Як будзем зімаваць


Зусім мала часу засталося да пачатку ацяпляльнага сезона. Аб гатоўнасці аб’ектаў цеплавой гаспадаркі да работы ў асенне-зімовы перыяд 2009-2010 гг. карэспандэнту “ХН” Віктару Назаранку расказалі кіраўнікі прадпрыемстваў, якім давядзецца ацяпляць жылфонд горада і аб’екты сацкультбыту.


Дырэктар Хойніцкага рамонтнага завода У.А. Хорсун:


ЯК І Ў МІНУЛЫЯ ГАДЫ


– У ходзе падрыхтоўчых работ да новага ацяпляльнага сезона  праведзены рэвізія і рамонт запорнай апаратуры, ачыстка барабанаў і кацельных труб, рамонты дэаэратарнага бака і ўнутранай паверхні дымавой трубы, паравадзянога і вадзянога падагравальнікаў, рэвізія і рамонт сеткавых помпаў.

Акрамя таго, у кацельні адрамантаваны парушаныя ўчасткі цеплаізаляцыі трубаправодаў пары і гарачай вады, праведзены гідравыпрабаванні цеплавых сетак, а таксама гідравыпрабаванне і прамыўка сістэмы ацяплення. Ачышчаны ўсе калодзежы каналізацыі. Укамплектаваны і абучаны абслуговы персанал. Адзінае, што засталося зрабіць і будзе зроблена ў самы бліжэйшы час, – рэжымна-наладачныя выпрабаванні катла ДКВР 6,5/13. 

Пашпарт гатоўнасці кацельні атрыманы.


Дырэктар Хойніцкага торфабрыкетнага завода І.М. Тамко:


РЫХТАВАЛІСЯ БЕЗ ЗРЫВАЎ І АЎРАЛУ


– Падрыхтоўку да асенне-зімовага перыяду на нашым прадпрыемстве пачалі яшчэ з мая месяца. Вызначылі неабходны аб’ём работ і асноўныя мерапрыемствы і на працягу ўсяго лета спакойна, без зрываў і аўралу, рыхтавалі абсталяванне і цепласеткі да работы. У выніку ўжо 7 верасня намі атрыманы пашпарт гатоўнасці цеплакрыніц (кацельні) і пашпарт гатоўнасці аб’ектаў спажыўцоў цеплаэнергіі.

На сённяшні дзень поўнасцю гатовы да работы помпавая гаспадарка, катлы і сеткі ацяплення. Гэта стала магчымым дзякуючы праведзеным работам па ачыстцы ўнутраных паверхняў катлоў і бойлераў, рэвізіі кацельнага абсталявання, тэхнічнаму абслугоўванню аўтаматыкі бяспекі і прафілактычнаму рамонту пускаахоўнай апаратуры.

Зараз запаўняем цеплатрасу і прыступаем да выпрабаванняў эфектыўнасці работы бойлераў па так званаму малому кругу ацяплення, у які ўваходзяць такія аб’екты цеплазабеспячэння, як ПДРЭЗ, Хойніцкі філіял РУП “Гомельаблпаліва” і наша прамзона. А ўсяго, акрамя названых вышэй аб’ектаў, падачу цяпла мы забяспечваем у 13 жылых дамоў, якія раней утрымліваліся на балансе нашага завода, а таксама ў інтэрнат запаведніка, магазіны, дзіцячы сад і на фабрыку мастацкіх вырабаў.

Праведзена абследаванне цепласетак, па выніках якога выяўлены і ліквідаваны месцы ўцечак цяпла. Для гэтага давялося правесці дадатковыя гідраўлічныя выпрабаванні цеплатрасы.

Наша кацельня на 100 працэнтаў забяспечана запасам паліва – фрэзерным торфам. Таксама створаны аварыйны запас матэрыялаў і запчастак для абсталявання. Абслуговы персанал у колькасці 20 чалавек прайшоў навучанне ў Гомельскім філіяле Дзяржаўнага інстытута перападрыхтоўкі кадраў “Газаінстытут”.

Акрамя таго адзначу, што ў мінулыя гады з-за няякаснай прамыўкі цепласетак КЖУП “Хойніцкі камунальнік” накіп, асадкі і ржаўчына цалкам не выдаляліся з унутранай паверхні труб і ўвесь гэты шлак па лініі звароту вады асядаў на сценках бойлераў кацельні. Таму мы прынялі рашэнне ўстанавіць на зваротнай лініі спецыяльныя механічныя фільтры. Гэтыя работы завершаны 5 кастрычніка.

Нельга не сказаць і аб тым, што пасля рэарганізацыі нашага прадпрыемства вялікую дапамогу ў падрыхтоўцы да новага ацяпляльнага сезона нам аказала кіраўніцтва РУП “Гомельаблгаз”.

На сённяшні дзень наша кацельня гатова вытрымаць сезонную нагрузку да 4 гекакалорый у гадзіну. Болей не дазваляюць магутнасці помпавай гаспадаркі, а іх рэканструкцыя зараз немэтазгодна ў сувязі з будаўніцтвам на базе нашага прадпрыемства міні-ТЭЦ, якое павінна пачацца ўжо ў наступным годзе.

Дырэктар КЖУП “Хойніцкі камунальнік” А.М. Клюкаўкін:


АСНОЎНЫЯ РАБОТЫ ВЫКАНАНЫ


– У адпаведнасці з рабочай праграмай падрыхтоўкі аб’ектаў цеплагаспадаркі да работы ў зімовых умовах на нашым прадпрыемстве выкананы шэраг падрыхтоўчых работ. На ўсіх кацельнях, цеплавых вузлах і ЦТП праведзены прафілактычныя рамонты абсталявання, ачышчаны ўнутраныя паверхні 11 катлоў, адрамантаваны цеплавыя камеры. У поўным аб’ёме праведзены гідраўлічныя выпрабаванні цеплаправодаў ад усіх кацельняў і пробны пуск кацельняў.

У ходзе рэалізацыі мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да ацяпляльнага сезона праведзена рэвізія запорнай арматуры, прамыўка сістэм ацяплення ў 85 жылых дамах, адноўлена цеплаізаляцыя ў цеплавых вузлах 110 шматкватэрных дамоў. На сённяшні дзень тэхнічны стан катлоў, трубаправодаў пары і гарачай вады адпавядае Правілам падрыхтоўкі і праходжання асенне-зімовага перыяду энергазабяспечваючымі арганізацыямі і спажыўцамі цеплавой энергіі. Па стану на 1 кастрычніка атрыманы пашпарты гатоўнасці на ўсе кацельні і аб’екты спажыўцоў цеплазабеспячэння.

Акрамя таго, па заяўках жыхароў шматпавярховых дамоў выкананы рамонт 2,1 тысячы пагонных метраў стыкаў сценавых панэляў, 3,4 тыс. кв. метраў дахавага пакрыцця, 32 пад’ездаў жылых дамоў.

На сённяшні дзень на балансе КЖУП “Хойніцкі камунальнік” налічваецца 16 кацельняў (3 у горадзе і 13 у сельскіх населеных пунктах), з якіх 12 працуюць на мясцовых відах паліва – дровах і тарфяным брыкеце. Для гэтага нарыхтавана 4400 куб. метраў дроў і 200 тон паліўных брыкетаў. Гэтая работа працягваецца і зараз: з Хойніцкім торфабрыкетным заводам заключаны дагавор на пастаўку 500 тон тарфяных брыкетаў.

У рамках падрыхтоўкі да работы ў асенне-зімовы перыяд праведзена праверка 16 прыбораў групавога ўліку расходу вады і 73 прыбораў уліку цеплавой энергіі, прамыта 23,8 км каналізацыйных калектараў  і 52,7 км водаправодных сетак, капітальна адрамантаваны 6 артэзіянскіх свідравін у населеных пунктах Паселічы, Казялужжа, Глінішча, Дворышча і Вялікі Бор (2).

Нагрузка па забеспячэнню цяплом аграгарадка Глінішча пераключана на цэнтральную кацельню, якая працуе на мясцовых відах паліва, а ў Казялужжы кацельня таксама перападрыхтавана да работы на мясцовых відах паліва. Газ тут застаўся рэзервовым відам паліва.

 Абслуговы персанал належным чынам абучаны і загадам па прадпрыемству дапушчаны да самастойнай работы.

Створаны аварыйна-рамонтная брыгада па рамонту і абслугоўванню цеплакрыніц, цеплаізаляцыйнага абсталявання і цеплавых сетак і газавая служба з ліку работнікаў, якія прайшлі адпаведную праверку ведаў.

Зараз адной з надзённых задач з’яўляецца пераключэнне падачы цяпла на жылыя дамы па вул. К.Маркса ў райцэнтры з кацельні рамонтнага завода на падачу цяпла з нашай кацельні па вул. Савецкай. Гэты перавод дазволіць знізіць страты цяпла і затраты на яго выпрацоўку. Ужо ў самым хуткім часе тут пачнуцца работы па пракладцы неабходнай колькасці цепласетак, а завяршэнне работ па пераключэнню падачы цяпла па плану намечана на канец кастрычніка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *