І працуем, і адпачываем


Лепшая ацэнка работы ДЭУ-45 РУП “Гомельаўтадор” – гэта падзяка спажыўцоў, якую часта чуем, асабліва ад гасцей з Расіі і Украіны. Тры лінейна-дарожныя дыстанцыі нашай арганізацыі абслугоўваюць 240 кіламетраў аўтадарог рэспубліканскага значэння: ЛДД-451 – г. Хойнікі, ЛДД-452 – г.п. Брагін, ЛДД-453 – г. Лоеў.

Нармальны стан дарог, мастоў, водапрапускных труб, аўтапавільёнаў, пляцовак адпачынку, бяспечны і бесперабойны праезд на дарогах  падтрымліваюцца за кошт утрымання і бягучага рамонту. Есць і міжрамонтныя работы, згодна з якімі кожныя 15 гадоў патрэбна праводзіць капітальны рамонт дарогі. На жаль, 80 працэнтаў іх з-за недахопу грашовых сродкаў эксплуатуецца з пратэрміноўкай.  

Каля 60 працэнтаў утрымання дарог – зімовае. На прадстаячы перыяд прадугледжана нарыхтаваць 6,5 тоны пясчана-салянай сумесі рознай канцэнтрацыі. Падрыхтоўваецца парк снегаўборачнай і пясочнасолеразмеркавальнай тэхнікі. Гэтым заняты прафесіяналы сваёй справы: вадзіцель-аператар В.А. Салянка, машыніст пагрузчыка У.І. Чабан, токар С.В. Папянкоў, зваршчыкі С.А. Кірыенка і С.Д. Ганчарэнка, энергетык І.І. Гуцаў.

Сёлета калектывам асвоены новы, асноватворны ў дарожнай галіне і ўплываючы на бяспеку дарожнага руху від работ – устройванне гарызантальнай разметкі. Брыгада ў складзе дарожнага майстра І.І. Маручэка, вадзіцеляў Л.А. Камеша і С.В. Ярмоленкі, аператара А.К. Мазура выканала больш за 1300 кіламетра-ліній разметкі не толькі на сваіх дарогах, але і дапамаглі суседнім арганізацыям у Мазырскім, Ельскім, Лельчыцкім раёнах, абнавілі разметку ў нашым горадзе, у Брагіне і Рагачове.

Якасна выкарчоўвае пні і рыхтуе палосы адводу аўтадарог брыгада ў складзе механізатара і аператара В.В. Карася і аператара С.С. Гаўрыленкі. На пнедрабілцы “Rayco-1635” за пяць гадоў яны выканалі вялікі аб’ём работ практычна ва ўсіх раёнах Гомельскай вобласці.

Немалаважным з’яўляецца і летняе ўтрыманне аўтадарог. Скошванне травы, уборка смецця, замена і афарбоўка знакаў, аўтапавільёнаў, малых архітэктурных форм на пляцоўках адпачынку (на здымку). Людзі, якія займаюцца гэтымі работамі – сапраўдныя дызайнеры, іх стараннямі дарогам надаецца прыгажосць і прываблівасць. Ні адно лета не абыходзіцца без ліквідацыі калдобін, размываў зямельнага палатна, заліўкі трэшчын і іншых работ, якія падоўжваюць тэрмін эксплуатацыі дарог.

Здаровы лад жыцця становіцца ў нашай краіне часткай нацыянальнай ідэі. Не застаюцца ў баку і работнікі нашага прадпрыемства. На ІІІ галіновай спартакіядзе занялі 4 месца. Удзельнічаем і ў раённых спартыўных мерапрыемствах. Дзякуючы     камандзе ў складзе С.С. Рака, В.Ю. Вялікага, Г.Д. Анісенкі, А.В. Балахонкіна, С.І. Цітка, Л.А. Камеша, Ю.А. Полазава, неаднаразова станавіліся прызёрамі спаборніцтваў.

Створаны калектыў мастацкай самадзейнасці. Я.Я. Аніскавец, І.І. Гуцаў, С.С. Рак, М.А. Раманава, Г.В. Пархоменка, Т.П. Харошка, Н.В. Сіраж, А.Р. Султанава, Н.В. Шахніцкая, А.М. Захарава, Т.І. Хількевіч традыцыйна ўдзельнічаюць у абласных і раённых аглядах-конкурсах. У абласным аглядзе-конкурсе сярод калектываў РУП “Гомельаўтадор” у намінацыі “Лепшае выкананне народнай песні” няма роўных нашаму звонкагалосаму калектыву – Дыплом першай ступені на працягу некалькіх гадоў атрымліваем менавіта мы.


А. ГУРА, дырэктар ДЭУ-45.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *