Асабістыя праблемы і лёс краіны — з такім дыяпазонам пытанняў звярталіся да парламентарыя

Власть

Кожны трэці тыдзень месяца дэпутаты Палаты прадстаўнікоў беларускага парламента праводзяць у акругах – і гэта найбольш жывая частка іх працы, паколькі кожны дзень напоўнены сустрэчамі з кіраўнікамі і працоўнымі калектывамі прадпрыемстваў і арганізацый, з насельніцтвам.

Парламентарый Жанна Чарняўская заўсёды з асаблівай радасцю едзе ў наш раён, які з’яўляецца яе малой радзімай – але, разам з тым, і з асаблівай адказнасцю, бо людзі, якіх ведае асабіста і якія за яе галасавалі, чакаюць дапамогі ад дэпутата ў вырашэнні сваіх надзённых пытанняў.

За лютаўскую і сакавіцкую «пяцідзёнкі» у акрузе Жанна Мікалаеўна правяла «прамую лінію» і прыём грамадзян, сустрэлася з калектывам запаведніка, цэнтральнай раённай бальніцы, лясгаса, КПУП «Палiграф», маладзёжным актывам раёна, пабывала ў Стралічаўскім сельсавеце, прыняла ўдзел у дыялогавай пляцоўцы ў ліцэі, арганізавала відэаканферэнцыю з установамі адукацыі і інш.

Паступіла тры званка на тэлефон «прамой лініі» – зададзена пяць пытанняў. Звароты хайнічан былі рознапланавымі. Яны тычыліся гандлёвага абслугоўвання, дзяржаўнай падтрымкі прадпрымальніцтва, развіцця фермерства, стварэння новых працоўных месцаў, патрыятычнага выхавання моладзі.

Улічваючы эпідэміялагічную сітуацыю ў краіне, парламентарый ў графік работы ў акрузе заўсёды ўносіць сустрэчы з медыкамі. Яна цікавіцца, якая абстаноўка ў раёне, у якіх умовах працуюць медыцынскія работнікі, а цяпер яшчэ і як праходзіць вакцынацыя ад каронавіруса.

У лютаўскі і сакавіцкі прыезды ў рэгіён парламентарый на сустрэчах з калектывамі і моладдзю спынялася на пытаннях, якія хвалююць грамадзян і разглядаюцца на ўзроўні Палаты прадстаўнікоў, распавядала і аб законатворчай дзейнасці дэпутатаў. У сваіх выступах, якія суправаджаліся цікавымі прэзентацыямі, Жанна Чарняўская старалася перадаць дух самай знакавай палітычнай падзеі года – яна характарызавала Усебеларускі сход так: сіла, моц і бязмерны патрыятызм. Парламентарый спынялася таксама на асноўных пунктах праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на пяцігодку.

Акрамя нашага раёна, у яе выбарчую акругу ўваходзяць яшчэ чатыры, і яна паспела пабываць ва ўсіх. Толькі ўявіце, наколькі насычаны быў графік работы, калі парламентарый правяла «прамыя лініі» і прыёмы грамадзян у раённых цэнтрах, а таксама наведала Камсамольскі сельсавет Рэчыцкага раёна і Страдубскі сельсавет Лоеўскага раёна, сустрэлася з працоўнымі калектывамі Лоеўскага і Нараўлянскага лясгасаў, Цэнтраў па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Лоеўскага і Нараўлянскага раёнаў, ААТ «Брагінаграсэрвіс» і Брагінскага раёна электрасетак, Лоеўскага ТЦСАН, ААТ «Чырвоны Мазыранін» і з маладзёжным актывам Нараўлянскага раёна. Ніводнае пытанне, з якім звярнуліся да яе людзі, яна не пакінула па-за ўвагай.

Наталля РЭВЯКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *