Галоўнае свята ўраджаю

Сельское хозяйство

Завяршыўся чарговы гадавы круг пачэсных спраў і клопатаў хлебаробаў. Па добрай славянскай традыцыі сёння мы падводзім вынікі іх нялёгкай працы, якая не марнуе, а гадуе і сілкуе чалавека. Як падкрэсліў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка, выступаючы на рэспубліканскім фестывалі-кірмашы “Дажынкі-2009” у Кобрыне, прадукцыя аграпрамысловага комплексу з’яўляецца стратэгічным рэсурсам, важнейшай крыніцай валютных запасаў краіны, гарантам сацыяльна-палітычнай стабільнасці ў грамадстве.

У нашым раёне сельская гаспадарка была і застаецца важнейшай галіной эканомікі. Таму відавочна, што ад поспехаў працаўнікоў палёў і ферм у многім залежыць дынаміка развіцця нашага невялікага рэгіёна.

Нягледзячы на капрызы надвор’я ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах Хойнікшчыны паспяхова праведзены комплекс пасяўных і ўборачных работ. Нялёгкая праца хлебаробаў акупілася, кожны гектар збожжавага поля даў па 39 цэнтнераў збожжа, што вышэй узроўню мінулага года на 4,4 ц/га. Валавы намалот перавысіў 37,2 тыс.тон збожжа  (у 2008 годзе – 35,3 тыс. тон).Сёлета 26 экіпажаў збожжаўборачных камбайнаў дасягнулі намалоту больш за 1000 тон (у 2008-м – 19), 21 вадзіцель перавёз больш за 1000 тон збожжа (у 2008-м – 18). Парадаваў і рапсавы палетак, з яго атрымана 8316 тысяч тон ураджаю (у 2008-м – 7718 тыс. тон рапсу).

Нездарма кажуць, хлеб над усім пануе, хлеб над панамі пан. Ен ніколі не бывае лёгкім, бо патрабуе пастаяннай увагі, бязмежнай працавітасці, прыроднай мудрасці. За гэта вялікая ўдзячнасць усім, хто прыклаў нямала намаганняў у атрыманні важкага хлебнага караваю – камбайнерам, вадзіцелям, аграномам, інжынерам, кіраўнікам гаспадарак, іх родным і блізкім за разуменне і падтрымку.

Перад працаўнікамі вёскі на бліжэйшы перыяд ставяцца яшчэ больш сур’ёзныя задачы. Адным з рэзерваў іх выканання з’яўляецца меліярацыя, што прывядзе да прыбаўкі ў вытворчасці збожжа. На шчасце, вырашаць гэтыя задачы давядзецца не з нуля. Есць добрыя стартавыя пазіцыі.

У сённяшняе раённае свята “Дажынкі-2009” прыемна радавацца працоўным перамогам. Ад усёй душы жадаю хлебаробам моцнага здароўя, шчасця. Няхай адказная праца і шчырая любоў да зямлі вяртаюцца высокімі ўраджаямі і паспяховай рэалізацыяй прадукцыі.


А.В. БІЧАН,
cтаршыня раённага выканаўчага камітэта.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *