Рэйды паказалі


У рамках Дэкрэта №18  Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неспрыяльных сем’ях” у нашым раёне па чацвяргах праводзяцца акцыі “Сям’я без насілля”. Удзел у рэйдах прымаюць медыкі, сацыяльныя педагогі, супрацоўнікі райаддзела ўнутраных спраў – усе, хто мае дачыненне да дзіцячай неспрыяльнасці.

Аб выніках апошняга рэйду расказвае намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх пры райвыканкоме А.С. СОДАЛЬ.

– Як правіла, церпяць дзеці ад дружбы сваіх бацькоў з “зялёным зміем”. І прыкладаў гэтаму, на вялікі жаль, больш чым дастаткова. Так, на выхаванні паляводкі КСУП “Агракамбінат “Віць”, двое дзяцей: дачка вучыцца ў першай гарадской школе, сын дашкольнага ўзросту. Сям’я прызнана сацыяльна небяспечнай з-за празмернага захаплення маці алкаголем. Вось і ў час прыбыцця рэйдавай брыгады яна знаходзілася ў п’яным стане. Дзеці адразу забраны і змешчаны ў цэнтральную раённую бальніцу. Напомню, што гэта было ў чацвер, а ўжо ў панядзелак жанчына прынесла мне даведку аб тым, што прайшла кадзіраванне ад п’янства.

Тут папроку заслугоўвае калектыў школы, бо добра вядома было, што сям’я гэта прызнана сацыяльна небяспечнай, але не прадпрынята ніякіх мер па кантролю за ёй. У гэтым сэнсе са станоўчага боку трэба адзначыць калектыў другой гарадской сярэдняй школы, педагогі якой пад пільную ўвагу ўзялі сям’ю, у якой выхоўваецца чацвёра непаўналетніх  дзяцей. Маці, якая лячылася ад алкагалізму, нідзе не працавала. Школа аказала садзейнічанне ў працаўладкаванні і цяпер жанчына з’яўляецца кухоннай рабочай у камбінаце грамадскага харчавання.

Нестандартная сітуацыя склалася ў сям’і хайнічан. Тут муж працуе, зрабіў рамонт у доме, добраўпарадкаваў падворак, па сутнасці, адзін займаецца выхаваннем  двух непаўналетніх дзяцей, бо маці з чаркай не разлучаецца. Тым не менш, яна падала заяву ў суд на скасаванне шлюбу. Мяркуе, што пры разводзе дзеці застануцца з ёю, а кантроль з боку мужа знікне.

Для сям’і з Вялікага Бору спіртаўтрымліваючая вадкасць стала сэнсам жыцця, а не адзіны сын, 1998 года нараджэння. Хлопчык быў не дагледжаны, вымушаны бадзяжнічаць. Дзіця забралі ў прытулак на вачах у бацькоў, а яны нават не здрыгануліся. Аб якім выпраўленні бацькоў у такім разе можна гаварыць?

Па заяве яшчэ адной сям’і змешчаны на часовае ўтрыманне ў сацыяльны прытулак двое дзяцей – дзяўчынка-вучаніца СШ № 2 і хлопчык садавага ўзросту. Бацька працуе ў будаўнічай брыгадзе райпо. Маці, якая раней пражывала ў Брагінскім раёне, не мае грамадзянскіх дакументаў (пашпарта). Сям’і выдзелена жыллё. І калі пытанні бытавыя вырашацца, яны дзяцей забяруць з прытулка.

Хачу адзначыць, што па стану на 1 верасня ў нашым раёне  налічваецца 54 сям’і, чые 110 дзяцей прызнаны знаходзячыміся ў сацыяльна небяспечным стане. 17 сем’яў  маюць статус неспрыяльных па прычыне п’янства бацькоў, непрацуючых – 5 такіх сем’яў.


Клаўдзія Босак.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *