Залатыя рукі гаспадара


Напэўна, кожнага, хто пабываў у кватэры Юрыя Уладзіміравіча і Кацярыны Іванаўны Разумавых, не пакідае ўражанне наведвання сапраўднага мастацкага салона. Складваецца яно ад таго, наколькі прыгожа і незвычайна выглядаюць тут, здавалася б, самыя простыя рэчы – столік пад кветкавае кашпо, вялізнае люстэрка, тумбачка пад тэлефон, нават раздзелачныя дошкі на кухні.

Ужо адны толькі ўваходныя дзверы ў кватэру прыцягваюць позірк, бо іх афармленне ў выглядзе мудрагелістых драўляных карункаў выканана на самым высокім мастацкім узроўні. А ў кватэры кожная рэч так і свеціцца творчасцю – і вялізны драўляны набор грыбнога сямейства, і такая ж грыбная фамілія памерам паменш (менавіта яна на здымку ў руках гаспадароў), і аддзеланыя разьбой палічкі ў ваннай – усё гэта зроблена з любоўю і вялікім майстэрствам.

Гэта не перабольшванне, бо вырабы Ю.У. Разумава вельмі спадабаліся і многае пабачыўшаму на сваім вяку амерыканцу, які нядаўна пабываў у Хойніках і ў сям’і якога гасціў раней унук Разумавых. А калі гаспадар дома спецыяльна для яго вырабіў некалькі драўляных сувеніраў, то замежны госць прыйшоў у поўнае захапленне і доўга расчулена трос майстру руку.

Нават не верыцца, што ўся гэтая прыгажосць зроблена з самых звычайных дрэў. Найбольш падабаецца Юрыю Уладзіміравічу працаваць з ліпай, падатлівая пад яго рукамі і таполя. А вось дзверцы ў гардэробную шафу, таксама інкрусціраваныя мудрагелістым карункам, выкананы з сасны, журнальны столік з кветкамі па вуглах зроблены з дуба.

“Залатыя рукі”, – кажуць пра гэтага чалавека людзі. І гэта сапраўды так.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *