Падрыхтаваліся не ўсе

Сельское хозяйство

Замаразкі двух першых дзён кастрычніка адгукнуліся падзеннем вытворчасці малака мінус 4 тоны па раёну. Дакладней, у тых гаспадарках, дзе не паставілі жывёлу на зімова-стойлавае ўтрыманне, хаця яшчэ ў маі было прынята рашэнне райвыканкома, у якім быў канкрэтна вызначаны тэрмін пачатку зімоўкі – 1 кастрычніка.

Аднак за тры летнія месяцы (плюс верасень) так і не здолелі належным чынам падрыхтавацца да пераводу жывёлы ў стойлы ў агракамбінаце “Віць”, эксбазе “Стралічава” і КСУП “Веляцін”.

Аб гэтым ішла размова на выязным пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, якое прайшло 3 кастрычніка на базе сельгаспрадпрыемства “Велікаборскі”. Яго ўдзельнікі пабывалі на жывёлагадоўчым комплексе гаспадаркі, дзе азнаёміліся з умовамі ўтрымання цялят ад 0 да трох месяцаў, у доміках, станам кашар і памяшканняў для маладняку і дойнага статка.

Як адзначыў старшыня раённага выканаўчага камітэта А.В. Бічан, яшчэ тыдзень таму назад сітуацыя на комплексе пакідала жадаць лепшага. Аднак велікаборцы мабілізавалі ўсе рэзервы, ударна папрацавалі і сустрэлі гасцей вычышчанымі жывёлагадоўчымі памяшканнямі, ачышчанымі і прасторнымі кашарамі, чысцінёй заасфальтаваных праездаў паміж кароўнікамі і цялятнікамі.

Адзінае, што крыху падпсавала ўражанні – хаця і нязначнае, але ўсё ж атрыманае ў “Велікаборскім” падзенне вытворчасці малака: пашкадавалі раскрыць сянажныя і сіласныя ёмістасці. І дарэмна, бо час для гэтага, як заўважыў старшыня райвыканкома, ужо надышоў, а на сухой кукурузнай масе высокіх надояў не атрымаеш.

Пабывалі ўдзельнікі выязнога пасяджэння і на мехдвары. Пахваліўшы чысціню і парадак на тэрыторыі, кіраўнік раёна пакрытыкаваў інжынерную службу за неналежную пастаноўку глебаапрацоўчай тэхнікі і збожжаўборачнага камбайна “Дон-1500” на зімовае захоўванне.

На пленарным пасяджэнні ў стыльна адрамантаваным адміністрацыйным будынку гаспадаркі з інфармацыяй аб гатоўнасці сельгаспрадпрыемстваў раёна да зімова-стойлавага перыяду выступіў намеснік начальніка райсельгасхарчу па жывёлагадоўлі А.П. Махнавец. Ен адзначыў, што на вызначаную дату поўнасцю падрыхтаванымі да зімоўкі жывёлы былі ў сельгаспрадпрыемствах імя Мележа і “Судкова”, з агаворкамі – у ААТ “Хойніцкі Аграсервіс”, КСУП “Велікаборскі” і КУП “Аравічы”.

З тлумачэннямі прычын, па якіх непадрыхтаванымі да зімова-стойлавага перыяду аказаліся жывёлагадоўчыя памяшканні, выступілі кіраўнікі агракамбіната “Віць” А.В. Калыхан і КСУП “Веляцін” А.У. Гарашчанка. Ад эксбазы “Стралічава” адказ трымала галоўны заатэхнік гаспадаркі Н.Т. Дашук. У прынятым рашэнні да ўсіх іх даведзены гранічныя тэрміны ўхілення недахопаў і выпраўлення сітуацыі.

У ходзе работы выязнога пасяджэння райвыканкома яго ўдзельнікі таксама пабывалі ў Велікаборскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі, дзіцячым садзе і комплексным прыёмным пункце.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *