Імкнуцца да дасягнення мары ніколі не позна

Власть

Менавіта да гэтага заклікала старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Бондар старшакласнікаў Стралічаўскай сярэдняй школы.

Такія сустрэчы з вучнямі школ горада і раёна сталі традыцыйнымі. Галіна Віктараўна расказвае старшакласнікам аб галінах улады, іх функцыях, дзейнасці народных абраннікаў і іх задачах, фарміраванні бюджэту раёна, яго расходных і даходных частках, сацыяльна-эканамічным развіцці Хойнікшчыны.

У Стралічаўскай школе з вучнямі пагаварылі на тэму аднаўлення раёна пасля аварыі на ЧАЭС, 35-годдзі гэтай журботнай даты, дзейнасці запаведніка па захаванню і даследаванню флоры і фауны рэгіёна. Запаведнік – гэта ўнікальны навуковы палігон, дзе вывучаецца жывёльны і раслінны свет, уздзеянне радыяцыі на іх, магчымасці вырошчвання чыстай прадукцыі.

Абавязкова пад час такіх сустрэч заходзіць размова пра мары і планы падрастаючага пакалення. Вучні дзеляцца кім плануюць стаць у будучым, а Галіна Віктараўна расказвае аб прадпрыемствах, арганізацыях і ўстановах раёна і спецыялістах, у якіх яны маюць патрэбу.

Таксама старшыня райсавета прапанавала рабятам адказаць на пытанні «калі б я быў старшынёй раённага Савета дэпутатаў, дырэктарам школы, старшынёй сельгасарганізацыі, то…». За самыя цікавыя адказы вучні атрымалі сувеніры.

*** *** ***

У межах дня дэпутата старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Бондар правяла прыём грамадзян і «прамую лінію» ў райсавеце, а таксама ў Паселіцкім сельвыканкаме.

Звароты грамадзян датычылі пытанняў добраўпарадкавання і навядзення парадку, у тым ліку на могілках, рэалізацыі норм закона аб пахаванні, магчымасці набыцця дома.

Прыемна, што жыхары раёна заўважаюць тую вялікую работу, што праводзіцца па добраўпарадкаванню ў сельскіх населеных пунктах і ў горадзе. Так, жыхарка Храпкава падзякавала за своечасовы знос пустуючых дамоў, якія прадстаўлялі пэўную небяспеку ды і сталі месцам несанкцыянаваных смеццезвалак.

Вольга БЕЛАШ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *