Рэквіем вёсцы Ізбынь


Прыйшоў на Радаўніцу з могілак, змарыла нешта і задрамаў на канапе. І чую голас даўно памёршага суседа Апанаса:

– Шурка, мо ў цябе е? Мая Серафіма ўсё асушыла…

Абрадаваны, я кажу:

– Вазьмі во траячку да бяжы да Юлі Домнінай.

Апанас, сусед мой,  з кучай нячэсаных валасоў на галаве, карчакаваты, гарбаносы, лепш за родзіча: і дроў прывязе, і сена карове дапаможа накасіць.

У чаканні Апанаса маю ўвагу прыцягнуў вялікі плакат, на якім чырвонымі літарамі напісана: “Заўтра ў клубе будзе лэкцыя. О културе нашей жызні. Дырэктар клуба Бандолік”. Усміхнуўся я ды і прачнуўся, не дачакаўшыся Апанаса. Цёплая хваля ўспамінаў падхапіла і панесла ў незваротны час да маіх землякоў, што засталіся на малой радзіме. Я жыў у вялікіх гарадах, дзе сталеў, вучыўся, кахаў, але ў снах і сёння мая вёска, яе людзі.


НАШЫ АФІЦЭРЫ


Вёска Ізбынь не дала свету ні генерала, ні вучонага, ні палітыка, ніводнага міліцыянера і ніводнага паліцая. Задзірыстыя, у саміх сябе ўлюблёныя, з высока паднятымі галовамі – “пеўні”, як нас называлі ў суседняй вёсцы велікаборцы (мы іх называлі “індзюкі”) ніколі не судзіліся адзін з другім, не даносілі. Не таму, што задужа разумныя, проста па прыродзе сваёй не ўмелі гэтага рабіць. Злачыннасці ў Ізбыне не было. Хіба гэта злачыннасць, калі сусед суседа агрэў па спіне друкам, а назаўтра той яго.

Узяць, да прыкладу, Колю-капітана, які вяртаецца з клуба з такой дубінай і … песняй. Званне капітана ён сабе прысвоіў сам, калі вярнуўся з тэрміновай службы, а на самай справе тры гады хадзіў радавым салдатам. Быў фізічна моцным, здаровым, вясёлым. А памёр Коля-капітан у сваім палісадніку пад акном на клумбе з кветкамі ў пяцідзесяцігадовым узросце.

Быў яшчэ афіцэр царскай арміі Балашчанка (з дынастыі Лешчанкоў). Вельмі прадпрымальны чалавек. За два кіламетры ад Ізбыня адваяваў у балота пару гектараў, дзе вёў паказальную гаспадарку. Сад пасадзіў. У час калектывізацыі Балашчанку аб’явілі кулаком і этапіравалі ў Сібір, дзе ён і памёр. А сад шмат год радаваў вясковых дзяцей сваімі дарамі.

Прапаршчыкам царскай арміі быў Пётр Янкоўскі. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ён узначаліў мясцовы калгас “Шлях да камунізма”. Рэдка хто называў яго імя і імя па бацьку: прапаршчык – і ўсе ведаюць. Дзелавы быў чалавек Пятро. У канцы 40-х гадоў купіў недзе стары лакамабіль і ў пачатку пяцідзесятых у вёсцы гарэлі лямпачкі Ільіча. Паважалі людзі Янкоўскага не толькі за дзелавыя якасці. У пачатку вайны ўтварылася ў вёсцы група камсамольцаў-падпольшчыкаў на чале якой стаялі сын і дачка Пеці Прапаршчыка. Высачылі немцы ўсю групу з 17 чалавек і расстралялі пад векавым дубам за вёскай. Гэты волат-дуб стаіць і зараз. Шрамы ад куль доўга не зарасталі на ім.

Да старой гвардыі ваенных трэба аднесці і Івана Іванюшку, маёра інтэндантных войск, які прайшоў усю вайну, а пасля ўзначаліў Хойніцкі райспажыўсаюз.

Дастойна прадстаўлялі афіцэрскі корпус Аляксандр  Мікалаевіч Лешчанок, падпалкоўнік у адстаўцы, які жыве ў Гомелі; Андрэй Міхайлавіч Процка, таксама падпалкоўнік, жыве ў Мазыры; Уладзімір Паўлавіч Казмярчук, які быў лётчыкам дальняй авіяцыі, а, выйшаўшы ў адстаўку, жыў у Пскове.

Хацелі вучыцца, вучыцца, вучыцца…

Нас не патрэбна было пад прымусам весці ў школу. Пачатковую адукацыю атрымлівалі, перацягваючы парты з хаты ў хату, бо школы не было. А каб закончыць сямігодку, хадзілі пешшу за сем кіламетраў у вёску Аўрамаўскую.


(Працяг будзе.)



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *