Улічваць усе фактары


Галоўнай мэтай і задачай у справе забеспячэння аховы працы з’яўляецца своечасовае папярэджванне і прадухіленне няшчасных выпадкаў на вытворчасці. Аднак, як сведчаць вынікі сумесных праверак, праведзеных з пачатку года ў 29 арганізацыях раёна, у рэальнасці прынцып прафілактыкі часцяком натыкаецца на нізкі ўзровень культуры вытворчых адносін і нежаданне “залішняй” работы. Па выніках праверак да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу прыцягнуты 37 пасадавых асоб, агульная сума штрафаў перавысіла 6 мільёнаў рублёў. Выдадзена 28 прадпісанняў на ўхіленне больш за 500 парушэнняў, ад работы адхілены 43 работнікі, якія не прайшлі інструктаж і не былі забяспечаны сродкамі індывідуальнай аховы.

У першым паўгоддзі бягучага года ў раёне не дапушчана выпадкаў вытворчага траўматызму з цяжкім або смяротным зыходам. Аднак няшчасныя выпадкі на вытворчасці, якія не адносяцца да цяжкіх, адбыліся ў ДБУ-23 і Хойніцкім прадпрыемстве меліярацыйных сістэм.

Для забеспячэння бяспекі працы вялікае значэнне мае прафесійны адбор і навучанне працуючых бяспечным метадам працы. У вучэбных цэнтрах раённай камісіі і ў камісіях вышэйстаячых органаў кіравання прайшлі праверку ведаў па пытаннях аховы працы 198 чалавек, а непасрэдна ў арганізацыях – 4628 працуючых. Павысілі кваліфікацыю па пытаннях аховы працы 56 чалавек.

Важным фактарам папярэджвання вытворчага траўматызму і прадухілення няшчасных выпадкаў з’яўляецца паляпшэнне ўмоў працы, санітарна-бытавога забеспячэння і лячэбна-прафілактычнага абслугоўвання работнікаў. На тэхнічнае пераўзбраенне і мадэрнізацыю вытворчасці, якія дазволяць палепшыць умовы працы, у 2009 годзе ў раёне зрасходавана больш за 400 мільёнаў рублёў (за 2008 г. – 253 млн. руб.), з якіх больш за 100 мільёнаў рублёў – на прадпрыемствах сельскай гаспадаркі.

Забяспечанасць прадпрыемстваў і арганізацый раёна спецадзеннем у цэлым складае 91 працэнт. Са станоўчага боку ў гэтым сэнсе адзначу сельгаспрадпрыемствы імя Мележа, “Судкова” і “Веляцін”, рамонтны завод, ДЭУ-45 і ДЭУ-155, дзе забяспечанасць спецадзеннем складае 100 працэнтаў, а таксама ДЛГУ “Хойніцкі лясгас” (98%).

Аднак значна ніжэйшая гэтая лічба ў КЖУП “Хойніцкі камунальнік” (80%), ДБУ-23 (75%), агракамбінаце “Віць” (65%), Хойніцкім ПМС (74%).

Больш увагі на вытворчых нарадах і сходах працоўных калектываў стала надавацца патрабаванням Дырэктывы № 1 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія датычаць стану працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны. І ў выпадках выяўлення фактаў парушэнняў вінаватыя больш рашуча прыцягваюцца да адказнасці. Так, за распіццё спіртных напіткаў у рабочы час або па месцу работы ў першым паўгоддзі 2009 г. скасаваны кантракты з 31 работнікам, у тым ліку ў арганізацыях камунальнай уласнасці – з 22. Лідэрамі ў гэтым напрамку з’яўляюцца КЖУП “Хойніцкі камунальнік” – 10 чалавек, на торфабрыкетным заводзе і ў КСУП імя Мележа – па 3. Усяго ж за час дзеяння Дырэктывы № 1 (з 2004 г.) кантракты скасаваны  з 316 работнікамі.

Многа яшчэ застаецца нявырашаных пытанняў. Напрыклад, што датычыць электрабяспекі, то ў КУП “Аравічы” і КСУП “Веляцін” на сённяшні дзень адсутнічаюць адказныя за электрагаспадарку. Энергаслужбы шэрагу іншых прадпрыемстваў і арганізацый не ўкамплектаваны належнай колькасцю электратэхнічнага персаналу. Не ўсё ў парадку з электраабсталяваннем і вядзеннем адпаведнай дакументацыі.

Выклікае трывогу тэхнічны стан машын і механізмаў. Маюць месца выпадкі допуску да эксплуатацыі тэхнікі, якая не прайшла штогадовага тэхнічнага агляду. Гэта ў асноўным датычыць сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, дзе з прадстаўленых на тэхагляд 245 адзінак тэхнікі прайшлі яго 204 – 84%. Прыблізна такая ж лічба ў КЖУП “Хойніцкі камунальнік” – 85%.

Есць факты допуску да работы на трактарах работнікаў, якія не маюць адпаведных катэгорый на кіраванне транспартнымі сродкамі – у сельгаспрадпрыемствах “Аравічы”, “Велікаборскі”, “Веляцін” і імя Мележа выяўлена па аднаму такому работніку, а ў КСУП “Судкова” – 2.

Так, пытанняў многа. Аднак нямала і станоўчых прыкладаў. Пры падвядзенні вынікаў агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы па ахове працы на тэрыторыі раёна пераможцамі названы ДЭУ-45 і Глінішчанская сярэдняя школа. Базавымі прадпрыемствамі па ахове працы названы ДЭУ-45 (па арганізацыі работы па навучанню і вядзенню дакументацыі), ПУП “Палескія сыры” (па стварэнню санітарна-бытавых умоў), КСУП “Судкова” (па арганізацыі работы па энергабяспецы).


І. ГРЫГАРОВІЧ,
галоўны спецыяліст па пытаннях аховы працы і ТБ
упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкома.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *