Тэмы – актуальныя, пытанні – надзённыя

Власть

Гандаль, сацабслугоўванне і пенсіі

Інфармацыйна-прапагандысцкая група райсавета дэпутатаў пад кіраўніцтвам Галіны Бондар, старшыні раённага Савета дэпутатаў, сустрэлася з працоўным калектывам тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Тэма чэрвеньскага адзінага дня інфармавання – роля гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі ў фарміраванні грамадзянскасці і патрыятызму. Галіна Віктараўна адзначыла, як важна захоўваць памяць аб мінулым, яго здабытках, усіх дасягненнях і тым, якім чынам сённяшняе мірнае спакойнае жыццё было дасягнута. Асаблівы акцэнт – на выніках Вялікай Айчыннай вайны. На жаль, сёння ёсць тыя, хто жадае перапісаць гэтыя вынікі, знізіць ролю нашых брацкіх народаў, паставіць пад сумненне саму Перамогу. І гэтага мы не павінны дапусціць – мы павінны памятаць, паважаць, утрымліваць у парадку месцы пахавання і памятныя знакі.

Галіна Бондар праінфармавала аб сацыяльна-эканамічным развіцці раёна, фарміраванні раённага бюджэту, функцыях і задачах дэпутацкага корпусу, рэалізацыі Дзяржаўных праграм (у гэтай пяцігодцы на тэрыторыі раёна іх будзе рэалізавана 14). Вялікая ўвага была нададзена пытанням сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, прапагандзе здаровага ладу жыцця, добраўпарадкавання і навядзення парадку на зямлі і інш.

З крымінагеннай сітуацыяй у раёне азнаёміў прысутных в.а. намесніка начальніка РАУС Аляксандр Брыцько. Ён таксама заклікаў усіх быць асцярожнымі і не весціся на званкі ў Viber, якія паступаюць быццам бы ад работнікаў банка, і расказваць пра такое махлярства сваім падапечным.

З падрабязнасцямі змяненняў у пенсійным забеспячэнні згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 171 «Аб сацыяльнай падтрымцы асобных катэгорый грамадзян» азнаёміла Святлана Курленка, начальнік упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама.

Прадстаўнікі дэпутацкага корпусу працягваюць сустракацца з насельніцтвам па месцы жыхарства, у працоўных калектывах. Народныя абраннікі даводзяць да ведама жыхароў Хойнікшчыны актуальную інфармацыю, якая датычыць жыццядзейнасці, дапамагаюць у вырашэнні надзённых пытанняў. Так, на гэтым тыдні прайшлі сустрэчы ў сельскіх населеных пунктах, з работнікамі сельгасарганізацый па месцы працы, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Алег Федзянько правёў сустрэчу з работнікамі РАНС.

Калі у вас ёсць пытанні, то такія сустрэчы – магчымасць іх задаць і аператыўна атрымаць адказ.

Вольга БЕЛАШ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *