Стаўце сябе на месца людзей, і праблема вырашыцца хутчэй

Власть

Зносіны толькі тады прыносяць карысць, калі ўсе бакі сумленныя і адкрытыя.

Такі шчыры дыялог адбыўся ў старшыні раённага Савета дэпутатаў Галіны Бондар і работніц Хойніцкага вытворчага ўчастка БУВП «Фабрыка мастацкіх вырабаў» падчас прыёму-сустрэчы з працоўным калектывам.

– Як старшыня райсавета паспрабую адказаць на вашы пытанні, якія датычаць становішча спраў у раёне, распавяду аб усіх нюансах пенсійнага забеспячэння, а як чалавек падзялюся сваім стаўленнем да любых падзей у нашым жыцці. Важна, каб пытанні не замоўчваліся, – акрэсліла Галіна Віктараўна жаданы характар сустрэчы.

І «фабрычныя» дзяўчаты адгукнуліся. Агучвалі пытанні быццам бы і прыватныя, але актуальныя для многіх.

Работа без працоўнага дагавору. Ужо тры месяцы фабрыка падведамасна бабруйскаму прадпрыемству, але з калектывам да гэтага часу афіцыяльна не аформілі працоўныя зносіны. Медыцынскае абслугоўванне. Жанчыне-алергіку адмовілі ў бясплатным напраўленні ў медустанову абласнога цэнтра (адзначу, што праз дзень пытанне вырашылася станоўча). Бясчынства бадзяжных сабак. Штодня вялікая зграя не дае праходу людзям каля былых складоў райспажыўтаварыства.

Гэта толькі частка з таго, што стала прадметам жывога абмеркавання. У дыялогу жанчыны былі актыўныя, таму і адбылася даверная размова.

Дарэчы, калектыў пахваліўся, што цяпер заняты на пашыве трыкатажнага адзення для кампаніі Mark Formelle і, нават, прапанаваў нам прымерыць гатовыя штаны, каб ацаніць іх якасць. У той жа час швачкі паскардзіліся, што не спраўляюцца з новымі нормамі выпрацоўкі, ад якіх залежыць іх заработная плата.

Усе пытанні старшыня райсавета дэпутатаў узяла на кантроль і запэўніла, што кожны дэталёва прапрацуецца і не застанецца па-за ўвагай. У выніку задаволеныя засталіся ўсе.

– Да ўсіх зваротаў трэба падыходзіць адказна і неабыякава. У іншым выпадку мы самі спараджаем паўторныя скаргі. І гэта датычыць усіх пытанняў. Трэба ставіць сябе на месца людзей і думаць, як паступіць і што зрабіць, каб выправіць становішча. І праблема вырашыцца хутчэй, – упэўненая Галіна Віктараўна.

Алена СМУСЯНОК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *