Слаўна ў полі папрацавалі — на кірмашы павесяліліся


Восень – пара кірмашоў, калі вяскоўцы могуць прадаць вырашчанае, а гараджане запасціся свежай сельскагаспадарчай прадукцыяй да самай вясны.

У мінулыя выхадныя ў горадзе Гомелі, на плошчы Леніна, адбыўся незвычайны продаж: сваю прадукцыю для гамяльчан прадставілі ўстановы прафтэхадукацыі, сярод якіх і наша прафесійна-тэхнічнае вучылішча №183. Моладзь з уласцівай ёй энергіяй і фантазіяй паказала, на што здольна. Якіх толькі дзіўных персанажаў з агародніны і фруктаў не ўбачылі наведвальнікі на сялянскім падвор’і хайнічан! Гаспадар (выкладчык беларускай мовы і літаратуры А.М. Клімовіч) і гаспадыня (выхавальніца В.П. Мартыненка) шчыра і сардэчна, хлебам-соллю запрашалі гасцей наведаць падвор’е  (аб караваі паклапаціўся  майстар вытворчага навучання Л.А. Шпак). Госці любаваліся вырабамі народна-прыкладнога мастацтва, над якімі працавалі навучэнцы практычна ўсіх груп вучылішча, выстаўкай жывапісных твораў майстра вытворчага навучання М.І. Марчанка, шыкоўнымі восеньскімі экспазіцыямі кветак.

Тут жа разгарнулася і канцэртная пляцоўка, на якой ураджайная тэма разыгрывалася ва ўсемагчымых песенных і гумарыстычных нумарах. Удзельнікі мастацкай самадзейнасці гарадскога цэнтра культуры і спорту песнямі, танцамі, жартамі прыцягвалі ўвагу да прадукцыі прафтэхвучылішча.

Гандаль ішоў бойка, пастараліся прадаўцы, майстры вытворчага навучання А.В. Карнеева і Д.А. Дзяйкун. У выніку кожны наведвальнік кірмашу пакідаў машыны ДПТВ не толькі з набытай бульбай і морквай, але і з добрым настроем.

З такім жа добрым настроем вярнуліся і хайнічане з кірмашу: прададзена 3 тоны агародніны (цыбулі, морквы , сталовых буракоў); 6 тон збожжа (аўса, ячменю, пшаніцы, трыцікале). Асаблівы попыт быў на бульбу, якой па цане 600 рублёў за кілаграм прададзена 4 тоны. За ўсё выручана больш за 5 мільёнаў рублёў – добрае падспор’е ў вучылішчную скарбонку.


Н. КЛЕМПАЧ,
спецыяліст па ідэалагічнай рабоце ДПТВ-183.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *