Дзень памяці, дзень смутку, дзень надзеі

Главное

26 красавіка нагадвае ўсім нам аб адказнасці за будучае нашай планеты

35 год прайшло з самай буйной тэхнагеннай катастрофы 20 стагоддзя. А яе наступствы яшчэ доўга будуць нагадваць аб сабе.

35 гадоў таму свет падзяліўся на да і пасля. Вялізныя тэрыторыі Беларусі, Расійскай Федэрацыі, Украіны былі заражаныя радыеактыўнымі рэчывамі. Гэтую катастрофу трэба было не толькі спыніць, але і пачаць работу па абеззаражванню тэрыторыі. Дзесяткі тысяч салдат і афіцэраў, грамадзянскіх служачых прымалі ўдзел у работах на атамнай электрастанцыі.

У гэты дзень мы ўзгадваем усіх тых, хто не шкадуючы жыцця і здароўя адправіўся ліквідаваць наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Іх імёны мы не павінны забываць ніколі.

У гэты дзень мы гаворым усім ліквідатарам, усім, хто прымаў непасрэдны ўдзел у ліквідацыі наступстваў аварыі, хто дапамагаў, простае чалавечае дзякуй! За ваш подзвіг, які многія здзейснілі цаной уласнай жыцця і здароўя! А наш святы абавязак – захоўваць памяць аб гэтым подзвігу як даніну павагі героям, якія змагаліся за нашу светлую будучыню, за наш дабрабыт і мірнае жыццё.

ПАДТРЫМАЦЬ І ДАПАМАГЧЫ

За мінулыя гады зроблена нямала па рэабілітацыі забруджаных тэрыторый, сацыяльнай абароне і падтрымцы насельніцтва.

Дзяржава арганізуе работы па пераадоленню наступстваў чарнобыльскай катастрофы ў Рэспубліцы Беларусь праграмна-мэтавым метадам, цэнтралізавана плануючы і ажыццяўляючы мерапрыемствы ў розных сферах дзейнасці, што дазваляе рэалізаваць комплексны падыход да кіравання постчарнобыльскай сітуацыяй. У дадатак да дзяржаўных рэалізуюцца «чарнобыльскія» праграмы ў рамках Саюзнай дзяржавы (Беларусі і Расіі).

Асноўны прыярытэт – пераход ад рэабілітацыі пацярпелых тэрыторый да іх ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця.

У бягучым годзе пачала дзейнічаць чарговая дзяржаўная праграма па пераадоленню наступстваў катастрофы на ЧАЭС, разлічаная на пяць гадоў. Запланавана, што на рэалізацыю праграмы будзе напраўлена каля 3 мільярдаў рублёў. Галоўнымі яе мэтамі па-ранейшаму застаюцца сацыяльная абарона насельніцтва, пацярпелага ад катастофы на ЧАЭС, забеспячэнне патрабаванняў радыяцыйнай бяспекі, паскоранае сацыяльна-эканамічнае развіццё і адраджэнне забруджаных радыенуклідамі тэрыторый.

НЕЛЬГА ЖЫЦЬ СТЭРЫАТЫПАМІ

Тое, што наша краіна рухаецца ў плане работы па пераадоленню наступстваў аварыі ў правільным накірунку гаворыць і той факт, што шматлікія замежныя дэлегацыі часта наведваюць наш раён. Асабліва часта прыязджаюць дэлегацыі з Японіі. Мэта такіх візітаў – азнакамленне з работай па пераадоленні наступстваў катастрофы на ЧАЭС, з унікальным вопытам нашай краіны па адраджэнню пацярпелых ад радыяцыі тэрыторый.

Дэлегацыі наведваюць прадпрыемствы і ўстановы адукацыі. Захапляюцца работай інфармацыйнага цэнтра радыелагічнай культуры ў Стралічаўскай сярэдняй школе, здзіўляюцца, што з дзіцячага ўзросту фармуюцца веды па радыяцыйнай бяспецы.

Менавіта на месцах можна на свае вочы пераканацца ў мэтазгоднасці затрачаных на рэабілітацыю сродкаў і тых намаганнях, якія прыкладаюць жыхары нашага рэгіёна для яго развіцця.

РАЁН ЖЫВЕ

За апошнія гады многае ў раёне змянілася ў лепшы бок. Так, часам не хапае грашовых сродкаў на вырашэнне асобных пытанняў. Аднак гэта не азначае, што меры па іх вырашэнні не прымаюцца.

На ўездзе ў горад усталявалі новы прыгожы «пашпарт» Хойніцкага раёна

Гэта толькі абыякаваму да сваёй Радзімы чалавеку здаецца, што ўсё дрэнна. Аднак паглядзіце, колькі перамен здарылася за апошнія гады: рамонты і рэканструкцыі, будаўніцтва, адкрыццё новых аб’ектаў, добраўпарадкаванне. Жыццё ідзе, і станоўчыя перамены ёсць.

У раён прыйшлі аб’екты разнастайных буйных гандлёвых сетак

Страта пазіцый Хойніцкім райспажыўтаварыствам стала своеасаблівым штуршком для актывізацыі прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу. Так, за 2018-2020 гады ў раёне адкрыта 44 новых гандлёвых аб’екта плошчай больш за 3 тыс. м2. У раён прыйшлі гандлёвыя сеткі «Доброном», «Мила», «Петруха», «Три цены», «Остров чистоты и вкуса».

Устаноўлены два новых павільёна ААТ «Мілкавіта»

Акрамя адкрыцця новых аб’ектаў, ажыццяўляецца рамонт і рэканструкцыя раней дзеючых. У 2020 годзе адкрыў свае дзверы для пакупнікоў пасля праведзенай рэканструкцыі магазін «Дары ад Зары № 14» саўгаса-камбіната «Зара», устаноўлены 2 новых павільёна ААТ «Мілкавіта».

Прыватны бізнес «прыйшоў» на вёску, адкрытыя магазіны карыстаюцца папулярнасцю ў мясцовых жыхароў.

На працягу 10 гадоў у горадзе і раёне праводзіліся работы па мадэрнізацыі цеплавых сетак: заменена 33,6 км. Комплекс праводзімых работ дазволіў знізіць страты цеплавой энергіі на 16,4%, вады на 6,3%.

Увядзенне ў эксплуатацыю блочна-модульнай кацельні дазволіла забяспечыць цепларэсурсамі мікрараён «Юбілейны». Прымяненне энергаэфектыўнага абсталявання і ліквідацыя ўчастка ў 3,6 км магістральных цепласетак знізіла выдаткі на вытворчасць цеплазабеспячэння і палепшыла якасць прадстаўляемых паслуг па цеплазабеспячэнню і гарачым водазабеспячэнні. Эканомія паліўна-энергетычных рэсурсаў у 2020 годзе ў параўнанні з аналагічным перыядам 2019 года склала па прыродным газе 30%, па электраэнергіі 51%.

Дадзеная кацельня цалкам аўтаматызавана. Пры гэтым дасягаюцца задачы акупнасці тарыфу на цеплавую энергію і гарачую ваду, таму што цепластраты зніжаны на парадак. І гэта характарыстыкі энергаэфектыўнасці, эканамічнасці, і, вельмі важна, – экалагічнасці.

Для зніжэння сабекошту выпрацоўкі 1 Гкал праводзіцца мадэрнізацыя кацельняў у Слабажанцы і Велеціне.

Уведзены ў эксплуатацыю 5 станцый абезжалезвання вады (у н.п. Веляцін, Стралічава, Барысаўшчына, Казялужжа з улікам перападключэння Казялужжа-Судкова, Віць-Барысаўшчына, Глінішча). У бягучым годзе плануецца, што будзе ўстаноўлена станцыя абезжалезвання ў аграгарадку Вялікі Бор.

Штогод у рамках капітальнага рамонту ўводзіцца 7,5-8 тыс. м2 жылплошчы.

Не зніжаецца цікавасць у нашых жыхароў да будаўніцтва індывідуальных дамоў

Актыўна вядзецца будаўніцтва жылля ў рамках Указа № 240 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўнай падтрымцы грамадзян пры будаўніцтве (рэканструкцыі) жылых памяшканняў». Не зніжаецца цікавасць у нашых жыхароў да будаўніцтва індывідуальных дамоў, прычым як у горадзе, так і ў сельскай мясцовасці.

Пытанне прыцягнення маладых спецыялістаў – адно з самых актуальных для прадпрыемстваў і арганізацый, мабыць, любой сферы. У мінулым годзе пабудаваны 50-кватэрны жылы дом, кватэры прадастаўлены маладым спецыялістам, якія прыбылі да нас у раён па размеркаванні для іх замацавання ў раёне. Дарэчы, дом пабудаваны за сродкі рэспубліканскага бюджэту, выдзеленыя на пераадоленне наступстваў аварыі на ЧАЭС.

40-кватэрны жылы дом пабудаваны для шматдзетных сем’яў у рамках Указа № 240.

Актыўна вядзецца будаўніцтва жылля. Хутка ў новым 40-кватэрным доме шчаслівыя хайнічане справяць наваселле

Будаўніцтва ў апошнія гады ўсіх дамоў вядзе філіял «Хойніцкі завод ЖБВ» ААТ «Мазырскі ДБК».

Праводзіцца глабальная мадэрнізацыя карпусоў цэнтральнай раённай бальніцы, разлічана яна на 3 гады. Памятаючы, як выглядала бальніца да пачатку рамонту, нельга не адзначыць велізарныя пазітыўныя перамены. Розніцу не заўважыць проста немагчыма, таму што яна больш чым прынцыповая – усё дзеля таго, каб наведвальнікам і пацыентам было больш утульна і камфортна. Для здароўя і на здароўе нашым землякам – жыхарам горада і раёна.

У 2019-2020 гадах выкананы вялікі аб’ём работ. Так, набылі сучасны выгляд аддзяленні ў тэрапеўтычным і хірургічным карпусах.

За час рамонту ўстаноўлены шклопакеты ў тэрапеўтычным корпусе і паліклініцы, замененыя сістэмы ацяплення гарачага і халоднага водазабеспячэння, каналізацыі ў тэрапеўтычным і хірургічным карпусах, адрамантаваны ўнутраныя памяшканні (палаты, кабінеты, раздаткавыя і сталовыя, калідоры), лесвічныя маршы. Уладкаваны поручні для зручнасці пацыентаў, палаты для інвалідаў.

У 2020 годзе на бягучы рамонт затрачана 1,5 млн. руб., на капітальны – 1,6 млн. руб. Зараз работы працягваюцца.

Рамонты, перааснашчэнне, мадэрнізацыя праводзіцца на заводзе ЖБВ, ПВУ ААТ «Мілкавіта», запаведніку, заводзе гідраапаратуры, лясгасе. Набываецца новая тэхніка і абсталяванне, асвойваецца выпуск новых відаў прадукцыі. Прыклад іх дзейнасці кажа аб цвёрда пастаўленай мэце – зрабіць і ўтрымаць прадпрыемства рэнтабельным і дазволіць хайнічанам мець добры заробак, тым самым спрыяючы росквіту цэлага раёна.

Сучасны выгляд набыло аддзяленне паштовай сувязі № 1, адчыненае пасля рамонту на мінулым тыдні. На чарзе ў іх – рамонт фасаду, які таксама набудзе сучасны выгляд.

Праведзены рамонт і аснашчэнне галоўнага будынку РАНС і пажарных пастоў у вёсках.

Будаўніцтва новай малочна-таварнай фермы КСУП «Судкова»

На тэрыторыі раёна вядзецца будаўніцтва новай малочна-таварнай фермы КСУП «Судкова». Разлічана яна на 600 галоў буйной рагатай жывёлы. Увесці ў эксплуатацыю комплекс плануецца ў гэтым годзе.

Сельгасарганізацыямі раёна ў мінулым годзе набыта 36 адзінак тэхнікі на суму 2,7 млн. руб. 15 адзінак (трактара, касілкі, кормараздатчык, збожжавая сеялка, комплексы да камбайна для ўборкі кукурузы) набыты па дзяржпраграме па пераадоленню наступстваў катастрофы на ЧАЭС, на 10 адзінак (камбайны, касілкі-плюшчылкі, прэс-падборшчык з абмоткай ў стрэйч-плёнку, раскідвальнік арганічных угнаенняў, сеялкі) сродкі выдзелены з абласнога бюджэту. За ўласныя сродкі сельгаспрыемствы набылі ў 2020 годзе 2 сеялкі, загрузнік насення, 2 дыскавыя бароны, 2 дыскапака, культыватар-падкормшчык, раскідвальнік мінеральных угнаенняў, прэс-падборшчык, граблі-варушылку.

Вядуцца работы па газіфікацыі зернесушыльных комплексаў

На этапе будаўніцтва знаходзяцца работы па газіфікацыі зернесушыльнага комплексу ў Велеціне (ААТ «Веляцін Агра»), на этапе праектавання – ў Тунеўшчыне (КСУП «Ім. І.П. Мележа»). Праектамі прадугледжана газіфікацыя існуючых ЗСК. Выкарыстоўванне прыроднага газу дазволіць інтэнсіфікаваць і аўтаматызаваць вытворчыя працэсы. Пры будаўніцтве прымяняюцца энергазберагаючыя канструктыўныя элементы, матэрыялы і інжэнерныя сістэмы.

І БУДЗЕ ЖЫЦЬ

35-годдзе з дня аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Чорным радыяцыйным крылом яна закранула наш раён, змяніла яго развіццё, лёсы людзей. І мы не маем права забываць пра гэта. Наш абавязак нагадваць грамадству пра тое, да якой маштабнай тэхнагеннай катастрофы можа прывесці чалавечая халатнасць.

Наш абавязак жыць!

Анатолій БАНДАРЭНКА, старшыня райвыканкама.



2 комментария по теме “Дзень памяці, дзень смутку, дзень надзеі

  1. На ўездзе ў горад усталявалі новы прыгожы «пашпарт» Хойніцкага раёна…

    Праблема, аднак, у тым, што ў новы «пашпарт» запісалі старыя памылкі пра найранейшую згадку Хвойнікаў у 1512 г., хоць адбылося тое ў годзе 1504-м (пра гэта можна прачытаць на старонках Хойнікі Вікіпедыі на розных мовах); аб прыналежнасці сяла да Брагінскага графства (князі Вішнявецкія, бывала, называлі так сваё ўладанне ў XVII і XVIII ст., але Хойнікі ім наогул ніколі не належалі), пра адміністрацыйную прыналежнасць Хойнік у складзе Брагінскай воласці да Рэчыцкага павету (гэтага ніколі не было, бо Хойнікі часоў ВКЛ І Рэчы Паспалітай – тэрыторыя Кіеўскага, пазней Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводства), прыналежнасць да Рэчыцкага павету (рэальнасць, але даволі позняя – з канца XVIII ст.). Прыкра! Упарта не жадаем ведаць гісторыю свайго краю?..

    Рейтинг комментария:Vote +1+2Vote -10

  2. І яшчэ. У новым «пашпарце» зноў, як і ў старым, прапушчаны невялічкі ўчастак мяжы з Лоеўскім раёнам, хоць суразмерны з ім участак мяжы з Мазырскім раёнам названы. Да таго ж, памылкі, згаданыя ў папярэднім каментары, дагэтуль застаюцца на афіцыйным сайце Хойніцкага райвыканкама.

    Рейтинг комментария:Vote +1+1Vote -10

Добавить комментарий для С. Бельскі Отменить ответ

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *