З раёнкай — па жыцці


Валянціна Міхайлаўна Гардзейчык чатыры гады назад размяняла дзевяты дзесятак гадоў свайго жыцця. Сакрэт даўгалецця тлумачыць яна проста: трэба больш рухацца, працаваць, любіць людзей, не зайздросціць нікому ні белай, ні чорнай зайздрасцю.

З раённай газетай Валянціна Міхайлаўна сябруе больш за шэсць дзесяткаў гадоў, пачала яе выпісваць, стаўшы на працоўную сцяжынку. І калі выйшла на заслужаны адпачынак, не змяніла сваіх прыхільнасцей.

– Чытаю ў “Хойніцкіх навінах” усё, як кажуць, “ад коркі да коркі”, – зазначае наша падпісчыца. – У час працы вельмі цікавілася матэрыяламі на вытворчыя тэмы, бо многа гадоў з’яўлялася бухгалтарам. Цяпер жа больш цікаўлюся навінамі, тым больш што на старонках раённай газеты своеасаблівы кангламерат іх: з матэрыялаў яе можна даведацца аб тым, што адбылося не толькі на Хойнікшчыне, але і ў нашай вобласці, краіне.

Дварочак як званочак, так можна сказаць пра невялічкі прысядзібны ўчастак, які знаходзіцца ля дома В.М. Гардзейчык на вуліцы Чырвонаармейскай нашага горада. На ім штогод гаспадыня збірае добры ўраджай бульбы і агародніны. Сёлета, напрыклад, добра ўрадзілі памідоры, агуркі, гарбузы. Усё вырашчанае Валянціна Міхайлаўна давяла да ладу.

Есць у яе яшчэ адно захапленне – з ранняй вясны да позняй восені буяе падворак рознаквеццем. Гэтай прыгажосцю шчодра дзеліцца Валянціна Міхайлаўна з роднымі, знаёмымі і нават не знаёмымі людзьмі. Букеты, любоўна складзеныя яе рукамі, упрыгожылі не адну школьную лінейку, не адну сямейную ўрачыстасць.

Шчасця і здароўя Вам, паважаная Валянціна Міхайлаўна! Заставайцеся верным сябрам раённай газеты яшчэ на доўгія гады.


Клаўдзія МІКАЛАЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *