Россып узнагарод атрымалі камунальшчыкі

Общество

А дырэктар прызнаны Ганаровым работнікам

Без паўсядзённага спецадзення, інструментаў у руках і заклапочанасці на тварах. Прыгожа апранутыя, урачыстыя і ў нейкай меры ўзнёслыя, бо змаглі на гадзіну-другую забыцца пра ўборку, рамонт і мадэрнізацыю, а замест заявак на непаладкі з задавальненнем прымалі віншаванні і граматы. У Цэнтры культуры г. Хойнікі адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, а таксама з нагоды 80-гадовага юбілею КЖУП «Хойніцкі камунальнік».

З гэтай знамянальнай датай калектыў павіншавалі намеснік генеральнага дырэктара ГА «Жыллёва-камунальная гаспадарка Гомельскай вобласці» Ігар Ярмольчык, старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Бондар, намеснік старшыні райвыканкама Анатолій Гура, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Наталля Малаш і інш.

Лепшыя з лепшых спецыялісты і рабочыя – прадстаўнікі самых розных структурных падраздзяленняў уздымаліся на сцэну за кветкамі і ўзнагародамі розных узроўняў – ад прадпрыемства да Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

А, бадай, самым кранальным момантам свята стала ўручэнне нагруднага знака «Ганаровы работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі» дырэктару КЖУП «Хойніцкі камунальнік» Сяргею Несцярэнку. Калектыў шчыра віншаваў свайго кіраўніка гучнымі апладысментамі.

…На свяце найчасцей гучала слова «дзякуй». За цяжкую працу, якая патрабуе так шмат сіл, як фізічных, так і маральных. За тое, што штодня яны працуюць для таго, каб на вуліцах было чыста, а ў дамах камфортна і цёпла.

Святочны канцэрт, з душэўнымі песнямі, запальнымі танцамі і арыгінальнымі жартамі, стаў выдатным падарункам для дружнага калектыву «Камунальніка». Як прызнаваліся віноўнікі ўрачыстаці, выходзячы з глядзельнай залы, гэта падзея дадала жыццю мноства цёплых эмоцый і фарбаў!

Наталля РЭВЯКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *