Восень — пара цукровая

Сельское хозяйство

Цукровыя буракі – адна з прыярытэтных сельскагаспадарчых культур, якія вырошчваюцца на палях раёна. У якасці сыравіны “салодкі корань” з гаспадарак Хойнікшчыны паступае на Гарадзейскі цукровы камбінат. Па стану на 6 кастрычніка перапрацоўшчыкам з запланаваных 22 тысяч тон адгружана 8131 тона караняплодаў.

Зараз у разгары ўборачная кампанія, напружаная работа кіпіць не толькі на палях, але і на пляцоўцы, дзе адбываюцца сарціроўка і загрузка буракоў у вагоны. Адзін за адным пад’язджаюць з гаспадарак нагружаныя аўтамабілі да бурта-ўкладачнай машыны, на якой і адбываецца сарціроўка, якая транспарцёрам загружае буракі ў вагоны.

За ходам сартавальна-пагрузачных работ назірае прадстаўнік цукровага камбіната А. І. Обухаў – чалавек не новы ў нашым раёне. Аляксандр Іванавіч уважліва сочыць за тым, каб у вагоны не траплялі пашкоджаныя, бітыя і падгніўшыя караняплоды.

– Хацелася б у гэтым сэнсе адзначыць сельгаспрадпрыемствы “Судкова” і “Аравічы”, якія з’яўляюцца лідэрамі як па аб’ёмах паставак, так і па якасці буракоў, – гаворыць А. І. Обухаў. – А вось з агракамбіната “Віць” буракі паступаюць да нас засмечанымі, з вялікай колькасцю зямлі і пустазелля, таму перад пагрузкай іх даводзіцца перабіраць дадаткова.

Адзначыў Аляксандр Іванавіч і той факт, што ў параўнанні з 2008 годам цукровыя буракі ў нашым раёне сёлета ўрадзілі намнога лепш. Іх адгрузка на Гарадзею пачалася ў першай дэкадзе верасня. У гэты час штодзённа са станцыі Хойнікі адпраўлялася па 5 вагонаў, зараз у суткі грузяцца па 10 вагонаў, а ўжо на гэтым тыдні мы выйдзем на аптымальную іх сутачную колькасць – 15.

– Распрацаваны графік паставак, якога павінны прытрымлівацца ўсе раёны, адкуль прадукцыя накіроўваецца на цукровы камбінат, – гаворыць А.І. Обухаў. – Магутнасці прадпрыемства разлічаны на перапрацоўку 8 тысяч тон буракоў у суткі, таму нам патрэбна пазбегнуць як недахопу сыравіны, так і залішняй яе затаранасці.

А яшчэ хацелася б, каб тэхніка і людзі з гаспадарак прыступалі да пагрузачных работ у 8 гадзін раніцы, а не ў 9-10, як гэта часцяком адбываецца зараз.

У сувязі з тым, што мы не можам адгружаць больш за 15 вагонаў у суткі, а на палях ужо пачалася масавая ўборка, выкажу пажаданне, каб цукровыя буракі пасля ўборкі перабіраліся, ачышчаліся ад травы і зямлі і складзіраваліся ў гаспадарках у накрытыя бурты. Так цукровыя буракі могуць захоўвацца не губляючы сваіх якасцей аж да студзеня.  А потым, па меры магчымасці, можна дастаўляць іх на загрузачную пляцоўку, адпраўка на камбінат будзе ажыццяўляцца планамерна і стабільна, без зрываў і аўралу.

На работах па сарціроўцы і загрузцы заняты машыністы Уладзімір Аркадзьевіч Коўшун, Павел Сямёнавіч Краўчанка (на здымку) і кагатчык Міхаіл Леанідавіч Бельскі. Усе яны мясцовыя, хойніцкія, але на сезон нарыхтовак цукровых буракоў залічаны ў штат Гарадзейскага цукровага камбіната.

За продаж цукровых буракоў сельгаспрадпрыемствы раёна могуць выручыць нядрэнныя грошы. За тону камбінат плаціць па 90 тысяч рублёў пры базіснай цукрыстасці 16 працэнтаў. У тым выпадку, калі яна вышэйшая, выплачваюцца надбаўкі, калі ж ніжэй, то адпаведна, кошт сыравіны зніжаецца. Так што, у гаспадарак ёсць добры стымул пастаўляць толькі якасную прадукцыю.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *