Беларусь турыстычная: Цэнтральны батанічны сад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, г. Мінск

Беларусь турыстычная

У Батанічны сад трапіла ўпершыню.

Гулялі з калегамі па дарожках некалькі гадзін, аднак, упэўнена, што ўбачылі далёка не ўсё. Затое будзе прычына прыехаць яшчэ раз.

Пра цвіценне дэкаратыўнай калекцыі бэзу мы пісалі ў мінулым годзе, паўтарацца не буду. Але адзначу, што гэта сапраўды заварожвае – столькі відаў, розных па колеру і суквеццям, нават пах розны.

У гэты ж час зацвіла дэкаратыўная калекцыя рададэндронаў. Яна налічвае больш за 150 гібрыдаў і каля 15 краявідных раслін. Розныя па колеру, памеру, водару. Чырвоныя, жоўтыя, белыя, бардовыя. Вялікія і маленькія кветкі. Каля некаторых стаяць немагчыма, вельмі спецыфічны водар, ад іншых адыходзіць не хочацца – так яны цудоўна пахнуць.

Дрэвы, кусты, расліны, кветкі – знаёмыя і незнаёмыя назвы на таблічках. Уздоўж кожнай пешаходнай дарожкі размяшчаюцца пэўныя віды дрэў, і гэтыя алеі ўсе сыходзяцца ў адной кропцы, з якой потым можна дабрацца да возера. Алеі парку здзіўляюць сваёй разнастайнасцю і веліччу: маньчжурскага арэха, чаромхі Маака, слівалістнай яблыні, чорнай таполі, рабіны звычайнай, канадскай таполі, павіслай бярозы, серабрыстага клёну, Пенсільванскага ясеня, еўрапейскай елкі, ліпы, заходняй туі. І гэта не ўлічваючы тыя расліны, што растуць у экспазіцыйнай аранжарэі (пакінем на іншы раз).

Любуешся, фатаграфуеш, атрымліваеш асалоду ад такой прыгажосці. Пералічыць убачанае – немагчыма. Патрэбна толькі ўсё ўбачыць на ўласныя вочы.

Дарэчы, Цэнтральны батанічны сад Нацыянальнай акадэміі Беларусі з’яўляецца найстарэйшым на тэрыторыі краіны. Ён быў заснаваны ў 1932 годзе з мэтай захавання разнастайнасці раслін. На 153 гектарах размясціліся больш за 9000 асобнікаў унікальных відаў раслін, каля 2500 расце ў закрытым грунце. Гэта адзін з найбуйнейшых падобных аб’ектаў у Еўропе.

Навошта вам тыя «турцыі» з «егіптамі», калі такая прыгажосць побач, дома?

Вольга БЕЛАШ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *