Прыгажосць стварылі разам


Праходзячы міма дома № 4 па вуліцы Юбілейнай, многія міжволі запавольваюць крок: так прывабліваюць людзей кветкі, дэкаратыўнае кустоўе, а крыху далей – пладовыя дрэўцы: раскідзістая груша, абрыкос, слівы і яблыні. Але галоўнае, што адразу кідаецца ў вочы – сапраўдная цяністая, увітая вінаградам галерэя, якая вядзе ад дарогі да самых дзвярэй пад’езда № 2.

Гутару з жыхарамі пад’езда У. В. Брыцько, В.В. Палтаранам, Ю.У. Разумавым, І.А. Шыльцом. Усе яны зараз на пенсіі, а яднае гэтых людзей не толькі агульны дамашні адрас, але і працоўнае мінулае, бо ўсе яны да выхаду на заслужаны адпачынак працавалі на торфабрыкетным заводзе. І гэтая рабочая працавітасць, памножаная на добры эстэтычны густ і неабмежаваны палёт фантазіі, дазволіла стварыць у двары дома такую прыгажосць.

– Спачатку на гэтым месцы стаялі вялізныя старыя таполі, але пры пракладцы цеплатрасы іх спілавалі, – расказвае Віталій Васільевіч Палтаран. – Няўтульна стала на сонцапёку, вось і прыйшла думка наладзіць цянёк перад домам. Іван Адамавіч Шылец прывёз трубы, укапалі іх і пусцілі ліяны. Потым цень стаў ствараць дзікі вінаград, які змянілі на культурны сорту “Ізабэла”. Яго лазу прывёз і пасадзіў Уладзімір Вітальевіч Брыцько.

Гэтая галерэя, якая пачыналася з адной толькі зялёнай сценкі, пастаянна расла і павялічвалася. З бегам часу насупраць першай паўстала другая сценка, якую Юрый Уладзіміравіч Разумаў прапанаваў аб’яднаць адзіным купалападобным вінаградным зводам. Так і ўзнікла на радасць людзям гэтая зялёная галерэя. Асабліва вабіць яна да сябе дзяцей, якія так любяць паласавацца буйнымі і смачнымі ягадамі.

Паступова разрастаўся і невялікі садок, таксама створаны жыхарамі дома. В.В. Палтаран прынёс з лесу невялікую грушу-дзічку, потым тут з’явіліся саджанцы яблынь і сліў, не лішнім стаў і прыгажун-абрыкос. І тут з ранку да вечара таксама звіняць дзіцячыя галасы.

Не засталіся ў баку ад агульнай і карыснай справы жанчыны. Шматлікія кветкі і зеляніна на клумбах каля пад’ездаў – справа рук Ніны Васільеўны Будзько, Кацярыны Іванаўны Разумавай, Соф’і Трафімаўны Шылец, Марыі Васільеўны Ткачэнка, Валянціны Станіславаўны Клімавай.

Вось так – усе разам, агульнымі стараннямі і намаганнямі створана ў двары дома такая прыгажосць.

Не магу не агучыць і просьбу жыхароў пад’езда № 2. Яшчэ ў мінулым годзе, рамантуючы парыў цеплатрасы, камунальнікі злілі ў падвал дома гарачую ваду, пара ад якой за адну ноч знішчыла частку афарбоўкі сцен пад’езда. Цэлы год дабіваюцца жыхары, каб аднавілі яе, аднак пакуль што беспаспяхова. Можа на гэты раз прыслухаецца да людзей КЖУП “Хойніцкі камунальнік” і выканае свае прамыя абавязкі? 


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *