Натуральная прыгажосць, удасканаленая чалавекам

Увлечения хойничан

IMG_3653Мы праводзім на рабоце асноўную частку дня і вялікую частку тыдня. Па сцвярджэнні псіхолага Крэйга Найта з Экстэрскага ўніверсітэта Велікабрытаніі, добраўпарадкаванае рабо-чае месца, упрыгожанае наваколле павышаюць прадукцыйнасць працы на 15%, а самаадчуванне – аж на 32%. Таму так важна звяртаць увагу на тое, у якіх умовах мы працуем. Гэта нагода зрабіць іх больш камфортнымі і эстэтычнымі.
Па прадстаўленых здымках адразу бачна, што ў Паселіцкім лясніцтве да добраўпарадкавання тэрыторыі ставяцца ўважліва. Каля адміністрацыйнага будынка яна абсталявана функцыянальна і з густам: устаноўлены зручныя лавачкі, каб адпачыць, цяністыя альтанкі, дзе добра паабедаць у спякотны дзень, тут акуратныя клумбы, якія цешаць вока. Хто ўпершыню трапляе сюды, адзначае гэту сканцэнтраваную прыгажосць на невялікім кавалку зямлі.

 

IMG_3662
Упрыгожваць тэрыторыю лясніцтва ў Паселічах пачалі яшчэ пры першым ляснічым хайнічаніне Сяргею Іванавічу Бураку больш за дзесяць гадоў назад. Арка перад уваходам і альтаначка з выявамі казачных русалкі і вадзянога – справа рук былога работніка лясніцтва з в. Храпкаў Мікалая Якаўлевіча Куксіна. Добраўпарадкаванне прадоўжыў цяперашні работнік лясніцтва жыхар в. Паселічы Ігар Уладзіміравіч Нікалаеў. Спачатку ён вырабіў шыльду з назвай лясніцтва.
Яго талент прыкмеціў цяперашні ляснічы Паселіцкага лясніцтва, дэпутат райсавета І.К. Гарбарук, які і падтрымаў І.У. Нікалаева ў справе добраўпарадкавання. З таго моманту газоны каля будынка лясніцтва ўзбагаціліся малымі архітэктурнымі формамі. Там нават стаіць копія Эйфелевай вежы вышынёй больш за 2 метры.
Штуршком для стварэння скульптур з дрэва стаў падручнік па працоўнаму навучанню. Дзяцінства і юнацтва наш герой правёў у Казахстане, пазней выкладаў у школе на малой радзіме працоўнае навучанне. Зацікавіўшыся прывабнымі малюнкамі драўляных вырабаў у кнізе, ён паспрабаваў паўтарыць некаторыя з іх – атрымалася добра.

35
З 90-х гадоў мінулага стагоддзя з сям’ёй, маці і жонкай, пераехаў у Беларусь.
Але справу, якой самастойна навучыўся, не закінуў. Удасканаленне ўменняў працягваецца і сёння. Тым больш, што інструменты для разьбы цяпер больш сучасныя і ў асноўным электрычныя: лобзікі, стамескі, шліфмашынкі.
Ігара Уладзіміравіча Нікалаева добра ведаюць у Паселічах як майстра-залатыя рукі. Больш за дваццаць гадоў у непаўторнай манеры ён стварае прыгожыя вырабы з дрэва – лавачкі, альтанкі, фігуркі жывёл, уваходныя аркі. Усім гэтым ён займаецца ў вольны ад працы час. Большая частка яго работ упрыгожвае тэрыторыю каля адміністрацыйнага будынка Паселіцкага лясніцтва, дзе Ігар Уладзіміравіч працуе лесніком. Налічнікі для вокнаў будынка і ўнутранае аздабленне некалькіх пакояў таксама рабіў гэты майстар.

IMG_3725
Вырабы І.У. Нікалаева можна пабачыць у Хойніках – дастаткова прагуляцца па дарожцы ад помніка Смутку ў бок мікрараёна «Юбілейны», тут устаноўлены дубовыя лавачкі. Не спыняецца работа ў двары ўласнага дома Ігара Уладзіміравіча: там стаяць нарыхтоўкі для будучых кампазіцый з дрэва.
Даўгавечны моцны дуб стаў фаварытам умельца. Гэтае дрэва прыгожа старыцца, час толькі надае матэрыялу дадатковы шарм. У ход ідзе не толькі цэльная парода, але і карчакі, пні: кожная галінка і карэньчык маюць шанц стаць грыбком або кветкай. Свае работы аўтар не пакідае для сябе, усё аддае ў карыстанне іншым. І ганарыцца гэтым. Па словах мастака разьбы па дрэву, прыемна, калі твая работа прыносіць задавальненне многім людзям.

IMG_3615
Вырабаў І.У. Нікалаева з часам становіцца ўсё больш, яны ўпрыгожваюць не толькі Паселічы, Хойнікі, але і Гомель. А на леташнім святкаванні Дня беларускага пісьменства імянная хойніцкая лавачка, зробленая І.У. Нікалаевым, была падорана Быхаву. Акрамя таго, у нашым раёне ў хуткім часе прапіску атрымаюць драўляная арка для добраўпарадкавання тэрыторыі каля Сасны-каралевы, рыхтуюцца новая лавачка, невялікая ўтульная альтанка.

27
Цікава, як ідэі для будучых работ прыходзяць да майстра? Ігар Уладзіміравіч кажа, што спантанна, нават уначы можа прачнуцца, каб запісаць задумку. На гэта, дадае майстар, якраз многа часу не траціцца. А вось для ажыццяўлення задуманага сапраўды прыходзіцца правесці не адзін дзень за работай. Але дзякуючы шматгадоваму вопыту яна спорыцца. Напрыклад, дубовая лавачка атрымліваецца за восем гадзін, а не ў два разы больш, як гэта было спачатку. Справа так паглынае, што жонцы Вользе Уладзіміраўне прыходзіцца нават нагадваць мужу пра вячэру…
І.У. Нікалаеў надае дрэву другое жыццё. А гэта – лепшая падзяка і прыродзе, якая стварыла пачатковую прыгажосць, і майстру, які ўдасканаліў яе.

33
Як часта прырода натхняе сапраўдных мастакоў на стварэнне цудоўнага палатна, вытанчанай скульптуры ці арыгінальнага збудавання! Пры гэтым часта і сама прырода становіцца матэрыялам для творцы. Напрыклад, дрэва – няма больш падатлівага, цёплага і ў нейкім сэнсе ўдзячнага матэрыялу. Але ёсць галоўная ўмова – цуд ператварэння кавалка дрэва ў прыгожую кампазіцыю або фігурку атрымліваецца толькі ў руках сапраўднага майстра.

Тэкст і фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *