Збяднела Высокае пасля чарнобыльскай бяды

Вёсачка мая

9Нарэшце вясна ашчаслівіла зямлю цёплым сонейкам і вабнаю зелянінай. Усё вакол квітнее, салодка пахне… Прачынаецца прырода, а разам з ёй – і вясковае жыццё. Гаспадары завіхаюцца на гародах, дзеці «ганяюць» па вуліцах, дамашняя жывёла гуляе на лужках, што апрануліся сакавітай травіцай.
Раней, з надыходам вясны, абуджалася і прыгожая вёсачка Высокае, а цяпер яна санлівая. Вакол цішыня.

8

Ступаеш вуліцаю – нідзе нікога. Засталося тут 9 хат і 26 жыхароў. А калісьці было 120 двароў! Збяднела Высокае пасля чарнобыльскай бяды – абязлюднела. Адзін дзень… змяніў лёс вёскі.
У добрыя ж часы ў гэтым населеным пункце працавалі магазін, клуб, ферма, млын, пачатковая школа, сортавыпрабавальны ўчастак. Людзі жылі працавітыя, шчырыя: Ходасы, Калыханы, Скіданы, Дыгуны, Горбачы, Ганчарэнкі, Алейнікі і інш.

4
Па ўспамінах старажылаў, першапачаткова вёска называлася Залоз’е і знаходзілася крыху далей, чым зараз. Калі наступалі шведы, вяскоўцы пачалі сыходзіць ад ворага і знайшлі сабе самае высокае месца сярод балот. Абжыліся там і засталіся.

5
Сёння самая маладая сям’я ў Высокім – Грытчанка, якая выхоўвае двух дзяцей-школьнікаў. Самыя ж старэйшыя жыхары вёскі – дзве сястры Лідзія і Марыя Дыгуны (на здымку). Ім пад дзевяноста гадоў (колькі дакладна самі ўжо не памятаюць). Ідзём да іх у госці. Заўважыўшы сухенькую бабульку, што корпалася на падворку, спрабую загаварыць з ёй. Аказалася, што яна дрэнна чуе, але пакрыху наша гутарка складваецца. Лідзія Якімаўна расказала, што з сястрой нарадзіліся ў Высокім і пражылі тут усё жыццё. Працавалі ў калгасе. «Раней добрае жытко було, дзіцятка мае! Дружна жылі, шчыравалі… У нас тут прыгожыя мясціны, зямля добрая. А як святкавалі Ушэсце!», – успамінала бабуля і слёзы каціліся з яе вачэй. – А зараз дажываем. Гарод садзім, куру ды парася трымаем – вось і ўсе заняткі. На Вялікдзень фарбавалі яйкі, булкі пеклі. Радасці мала ўжо, але мы верым і спадзяёмся на лепшае».

7
Не страчваюць аптымізму і іншыя жыхары вёскі, аб гэтым красамоўна сведчаць добраўпарадкаваныя прыдамавыя тэрыторыі. Ярка пафарбаваныя хаты і агароджы радуюць вока. «Восенню дом фарбавалі. А як жа? Трэба, каб прыгожа было,» – упэўнены муж і жонка Рыгор Якаўлевіч (на здымку) і Надзежда Яўгеньеўна Дыгуны. У двары і каля дома ў іх заўсёды растуць клемацісы, ружы, лілеі, цюльпаны, хрызантэмы, астры, півоні і іншыя кветкі. Калі вакол прыгожа, дык і на сэрцы гожа, адзначаюць гаспадары хаты.

3
Рыгор і Надзежда ведаюць адзін аднаго з дзяцінства. Абодва тут нарадзіліся, раслі. Спадабалася юнаку прыгожая, працавітая дзяўчына, пачаў заляцацца да яе. Яна адказала ўзаемнасцю – у 1969 годзе згулялі вяселле. Надзежда Яўгеньеўна закончыла Чырвонабярэжскі сельгастэхнікум, была брыгадзірам у мясцовым калгасе, а апошнія гады перад выхадам на заслужаны адпачынак працавала ў бухгалтэрыі эксбазы «Стралічава». Рыгор Якаўлевіч закончыў Мазырскі педагагічны інстытут, працаваў старшым майстрам у Рудакоўскім вучылішчы, а пасля – намеснікам дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Хойніцкага ДПТВ. Муж і жонка выгадавалі ў клопаце і любові дваіх дзяцей: дачку Ганну і сына Аляксандра. Зараз у іх ужо дзве ўнучкі – Юлія і Вольга. Сям’я любіць збірацца ў Высокім: і папрацаваць разам, дапамагчы бабулі з дзядулям, і адпачыць.

2
Надзежда Яўгеньеўна і Рыгор Якаўлевіч трымаюць курэй, свіней, трусоў, разводзяць пчол, маюць два вуллі. З самой раніцы і да позняга вечара працуюць рупліва. Звыклі так – без справы не могуць. «Калі сядзець склаўшы рукі, дык ад нуды можна памерці», – усміхаючыся гаворыць Рыгор Дыгун. – «Раней жа у нас ох як весела было! Танцы ў клубе якія былі! Быў час, што вокнаў і дзярэй у будынку не было, а моладзь так танчыла, што нават пара з вакон ішла. З Рудакоўскага вучылішча курсанты хадзілі да нас у клуб. Што і казаць, хораша жылі!.. Зараз таксама ўсё добра: і аўталаўка прыязджае, і пошта на «колах» абслугоўвае. Зручна. Але ўсё ж не хапае тых шчаслівых часоў, калі вёска была вялікай, дружнай, квітнеючай…»

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *