Прайшліся сцежкамі Мележа

Общество

«…Грушы то маўчаць, то шалясцяць, шэпчуць між сабою, як даверлівыя сяброўкі, шэпчуць, вядома, аб шчасці згоды, аб цеплыні рук дзявочых, аб гарачых юнацкіх поцісках…

– Ты мяне любішь, Васіль?

– А як жа…

– І я…

– Рукі якія ў цябе.

– Якія?

– Малыя, а дужыя.

– Шурпатыя як граблі»…

Мяркую, што ўсе, хто чытаў «Людзі на балоце», памятаюць гэты момант са спаткання Ганны і Васіля. І матэрыял мы пачалі менавіта з радкоў рамана (аўтарскае напісанне тэксту мы не змянялі), бо ён застаецца назаўжды ў нашых сэрцах.

А вы задаваліся калі-небудзь пытаннем: а колькі ж у нашым хойніцкім кутку гістарычных месцаў, звязаных з жыццём і творчасцю Івана Мележа? Дык вось. Работнікі бібліятэкі, Цэнтра культуры і раённага краязнаўчага музею правялі літаратурны маршрут «Па мележаўскім сцежкам». У невялічкім падарожжы прынялі ўдзел ліцэісты. Якім, забягу наперад, вельмі падабалася. Пачнём.

Нават дождж не сапсаваў нам настрой. Мы з задавальненнем едзем, каб больш даведацца пра земляка. На галоўнай плошчы ў Глінішчах у цені дрэў стаіць акуратны драўляны домік. Перад ім – помнік класіку. Гэта Дом-музей Івана Мележа.

«Мележ прылятаў у Глінішча апошні раз 17 мая 1976 года. На верталёце з Машэравым. Галоўныя героі яго жылі ў Куранях, прататыпам якой стала вёска Каранёўка з яе каларытнымі жыхарамі-палешукамі. Характары «людзей на балоце» спісаў са сваіх суседзяў і родных. Іван Паўлавіч з пяці гадоў бегаў да дзеда ў Каранёўку і там жыў», – расказвае малодшы навуковы супрацоўнік Любоў Рубан.

Напэўна, кожнаму, хто бярэ ў рукі «Палескую хроніку» і ўчытваецца ў мележаўскія радкі, глыбока западае ў душу прыпяцкая вёсачка Курані, груша, дзе сустракаліся закаханыя. Там нам і паказалі мясцовыя артысты мініяцюру ў вобразах Ганны і Васіля.

Улетку незамужнія жанчыны абрываюць плады з грушы, а зімой адломваюць галінкі. Кажуць, калі іх захоўваць, то хутка сустрэнеш сваё каханне.

Потым мы адпраўляемся на вуліцу, дзе нам паказваюць дом, які дапамагаў будаваць сваім бацькам Іван Мележ. Дарэчы, таблічка яшчэ захавалася. А там даўно жыве новая сям’я.

Апошнія лакацыі – школа ў Слабажанцы і помнік героям «Людзі на балоце» у Хойніках. Хадзіў пісьменнік ў першую гарадскую школу. Аднак з цягам часу яна была «перавезена» ў Слабажанку. Фота на памяць з усімі ўдзельнікамі маршрута мы зрабілі каля помніка. Атрымалася неверагоднае падарожжа. 

Вікторыя МАРОЗ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *