“Мы павінны там бываць. Мы павінны памятаць”. Хайнічане аб наведванні Хатыні

Важное

Страшная доля Хатыні была вырашана 22 сакавіка.

Вясновы дзень 1943 года аказаўся апошнім днём вёскі, якая стала сімвалам выпрабаванняў і смутку беларусаў. За некалькі дзён да гадавіны Хатынскай трагедыі мы правялі апытанне сярод хайнічан, якія наведвалі мемарыяльны комплекс, і даведаліся пра іх уражанні.

Тамара Барысенка:

— Хатынь – месца з неверагоднай энэргетыкай. Яго і каментаваць складана. Я была там чатыры разы. Упершыню – яшчэ школьніцай. Тая паездка пакінула моцныя ўражанні на ўсё жыццё. Так супала, што мемарыяльны комплекс мы наведвалі вечарам, перад заходам сонца, што яшчэ больш узмацніла эмацыянальнае ўздзеянне. Няскораны чалавек – адзіны дарослы жыхар вёскі, які выжыў, Іосіф Камінскі з загінулым сынам… Гэта проста да слёз. А калі чуеш званы Хатыні… Сумныя, трывожныя… У душы ўсё пераварочваецца. Там трэба пабываць.

Анастасія Маліноўская:

— Ёсць месцы, якія пераварочваюць душу і запамінаюцца назаўжды. Хатынь у іх ліку. Нельга вылучыць у комплексе нешта адно, там асаблівае ўсё. Сама атмасфера. Мяне вельмі крануў захаваны наказ мёртвых жывым: «Людзі добрыя, помніце: мы любілі жыццё і Радзіму нашу, і Вас, дарагія. Мы згарэлі жывымі ў агні. Наша просьба да ўсіх: няхай жалоба і смутак абернуцца ў мужнасць вашу і сілу, каб змаглі вы зацвердзіць вечна мір і спакой на Зямлі. Каб з гэтага часу нідзе і ніколі ў віхуры пажараў жыццё не памірала!». Такія важныя і такія каштоўныя словы.

Алена Гарашчанка:

— Штогод мы з размахам адзначаем гадавіну Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. І для нас, у першую чаргу, гэта ўжо светлае свята. Але наша Перамога – гэта яшчэ і смутак цэлай краіны па мільёнах загінуўшых людзей. Хатынь – гэта боль і памяць. Наведванне такіх памятных месцаў нагадвае ўсім нам, які каштоўны дар чалавечае жыццё. І як важна шанаваць мір. Ведаеце, як у вершы: «Звіняць званы Хатыні. І гэты звон баліць ўва мне». Пасля паездкі гэты куток беларускай зямлі заняў асаблівае месца ў маёй душы.

Анастасія Мазур:

— Безумоўна, гісторыя гэтай вёскі нікога не можа пакінуць абыякавым. А ўражанне ад убачанага забыць немагчыма. Там мурашкі прабягаюць ад галавы да самых кончыкаў пальцаў. Вялікая ўдзячнасць стваральнікам гэтага манументальнага твора мастацтва за тое, што сённяшняя моладзь можа акунуцца ў гэты смутак, які спусташае сэрца, памятае і шануе ўсіх пацярпелых ад рук акупантаў. Мы павінны там бываць. Мы павінны памятаць.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *