Русалку ў Вялікім Бары вадзілі, прыгалі праз вогнішча ды вянкі асвячаць хадзілі

Культура

Ёсць прыгожае мястэчка ў раёне, называецца Вялікі Бор.

А ў гэтым аграгарадку здаўна праводзіцца абрад для дабрабыту людзей і ладнага ўраджаю «Провады русалкі». Туды мы і накіраваліся ўвечары ў мінулую нядзелю.

Як расказалі нам вялікаборцы, згодна з народным павер’ем, увесь тыдзень перад Сёмухай русалкі знаходзіліся на зямлі, сяліліся ў лясах ці ў гаях і жылі недалёка ад людзей. Паколькі гэтыя істоты лічыліся злымі, маглі нанесці шкоду чалавеку, то каб не патрапіць у няласку трэба было прытрымлівацца правіл. Напрыклад, не займацца сур’ёзнымі палявымі справамі.

З пакалення ў пакаленне перадаюцца традыцыі мясцовага рытуальнага абраду. Спачатку вяскоўцы пачынаюць плесці вянкі з галінак бярозы, ліпы, кветак – руж, васількоў, рамонкаў. Потым разам упрыгожваюць русалку. Некаторыя з жыхароў Вялікага Бору апранаюцца ў нацыянальнае адзенне. А калі падрыхтоўка завершана, праводзяць русалку па вуліцах аграгарадку, песні пяюць.

Дарэчы, на ролю галоўнай гераіні вечара заўсёды выбіраюць незамужнюю дзяўчыну. У гэтым годзе ёю была абрана школьніца Вікторыя, якую па дарозе суправаджалі двое хлапцоў-ахоўнікаў.

Мясцовыя жыхары, артысты самадзейнасці РДК і Цэнтра культуры г. Хойнікі таксама далучыліся да вялікага шэсця, накіроўваючыся на поле, якое знаходзіцца на ўскраіне населенага пункта. Галоўная ж мэта – дагнаць русалку і сарваць папараць-кветку з яе ўбора.

Агонь мае асаблівае значэнне: над ім вяскоўцы і госці свята асвяцілі вянкі і вялікі абрадавы вянок, які ўдзельнікі разрывалі на пучкі (на яго ў прамым сэнсе слова «кідаліся», каб паспець адхапіць сабе хоць галіначку). Паглядаць на гэта адно задавальненне!

Ярка каля жытняга поля гарэла вогнішча. Пачалі вадзіць карагоды, прыгаць праз агонь. Падключыліся дзеці, удзельнікі абраду, сямейныя пары. Лічыцца, што прысутныя падчас такіх дзеянняў надзяляюцца магічнай сілай, а галаўныя ўборы суляць урадлівасць глебы. Вялікаборцы гэтыя вянкі на градкі ў агарод і паклалі. Цяпер чакаюць добрага ўраджаю.

А яшчэ, прыгаючы праз агонь, загадвалі патаемныя жаданні. Маладыя дзяўчаты аб жаніхах марылі, дарослыя жанчыны і мужчыны здароўя прасілі.

Абрад «Провады русалкі» з 2016 года мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі.

Вікторыя МАРОЗ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *