Вячоркі на прызбе арганізавалі: спявалі, танцавалі, жартавалі

Культура

Пра тое як некалі жылі, працавалі і адпачывалі нашы продкі сучаснае пакаленне ведае няшмат.

Каб аднавіць беларускія традыцыі, нагадаць пра самабытнасць нацыянальнай культуры ў Цэнтры культуры г. Хойнікі ўдзельнікі народнага аматарскага аб’яднання «Спадчына» арганізавалі і правялі «Вячоркі на прызбе».

Першае, што кінулася ў вочы, – прыгожа прыбраная ў стылі сялянскай хаты зала. Абрусы, посцілкі, ручнікі, вытканыя нашымі бабулямі. Падумала: «Пэўна, будзе штосьці цікавае…».

Мяне прывітала мастацкі кіраўнік «Спадчыны» Лілія Краўчанка, якая распавяла аб тым, як калісьці ладзілі вячоркі ў Хойніках, ды заўважыла, што лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. І тут распачалося…

І аўтэнтычныя песні с прыпеўкамі спявалі, і ў танцы віхурылі, і жартавалі, і загадкі адгадвалі, а крыху стаміўшыся, у народныя гульні сыгралі. Паверце, артысты раскрылі ўсё багацце і каларыт беларускага фальклору. Нагадалі, адкуль нашы карані, а таксама прымусілі задумацца, што з’яўляецца сапраўднай каштоўнасцю жыцця. Жыць у згодзе і радасці, вучыцца ў нашых продкаў мудрасці, помніць іх запаветы, бо без памяці няма сумлення. Мы маем багатую спадчыну, якую неабходна вывучаць і перадаваць будучым пакаленням.

І ведаеце, здавалася, што на вячоркі прыйшлі не ўзроставыя кабеты, а маладыя жанчыны, на душэўным календары якіх адзначалася не больш за 20-30 год.

Звонкія галасы, смех, усплеск пазітыўных эмоцый, гарэзлівыя агеньчыкі ў вачах, вясёлы настрой, – свята атрымалася цудоўным, яркім. Шкада, што вячоркі праляцелі як адно імгненне.

Алена СМУСЯНОК. Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *