Перапынены працэс, або Аб тым, як «накрылі» рэцыдывіста сівушных спраў


Злачынствы, скандалы ў сям’і і з суседзямі, слёзы жанчын і дзяцей, разбураныя сем’і, атручванні – у большасці выпадкаў гэта вынікі п’янства і алкагалізму. Людзі розных узростаў і полу могуць апынуцца ў іх багне. Мядзведжую паслугу аказваюць сваім кліентам самагоншчыкі, сярод якіх на працягу дзесяткаў год адным з самых старанных аказваецца жыхар горада А.М. Чэкан. Наколькі ўжо вытрыманым з’яўляецца кіраўніцтва РАУС, але і яго “дастаў” Аляксандр Мікалаевіч – звярнулася ў рэдакцыю з просьбай вынесці на старонкі газеты супрацьзаконныя дзеянні самагоншчыка са стажам.

…Пільнае вока ўчастковага інспектара на вул. Пралетарскай заўважыла знаёмую постаць, якая шмыганула з двара дома № 83а. Вядомы пад мянушкай “Белы”, Сяргей Кавальчук летась “адкінуўся” з зоны, а потым ездзіў на заробкі ў Расію. За такімі грамадзянамі работнікі міліцыі павінны ажыццяўляць сістэмны кантроль. Сяргей нідзе не працуе, з’яўляецца чарговым сужыцелем  збегшай са Стралічаўскага рэабілітацыйнага цэнтра Наталляй Шапавал, якая прыехала з Брэстчыны лячыцца малітвай і працай, але не хапіла цярпення ні на тое, ні на другое.

– Што гэта ў кішэні хаваеш? – запытаў участковы.

– Матуля Мальвіна пенсію атрымала, дык…

– Дык што?..

Кавальчук нехаця дастаў бутэльку і быццам прарвала яго:

– Калі ўжо прыкрыеце гэты шынок?! Дакуль Чэкан труціць людзей будзе?..

Нават не па сабе стала ахоўніку правапарадку. Выходзіць, міліцыя вінаватая, што гаспадар 83-га дома цісне самагонную вадкасць, а  ён, Кавальчук Сяргей Пятровіч, вымушаны купляць яе па 5 тысяч рублёў за пляшку.

Цікаўныя жыхары вуліцы, што праходзілі міма, не прамінулі з’едліва заўважыць:

– Ото ж! На самагонным бізнесе зяцям машыны купіў, а цяпер ужо і ўнуку…




Для вырашэння праблем і прыняцця мер, накіраваных на прафілактыку правапарушэнняў, здзяйсняемых у сферы сямейна-бытавых адносін, папярэджванне п’янства і алкагалізму, фарміраванне здаровага ладу жыцця грамадзян, Міністэрствам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь з 25 студзеня па 25 лютага 2009 г. праводзяцца комплексныя мерапрыемствы ў некалькі этапаў.

На кожным этапе прымаюцца меры па выкараненню нелегальнага абароту алкагольнай прадукцыі і самагону, а таксама каналаў паступлення і збыту на тэрыторыю нашай вобласці сурагатаў алкаголю.






Праз дваццаць мінут у вышэйупамянутым домаўладанні ўжо была група міліцыянераў. Гаспадары гасцей не чакалі. Звычайна А.М. Чэкан, калі ўсё як належыць схавана, набажна хрысціцца і божыцца, а тут і крыжам  сябе асяніць запамятаваў. Гаспадыня Ядзвіга Уладзіміраўна толькі рукі бездапаможна развяла.

Гаварыў нешта Аляксандр Мікалаевіч аб “Фальксвагене”, які купіў унуку, і за які яшчэ плаціць і плаціць трэба, а пенсія не дазваляе. Але госці ўжо “любаваліся” на сыравіну для вытворчасці самагонкі. Восем бідонаў брагі адзін на адным красаваліся ў кацельні, на верхніх ажно накрыўкі падскоквалі, так весела выходжваўся спіртаўтрымліваючы матэрыял. Нескладаныя падлікі паказваюць, што з яго можна было б нацадзіць 160 паўлітровак. Ды калі па 5 тысяч за кожную… Ведалі аб гэтым Чэканы яшчэ тады, калі ўпускалі дрожджы ў бідоны.

Не, не будзе тых грошай, бо амаль 300 літраў брагі апынуліся ў каналізацыйнай яме. Калі б на агарод вылілі, то, чаго добрага, нічога і не вырасла б на той зямлі.

У адносінах Ядзвігі Уладзіміраўны складзены пратакол, бо гэта ж яна рэалізоўвала самагонную прадукцыю апошнім пакупнікам Сяргею Пятровічу Кавальчуку і яго сужыцельніцы Наталлі Васільеўне Шапавал. Зроблена экспертыза, справа перададзена ў суд.


С. КОНАНАЎШЧЫН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *