Суботнік для роднай Хойнікшчыны


Раённы суботнік, які адбыўся 12 верасня, прымеркаваны да правядзення ў нашым горадзе абласных Дажынак-2009 і праводзіўся ў мэтах паляпшэння экалагічнай абстаноўкі, санітарнага стану гарадскіх і сельскіх тэрыторый раёна. Па колькасці ўдзельнікаў і суме пералічаных у добраахвотным парадку грашовых сродкаў раённы суботнік можна смела параўнаць з рэспубліканскім, які праводзіўся 11 красавіка сёлета. У суботніку прынялі ўдзел 6110 жыхароў горада і раёна. Па папярэдніх падліках, на пазабюджэтны рахунак райвыканкома будзе пералічана больш за 40 мільёнаў рублёў. Усе грашовыя сродкі, заробленыя на суботніку, накіроўваюцца на добраўпарадкаванне горада Хойнікі і раёна.

Рабочай групай райвыканкома па падрыхтоўцы і правядзенню суботніка згодна з распараджэннем райвыканкома № 257 ад 4 верасня 2009 года вызначаны фронт работ у рамках гэтага дня для кожнага працоўнага калектыву. Асноўная ўвага – на добраўпарадкаванне замацаваных і тэрыторый, прылягаючых да прадпрыемстваў і арганізацый, а таксама аб’ектаў жыццядзейнасці. Кіпела праца на добраўпарадкаванні тэрыторыі помніка загінуўшым воінам-афганцам, у гарадскім парку культуры і адпачынку, на дзіцячай пляцоўцы ў мікрараёне “Юбілейны”. Многае зроблена па ўстаноўцы агароджаў па вуліцы Савецкай і Сялянскай горада, у населеным пункце Малішаў, замене разбітых секцый дэкаратыўнай жалезабетоннай агароджы па вуліцах Рэвалюцыйнай, Савецкай, Калгаснай, Вакзальнай. Добраўпарадкаваны фасады і тэрыторыі гандлёвых аб’ектаў.

У кожнага хайнічаніна была магчымасць папрацаваць на дабрабыт раёна. Для правядзення афарбоўкі агароджаў з бюджэту раёна для КЖУП “Хойніцкі камунальнік” выдзелена 10 мільёнаў рублёў. Добра папрацавалі на выкананні гэтай работы па вуліцы Калгаснай горада калектывы раённага выканаўчага камітэта і бюджэтных арганізацый. Асабліва хачу адзначыць калектыў Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, які якасна выканаў работы па ўстаноўцы агароджаў па вуліцы Сялянскай. Па навядзенню парадку на тэрыторыі помніка загінуўшым воінам-афганцам добра праявілі сябе калектывы другой і трэцяй гарадскіх сярэдніх школ. Тэхніку для работы на гэтым аб’екце прадаставіла ААТ “Хойнікірамбуд”. Таксама працавалі тут на рабочых месцах калектывы Хойніцкай ПМК і ДЭУ-155.

Увогуле, людзі з разуменнем аднесліся да выканання пастаўленых на дзень суботніка задач. У гэтай сувязі хачу выказаць словы падзякі калектывам прадпрыемства меліярацыйных сетак, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, камбікормавага завода, КЖУП “Хойніцкі камунальнік”, торфабрыкетнага завода “Хойніцкі”,ТДА “Пірамсервіс” за плённую працу па добраўпарадкаванню горада.

 Прыгажосць і добраўпарадкаванасць павінны стаць візітнай карткай нашага горада. Таму мясцовыя ўлады заклікалі ў дзень суботніка ўбраць свой двор, прывесці ў парадак пад’езд, вымыць вокны і дзверы. Клопат аб чысціні роднага горада стане самым пераканаўчым доказам любві да яго.

Галоўнае ж, што застанецца ў памяці пасля суботніка – гэта цеплыня зносін. Бо рабілі ўсе адну важную справу – прыводзілі ў парадак родны горад і сельскія населеныя пункты.


А. БАЙКОЎ,
намеснік старшыні райвыканкома, кіраўнік рабочай групы па правядзенню раённага суботніка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *