Рэквіем вёсцы Ізбынь


(Пачатак у № 72, 74 “ХН”)


КАБАНЧЫК СУПРАЦЬ СВІСТКА


Жылі былі хлопчык і дзяўчынка – Воўка і Манька. Яму было шаснаццаць, ёй пятнаццаць. На танцы бегалі адной дарогай, а назад ішлі ўзяўшыся за рукі. У вёсцы прывыклі да іх адносін, і ўсім здавалася, што так павінна і быць.

Прайшо два гады. Воўка пасталеў, распаўнеў, і сябры далі яму мянушку Кабанчык. Манька стала семнаццацігадовай прыгожай дзяўчынай. Па-ранейшаму хадзілі на танцы, пасядзелкі толькі ўдваіх, і называлі іх жаніхом і нявестаю.

Ужо ўcе аб вяселлі пагаворвалі. Але хлопцу патрэбна было праз год у армію ісці. Працаваў ён кавалём. Сапернікі, якія пачалі каля Мані ўвівацца, пабойваліся хлопца, хоць ён ні з кім не біўся.

Ішоў час. Ужо дэмабілізаваліся салдаты першага пасляваеннага прызыву. Адзін з іх, таксама Валодзя, па мянушцы Свісток, звярнуў увагу на Маню, але тая цвёрда сказала “Не!” І тады Свісток праклаў дарогу да сэрца маці Мані. Жыла сям’я без бацькі, які загінуў на фронце. У доме падрастала яшчэ адна нявеста, малодшая Каця. Маці хацела як мага хутчэй выдаць замуж старэйшую дачку, сказала катэгарычна: “Пойдзеш за Валодзю Свістка, а не за Кабанчыка, ён яшчэ і ў арміі не быў”.

Незавідным жаніхом быў той Свісток. Спецыяльнасці не меў, у размове не блішчэў, ды і тварам не выйшаў. Але рабіць няма чаго: раней дзеці слухалі сваіх бацькоў.

Вяселле вырашылі згуляць у доме нявесты. І далейшыя падзеі, непасрэдным удзельнікам якіх давялося быць мне, праходзілі вельмі цікава. Звычайна на кожнае вясковае гулянне дом запаўняўся цікаўнымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі, а калі не хапала месца, то проста глядзелі ў вокны.

У той раз я быў дома, ляжаў у ложку і чуў, як грае гармонік і бухае бубен. Раптам нехта  пастукаў у дзверы. Падбег да іх і пачуў голас стрыечнага брата Валодзі Кабанчыка: “Хутчэй апранайся, пойдзеш са мною”. Роднага брата я не меў, а Кабанчык быў для мяне раднёй і аўтарытэтам.

Ішлі да Маньчынага дому асцярожна, каб ніхто не заўважыў, а калі падышлі, я атрымаў заданне перадаць маладой, каб пры зручным выпадку бегла яна ў алешнік, дзе яе будзе чакаць Кабанчык. Маня мяне пацалавала ў шчаку і пайшла ў хату. Аб чым там ішла гаворка, не чуў, але можна было зразумець, што нявеста некуды адпрошваецца. Калі ж нават не апрануўшыся Маня пабегла, Свісток пайшоў за ёй.

Быў лістапад, ішоў мяккі мокры снег і я хутка змікіціў, што трэба атакаваць “маладога”, што і зрабілі з хлопцамі, закідаўшы яго снежкамі. Забыўшыся пра нявесту, Свісток пабег за мной. Сілы былі не роўныя, але я паспеў заўважыць, як Маня кінулася за хлеў, а там да алешніка рукой падаць.

Раніцою ў нядзелю, узяўшы санкі, я паехаў катацца з горкі, што была за цётчыным домам. І ўбачыў у акне прыплюснутыя насы: на мяне з усмешкай глядзелі закаханыя.

А потым у Манькі і Валодзькі нарадзіліся тры прыгажуні-дачкі. Нявестай жа Свістка стала малодшая сястра Каця, але не склалася ў іх сямейнае жыццё. Частыя скандалы і бойкі рана звялі ў магілу цёшчу. Сын-першынец Пеця ў сталым узросце здзейсніў трайное забойства, за што судом быў прыгавораны да пажыццёвага заключэння, у час адбыцця якога памёр.


Аляксандр ЧАРЭЙКА.


(Працяг будзе).



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *