Ад вады да будаўніцтва — што хвалюе жыхароў раёна

Власть

Дзень дэпутата з’яўляецца адной з форм работы народных абраннікаў у нашым раёне.

І прыёмам грамадзян у райвыканкаме справа не абмяжоўваецца. Праходзяць сустрэчы ў працоўных калектывах, з насельніцтвам па месцы жыхарства, праводзяцца «прамыя лініі» і прыёмы-сустрэчы ў сельвыканкамах. Такім чынам, ахопліваецца як мага большая частка насельніцтва. І задача гэтай усёй работы – не толькі выслухаць хайнічан, але і дапамагчы ім ў вырашэнні іх злабадзённых праблем.

Чарговы дзень дэпутата адбыўся на гэтым тыдні. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Бондар правяла «прамую лінію» і прыём грамадзян, сустрэлася з працоўнымі калектывамі.

Жыхарка н.п. Карчовае звярнулася з просьбай дапамагчы: пражывае ў доме, які раней належаў сельгаспрадпрыемству (пераданы «Камунальніку» на баланс зараз) і выдзяляўся ёй як работніку, але ў сельскай гаспадарцы жанчына больш не працуе. Ці мае яна магчымасць застацца пражываць у гэтым доме.

Калектыўны зварот паступіў ад жыльцоў дома па вул. Калесніка,17. За праведзены капітальны рамонт дома і добраўпарадкаванне прылягаючай тэрыторыі яны падзякавалі, аднак адзначылі і недахопы, якія засталіся (будаўнічае смецце ў падвале, зацяканне даху, адсутнасць адной з дзвярэй у падвал, з-за чаго невялічкае памяшканне ператварылі ў сметніцу). Дадае праблем і адзін з суседзяў, які «развёў» антысанітарыю ў сваёй кватэры.

Узнята пытанне і па бадзяжным сабакам. Дарэчы, як патлумачыў дырэктар КЖУП «Хойніцкі камунальнік» Сяргей Несцярэнка, зараз адловам бадзяжных жывёл займаюцца два чалавекі, аднак з-за таго, што гаспадары (хто спецыяльна, хто выпадкова) не даглядаюць за сваімі сабакамі належным чынам, іх колькасць не змяншаецца.

Некалькі зваротаў паступіла з вул. Лугавая райцэнтра – скардзіліся на стан дарожнага пакрыцця. Як адзначылі ў камунальнай службе, у гэтым годзе там плануецца правесці падсыпку. Работы будуць выкананы пры спрыяльным надвор’і.

Шматдзетная сям’я будуе дом па вул. Заслонова, аднак там няма цэнтральнага водаправода, што стварае пэўныя праблемы. Пытанне гэта на кантролі ў райвыканкаме, аднак пакуль сродкаў на яго вырашэнне ў бюджэце няма.

Быў зварот і па працаўладкаванню. Заяўніку растлумачана, як адбываецца ўключэнне ў рэзерв кадраў, прапанаваны вакансіі па спецыяльнасці.

На адсутнасць асвятлення па завулку А. Кашавога скардзіліся хайнічане.

Пры гэтым, адходзячы ад зваротаў, адзначу, што не ўсе заяўнікі выказвалі свае думкі і скаргі ў спакойнай форме. Сутыкнуліся ў гэты дзень і з агрэсіяй. Пры гэтым патрэбна памятаць кожнаму, што весці сябе, у тым ліку і ў тэлефонных размовах, патрэбна культурна, эмоцыі не дапамогуць у вырашэнні праблемы.

Інфармацыйна-прапагандысцкая група райсавета сустрэлася з працоўным калектывам ПМС. Абмеркавалі становішча спраў на прадпрыемстве, задачы і перспектывы развіцця на бягучы год.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Бондар праінфармавала аб сацыяльна-эканамічным развіцці раёна, фарміраванні бюджэту, рабоце дэпутацкага корпусу. На тэрыторыі раёна будзе рэалізоўвацца 13 дзяржаўных праграм (у вобласці ў мінулым годзе іх было 16), тры з іх прыняты. Абмеркавана работа грамадскіх прыёмных (яны працягваюць сваю дзейнасць, звярнуцца можа кожны жадаючы) і дыялогавых пляцовак, якія сталі добрай магчымасцю не толькі вырашыць надзённыя пытанні, аднак і падзяліцца сваімі поглядамі на жыццё, палітыку, сітуацыю ў краіне і непасрэдна ў раёне.

Галоўны ўрач ЦРБ Алег Федзянько давёў інфармацыю па прафілактыцы каронавіруснай інфекцыі, заклікаў усіх запісвацца на вакцынацыю (у хуткім часе ў раён паступіць чарговая партыя вакцыны) і берагчы сваё здароўе.

Дырэктар КЖУП «Хойніцкі камунальнік» Сяргей Несцярэнка праінфармаваў аб выніках работы за мінулы год, планах па капітальнаму і бягучаму рамонту жылфонду і дарог на гэты год, заклікаў своечасова аплачваць камунальныя паслугі.

Сярод паступіўшых пытанняў ад работнікаў: рамонт ветравікоў і дарогі ў н.п. Вялікі Бор (пытанне перададзена для выканання ў ДРСУ-155), небяспечная воданапорная вежа і дымавыя трубы былога кансервавага завода (як патлумачыў намеснік старшыні райвыканкама Анатолій Гура, будуць звяртацца ў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, каб дапамаглі са зносам гэтых аб’ектаў), магчымасці капітальнага рамонту дома па вул. Першамайская, 7 (згодна з перспектыўнай праграмай капітальнага рамонту жылфонду раёна на 2021-2025 гады плануемы год правядзення рамонтных работ – 2023), скаргі на бадзяжных сабак, налічэнне пенсіі, калі большая частка стажу атрымана ў іншай краіне (згодна з пагадненнем, якое падпісана 18.01.2021, дадзены тлумачэнні).

Вольга БЕЛАШ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *