіку адпрацавала толькі 4 дні, у маі – 1, а ў чэрвені на работу ўвогуле не выходзіла. Работніцы гэтага сельскагаспадарчага прадпрыемства – К.В. Праходская ў маі не выходзіла на работу 10 дзён, у чэрвені – 15; Л.П. Нікіценка ў чэрвені дапусціла 6 прагулаў, а В.М. Рашотка ў жніўні на работу ўвогуле не выходзіла.

У некаторых улікова-прафілактычных справах на абавязаных асоб, якія вядуцца ўчастковымі інспектарамі РАУС, адсутнічалі табелі ўліку рабочага часу, што не дазваляла з дакладнасцю кантраляваць выхад паднаглядных на работу.

У сувязі з падобнымі парушэннямі пракуратурай раёна на працягу бягучага года двойчы ўносіліся прадстаўленні на імя начальніка РАУС, яшчэ адно прадстаўленне было ўнесена на імя старшыні райвыканкома. Па выніках разгляду прадстаўленняў да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты дырэктары агракамбіната “Віць”, эксбазы “Стралічава”, КСУП “Велікаборскі”, “Аравічы”, “Судкова”, імя Мележа, пазбаўлены прэмій шэраг участковых інспектараў РАУС.






Канешне, забеспячэнне выканання Дэкрэта № 18 ад усіх зацікаўленых дзяржаўных органаў патрабуе шмат намаганняў, і далёка не заўсёды знаходзяцца рэальныя сродкі для таго, каб усе, бясспрэчна, карысныя задумкі Дэкрэта ажыццявіліся на практыцы. Але трэба спадзявацца, што няхай нават і не адразу, а з цягам часу такая ганебная з’ява як дзеці-сіроты пры жывых бацьках цалкам знікне з нашага грамадства.






Яшчэ адной праблемай, што існавала на пачатку года, было несвоечасовае пералічэнне асобнымі прадпрыемствамі сродкаў, якія ўтрымліваліся з заработнай платы абавязаных асоб на разліковы рахунак аддзела адукацыі райвыканкома. Такая сітуацыя прыводзіла да таго, што нягледзячы нават на сумленную працу абавязаных бацькоў, рэальна выдаткі, затрачаныя дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, не вярталіся. Падобныя парушэнні, якія дапускаліся ў ААТ “Хойніцкі Аграсервіс”, КСУП “Велікаборскі”, таксама пацягнулі за сабой прыняцце мер пракурорскага рэагавання – да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута дзве службовыя асобы.


А. ГАЎРЫКАЎ,
намеснік пракурора Хойніцкага раёна, малодшы саветнік юстыцыі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *