Шчаслівыя дзецьмі


Калі спыняецца школьны аўтобус у вёсцы Рудакоў, то з яго выходзяць чацвёра дзяцей Н.А. Радчанка. “Гэта ўсе вашы?” – азадачана пытаюць маму Надзежду і тату Уладзіміра.

– Ды не, усіх дзяцей шасцёра, – усміхаюцца тыя ў адказ. – Старэйшая наша дачка вучыцца ў Гомельскім мастацкім каледжы, а самая малодшая дома.

Так, мнагадзетная сям’я ў наш час з’ява рэдкая, калі не сказаць – адзінкавая. А калі мнагадзетнасць перадаецца з пакалення ў пакаленне – і зусім унікальная. Як у гэтай сям’і: Надзежда Анатольеўна  апошняе пятае дзіця ў сям’і сваіх бацькоў Анатолія Цімафеевіча і Марыі Міхайлаўны, столькі ж дзяцей было і ў іх бацькоў. Такая ж родавая дэмаграфія і ў сям’і яе мужа Уладзіміра Васільевіча Новіка.

Надзежда Анатольеўна нарадзілася і вырасла ў гэтай вёсцы, пасля школы закончыла курсы сакратароў-машыністак і некаторы час працавала ў канторы эксбазы “Стралічава”, цяпер яна  вартаўнік мясцовай фермы, брыгадзірам якой з’яўляецца Уладзімір Васільевіч.

Ад першага шлюбу нарадзіліся дзве дачкі: Сняжана, якая цяпер вучыцца ў Гомельскім мастацкім каледжы, і Крысціна. Але сямейнае жыццё не заладзілася. З двума дзецьмі на руках яе пазваў замуж ураджэнец вёскі Дуброўнае Брагінскага раёна У.В. Новік, з якім пражывала па суседству. У 1998 годзе ў іх нарадзіўся сын Кірыл, у наступным – Герман. У 2001 годзе радаваліся нараджэнню дачушкі Даніэлы, а праз два гады – самай малодшанькай Зарыны.

Гавораць, колькі людзей, столькі характараў. Але ва ўсіх сваіх дзецях Надзежда Анатольеўна адзначае адну галоўную рысу – працавітасць. Яны – увішныя памочнікі бацькоў па дамашняй гаспадарцы. А яна тут вялікая – сям’я трымае кароў, свіней, курэй, качак, трусаў. Ды яшчэ вялікі прысядзібны ўчастак.

– Папрацаваць многа трэба, але ж, лічыце, асноўнымі прадуктамі харчавання забяспечаны, – гаворыць Надзежда Анатольеўна. – Розных саленняў і варэнняў у пограб штогод многа стаўлю. Круціцца патрэбна, бо сямейны бюджэт не дазваляе шыкаваць. Я атрымліваю штомесяц 360 тысяч рублёў дзіцячай дапамогі і 250-280 – зарплата, муж зарабляе ад 400 да 500 тысяч рублёў у месяц.  Дапамагае дзяржава, якая прадастаўляе адрасную дапамогу. Аднак матэрыяльныя цяжкасці даюць цярплівасць, так неабходную мнагадзетнай маме.

Лад і згода пануюць у гэтай сям’і. Дзеці ніколі не бачылі, каб бацькі сварыліся. Як адзначае Надзежда Анатольеўна, з мужам пры нагодзе высвятляе адносіны з дапамогай позірку. І гэтага хапае, каб прадухіліць сварку. Строгага погляду маці дастаткова, каб утаймаваць і разбушаваўшуюся дзетвару.

– Я адчуваю сябе вельмі шчаслівай, – гаворыць Надзежда Анатольеўна. – Спадзяюся, што выхаваем сваіх дзяцей добрымі, сумленнымі і любячымі працу людзьмі.

Есць у гэтай сям’і мара – атрымаць дом у нашым райцэнтры. Гэтую мару агучыла яе маці Марыя  Міхайлаўна. Яна сказала, што дзецям, канешне ж, будзе лепш там расці і выхоўвацца. Хаця мясцовай уладай створаны неабходныя ўмовы для падтрымання жыццядзейнасці гэтага населенага пункта, аднак, як ні сумна, вёска Рудакоў адмірае…


Клаўдзія Босак.
На здымку: Н.А. Радчанка з дочкамі Крысцінай і Зарынай.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *