Каханне без штампа?


Навошта патрэбен шлюб? Для адных пытанне гучыць рытарычна: для таго, каб жыць доўга і шчасліва, канешне. Практыка паказвае зваротнае, адкажуць другія, умудроныя жыццёвым вопытам. Забудзем аб фармальнасцях і будзем проста кахаць, прапануюць трэція. Усё залежыць ад вас саміх, дадасць псіхолаг. Давайце разбяромся, скажа юрыст.

Аб грамадзянскіх шлюбах і магчымых іх выніках разважае начальнік аддзела ЗАГС райвыканкома А.М. ДЗЕМІДЗЕНКА.

– Раней грамадзянскім шлюбам называлі якраз адносіны, зарэгістраваныя дзяржавай, але не асвечаныя царквой. Так ці інакш, такі саюз – таксама шлюб, які, у адрозненне ад шлюбу афіцыйнага, лёгка разарваць без судовых разбірацельстваў.

Адстойваючы сваё права на свабоду адносін, некаторыя сямейныя пары нярэдка забываюць пра мінусы. Да прыкладу, сваю маёмасць у судзе ў выпадку разрыву наўрад ці ўдасца адстаяць. Уласна, маёмасныя адносіны – самае балючае месца грамадзянскага шлюбу. Добра, калі абодва яго ўдзельнікі маюць уласныя крыніцы даходу, вядуць раздзельную гаспадарку. А што рабіць пры разводзе, калі працаваў толькі адзін? А што калі запісаная на аднаго з грамадзянскіх мужа або жонкі кватэра набыта за грошы другога? Акрамя таго, “грамадзянскія” ўдава або ўдавец бездапаможныя перад законнымі спадчыннікамі. Даказваць свае правы на маёмасць ім даводзіцца ў судзе, прычым, з вялікімі судовымі выдаткамі і з вельмі малымі шанцамі на “перамогу”.

Найбольш абачлівыя грамадзяне, тыя, хто першапачаткова прызнае толькі грамадзянскі шлюб, як саюз зараней абаронены ад маёмасных памкненняў, пры кожнай буйной пакупцы заключаюць дагавор куплі-продажу, які фіксіруе долю бакоў у набыцці рэчаў. Многім дапамагаюць дэкларацыі, прадастаўленне якіх абавязковае пры набыцці вельмі каштоўных рэчаў.

А вось у сферы немаёмасных адносін… Калі разводзяцца законныя муж і жонка, то суд можа абавязаць аднаго з іх плаціць аліменты другому. Напрыклад, калі пакінутая жонка становіцца непрацаздольнай на працягу аднаго года пасля разводу, то суд можа абавязаць былога мужа плаціць ёй аліменты. Пасля афіцыйнага разводу на аліменты можа падаць і жонка, якая даглядае дзіця маладзей за 3 гады. Нарэшце, не будзе праблем з аліментамі на сумесных дзяцей. У той час, як у грамадзянскай жонкі або сужыцельніцы з доказам бацькоўства могуць узнікнуць праблемы. Іншымі словамі, жанчыны, што згадзіліся на “вольны” саюз, таму што статус адзінокай маці прадугледжвае матэрыяльную дапамогу дзяржавы, аказваюцца неабароненымі, калі сваёй свабодай скарыстаецца мужчына.


І яшчэ адзін бок гэтай праблемы. У грамадстве прагрэсіруе тэндэнцыя на стварэнне фактычных шлюбных адносін, якія афіцыйна не рэгіструюцца. Не сакрэт, што дзяржаўная дапамога на выхаванне дзіцяці да 3 гадоў у маці-адзіночкі значна вышэйшая чым у той, якая знаходзіцца ў шлюбе. Але жыццё непрадказальнае, і можа здарыцца так, што мужчына памірае, або пакідае гэтую сям’ю і таму жанчыне давядзецца праз суд даказваць роднасць. У апошні час у шырокіх маштабах у аддзеле ЗАГС ажыццяўляецца працэдура ўстанаўлення бацькоўства. Калі ў 2004 годзе ў 23 дзяцей афіцыйна з’явіўся бацька, то ў 2008 – 88 дзяцей набыло бацьку. За 8 месяцаў 2009 года ўстаноўлены 43 бацькоўствы, 6 – па рашэнню суда, з гэтых сем’яў памёрла 4 бацькі.

Да слова, царква неадабральна адносіцца да грамадзянскіх шлюбаў, таму вянчанне без афіцыйнай рэгістрацыі шлюбу магчыма толькі ў выключных выпадках. І, як правіла, калі паход у ЗАГС адкладваецца, але не адмяняецца.


Клаўдзія Босак.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *