Развязка набліжаецца

Спорт

Па 3-4 гульні правялі ў раённым першынстве па футболу яго ацалеўшыя з дня старту ўдзельнікі, і гэтыя сустрэчы ўнеслі істотныя карэктывы ў турнірнае становішча каманд. На першае месца аднаасобным лідэрам выйшла футбольная дружына “Стралічава”. У чатырох пасляантрактных гульнях каманда эксбазы атрымала роўна столькі ж перамог, “адгрузіўшы” сапернікам ажно 40 (!) мячоў. Дзеля справядлівасці адзначым, што палова гэтага галявога граду (20:0) прасыпалася на галовы бедных хлопцаў з ПМС, а яшчэ 11 прабоін (11:1) патапілі каманду РАУС.

Тры перамогі ў трох сустрэчах атрымалі і футбалісты КЖУП “Хойніцкі камунальнік”, дзякуючы якім выйшлі на чыстае другое месца. Такім жа вынікам можа пахваліцца і каманда “ПірамСервісу”, якая выйшла на трэцяе месца і па стану на 15 верасня дзяліла яго з калектывам гімназіі. Гімназісты ў другім крузе яўна прытармазілі і ў чатырох сустрэчах перамаглі толькі двойчы. Ачкі з былым лідэрам падзялілі футбалісты РАУС, а ў нечым нечаканую перамогу над гімназіяй атрымала каманда КСУП “Судкова”.

Па-ранейшаму пятае месца займае каманда торфабрыкетнага завода, на шостым – “Судкова”, на сёмым – РАУС і замыкае турнірную табліцу каманда ПМС.

Заключныя туры раённага першынства па футболу намечаны на апошнія дні верасня. Так што да развязкі недалёка і чакаць яе давядзецца нядоўга.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *