Ці будзе парадак? Адказаць немагчыма

Службы информируют

У маніторынгу мабільнай групы райвыканкама па арганізацыях і прадпрыемствах раёна прыняў удзел намеснік начальніка Рэчыцкага міжраённага аддзела дзяржінспекцыі працы Аляксандр Казубоўскі.

У гэты раз мабільная група наведала дрэваапрацоўчае прадпрыемства «Голдфорс», участак па вытворчасці камбікармоў саўгаса-камбіната «Зара», МТФ «Езапоў» і будоўлю малочна-таварнага комплексу КСУП «Судкова».

На дрэваапрацоўчым прадпрыемстве правяраючых ніхто не сустрэў, толькі зграя сабак бегала каля варот. Уваход работнікаў на тэрыторыю ажыццяўляецца праз вароты, прызначаныя для руху транспартных сродкаў – гэта небяспечна. На тэрыторыі арганізацыі не вызначаны месцы для захоўвання драўляных адходаў, металалому. Усё ляжыць дзе пакінулі. Трава непакошана, а работнікі сядзяць на лаўцы.

Крыша цячэ, а вада збягае на электрашчыты. Больш за ўсё здзівіла тое, што электрашчыты накрыты плёнкай. Начальнік вырашыў пытанне без асабістых выдаткаў для сябе, а работніку гэтая халатнасць можа каштаваць жыцця.

Далей накіраваліся на ўчастак па вытворчасці камбікармоў. Парушэнняў не выяўлена.

На ўваходзе малочна-таварнай фермы «Езапоў» тэрыторыя чыстая. У памяшканні кампрэсарнай на зліўной адтуліне адсутнічае ахоўная рашотка, якая павінна быць устаноўлена ва ўзровень падлогі. Аптэчка першай дапамогі не ўкамплектавана лекавымі сродкамі ў поўнай меры. А ў лекавых сродках, што там ёсць, скончаны тэрмін прыгоднасці.

На інфармацыйных стэндах пры ўваходзе адсутнічае наглядная інфармацыя па прафілактыцы інфекцыі COVID-19. Можа на гэтым прадпрыемстве пра захворванне і не чулі? Або не клапоцяцца аб здароўі работнікаў?

Наступны прыпынак – будаўнічы аб’ект «Будаўніцтва малочна-таварнага комплексу КСУП «Судкова». Будаўнічыя рыштаванні ўстаноўлены з выкарыстаннем драўляных прадметаў, якія не выключаюць страту іх устойлівасці. Калі правяраючыя накіравалісь у памяшканне, дзе кладуць плітку, сутыкнуліся з парушэннем электрабяспекі. Провад падаўжальніка ляжаў у лужы вады. Па завяршэнні работ работнікі не выключаюць электраінструмент ад электрычнай сеткі. Так калі будзе парадак? Няўжо павінна нешта здарыцца, каб начальнікі пачалі прыслухоўвацца да прадпісанняў камісіі?

І. ГРЫГАРОВІЧ, начальнік аддзела па пытаннях ЗСПА ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *