У ролі настаўнікаў

Образование

З нечаканага віншавання па радыёвузлу пачаўся вучэбны дзень у мінулую пятніцу ў гарадской сярэдняй школе № 3. “Паважаныя калегі, – даносілася ва ўсе кабінеты ўстановы, – ад імя адміністрацыі і ад сябе асабіста сардэчна віншую вас са святам – Днём настаўніка!” Затым у адрас педагагічнага калектыву прагучалі словы падзякі і шчырыя пажаданні, а ў канцы: “З павагай, дырэктар-дублёр школы Арцём Алегавіч Казачэнка”.

Такім чынам быў дадзены старт правядзенню дня самакіравання. Строга апранутыя настаўнікі-дублёры па званку адправіліся ў класы. А “новы” дырэктар школы з сур’ёзным выразам твару сустракаў і адчытваў спазніўшыхся.

Увесь дзень вучні старэйшых класаў праводзілі заняткі замест настаўнікаў. Пасля ўрокаў адміністрацыя школы, педагогі і іх дублёры сабраліся ў настаўніцкай, каб падзяліцца ўражаннямі.

Дырэктар школы С.М. Зубок:

– Настаўнікі нашай школы імкнуцца не толькі даваць сваім вучням веды, але вучаць іх жыццю, каб маглі самастойна адаптавацца і ў невялікім калектыве, і ў грамадстве. Таму ініцыятыву правесці дзень самакіравання ў школе падтрымалі адразу. Мы вырашылі даць магчымасць рабятам праявіць сябе ў розных складаных сітуацыях, якія сустракаюцца ў штодзённай рабоце педагога. Нам было вельмі цікава назіраць за настаўнікамі-дублёрамі. Акрамя таго, гэта выдатная прафарыентацыйная работа. Магчыма, нехта з вучняў захоча звязаць сваё жыццё з настаўніцкай дзейнасцю. Значных змен у вучэбным працэсе не адбылося, на ўроках прысутнічалі настаўнікі, якія давалі рабятам парады па правядзенню заняткаў і ацэнцы ведаў вучняў.
Дырэктар-дублёр школы Арцём Казачэнка:

– Пасада кіраўніка школы – вельмі адказная. Работа дырэктара ахоплівае шэраг важных пытанняў: дысцыпліна, паспяховасць, наведваемасць і іншыя. Я сур’ёзна ставіўся да выканання даручанай справы і прад’яўляў самыя высокія патрабаванні да настаўнікаў-дублёраў. Трэба адзначыць, яны з годнасцю спраўляліся з пастаўленымі задачамі. Кіруючыся прыкладам работы дырэктара школы С.М. Зубка, раніцай адзначыў усіх спазніўшыхся і правёў з імі гутарку, на працягу дня сачыў за выкананнем вучэбнага плана, работай дзяжурных, як прытрымліваюцца вучні і настаўнікі дзелавога стылю адзення і інш. Усё нават не пералічыць.

Настаўніца геаграфіі Т.У. Яўжэнка: 

– Дні самакіравання павышаюць аўтарытэт педагагічнай прафесіі ў дзяцей. Рабяты  маюць магчымасць пабываць у ролі настаўніка, пазнаёміцца з асаблівасцямі яго дзейнасці. Сёлета дзень самакіравання ў нашай школе прайшоў упершыню і, трэба адзначыць,  выдатна. Вучні станоўча аднесліся да яго правядзення. На працягу тыдня яны актыўна рыхтаваліся: разам з настаўнікамі разглядвалі новыя тэмы, паўтаралі пройдзены матэрыял. Дзень атрымаўся па-сапраўднаму святочным, вучні падарылі нам шмат пазітыўных эмоцый.

Вучаніца 6 класа Вольга Героніна:

– Спачатку было неяк нязвыкла. Калі на першым уроку настаўніца-дублёр увайшла ў клас, рабяты пачалі перагаворвацца паміж сабой. Усе ведалі аб правядзенні дня самакіравання, але ўсё ж без размоў не абышлося. Нехта шаптаў: “А я яе ведаю”, другія пачалі задаваць шматлікія пытанні, але хутка ўсе сціхлі і прыняліся слухаць новую тэму. Нялёгкі матэматычны матэрыял настаўніца-дублёр падала нам даступна і цікава. Я яго добра зразумела і потым з лёгкасцю скарыстоўвала атрыманыя тэарэтычныя веды пры выкананні практычных заданняў.

Настаўніца малодшых класаў С.М. Прахарэнка:

– Вучні малодшых класаў да дня самакіравання адносяцца больш сур’ёзна. Спакойна сядзяць на ўроках, выконваюць усе заданні настаўнікаў-дублёраў, і наогул адносяцца да іх як да сапраўдных. З захапленнем назірала за тым, як вучні старэйшых класаў праводзяць заняткі. Рабяты паказваюць урокі такімі, якія б ім хацелася бачыць для сябе. Я нават многае ўзяла на заметку.

Настаўніцы-дублёры матэматыкі Юлія Валочка і Юлія Зубок:

– Вельмі спадабалася. Такія дні трэба праводзіць часцей. Мы хацелі стварыць для настаўнікаў сапраўднае свята, даць ім магчымасць адпачыць. Спадзяёмся, у нас гэта атрымалася.

Матэматыка – наш любімы прадмет, таму асаблівых цяжкасцей пры падрыхтоўцы не было. Канешне, крыху хваляваліся, але рабяты актыўна адказвалі на нашы пытанні, таму хутка пачуццё няўпэўненасці знікла.


Наталля ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *