Сельскі бізнес На пачатку добрай справы

Сельское хозяйство

Партрэт сённяшняга хойніцкага малаказборшчыка – малады, ініцыятыўны сельскі бізнесмен, які працуе па новаму стандарту абслугоўвання жыхароў, вызначыўшы дакладны рэгламент тэхналагічнага працэсу збору малака, гарантуючы высокі ўзровень сервісу, індывідуальны падыход да кожнага жыхара. І ўжо па вопыту Аляксея Міхайлавіча Косара працуюць такія малаказборшчыкі амаль ва ўсіх населеных пунктах раёна.

На працягу ўсяго часу, як справай дзяржаўнай важнасці стаў закуп лішкаў малака з уласных падворкаў, партрэт малаказборшчыка быў нязменным: гэта – возчык (мужчына або жанчына), які на кані аб’язджаў вуліцы вёсак і райцэнтра, жыхары якіх мелі магчымасць прадаць лішкі малака ад уласных кароў. Малаказборшчыка чакалі зранку, жанчыны выносілі малако ў трохлітровых шкляных слоіках, а ў каго пабольш – у васьмілітровых і дзесяцілітровых вёдрах. Злівалася яно ў бітоны, размешчаныя на возе. Усё сабранае малако адвозілася на ферму, адкуль з дзяржаўным накіроўвалася на малаказавод.

Але на гэтым клопаты малаказборшчыка не заканчваліся. Трэба было весці штодзённую бухгалтэрыю, праводзіць мыццё бітонаў, даглядаць і карміць каня, які, як правіла, знаходзіўся на падворку малаказборшчыка. Зарплата зборшчыку і плата за малако здатчыкам выдаваліся ў канторы сельгаспрадпрыемства.

Калі здарылася катастрофа на Чарнобыльскай АЭС і было забаронена ўжыванне малака ад уласных кароў, збор лішкаў малака таксама быў забаронены. Вясковыя жыхары збывалі кароў. Аднак калі жыццё паступова вярталася ў нармальнае рэчышча, закуп малака таксама аднаўляўся. Вынаходзіліся новыя формы яго арганізацыі. Так, у нашым раёне ў парадку эксперыменту арганізацыяй закупу малака займаўся Алексіцкі сельскі Савет. З новаўвядзенняў было толькі тое, што грошы за здадзенае малако людзі атрымлівалі ў строга адведзеныя дні ў паштовым аддзяленні сувязі па месцу жыхарства. А ўвесь тэхналагічны працэс збору малака заставаўся ранейшым.

Сёлетнім летам у раёне было вырашана справу перадаць індывідуальным прадпрымальнікам па вопыту Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці. Першапраходцам выступіў жыхар райцэнтра Аляксей Міхайлавіч Косар, які з энтузіязмам узяўся за справу.

Яшчэ да знаёмства пачула пра яго добрыя словы: руплівы гаспадар, любіць жывёлу, працуе на зямлі. А з першых мінут размовы адчуваецца ў гэтым маладым чалавеку моцны характар. Хаця, як прызнаўся Аляксей, ён “браўся за гуж” не без ваганняў і сумненняў. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Мікалаеўна Рабінкіна, якая прапанавала менавіта Косару адкрыць справу, заўважыўшы яго нейкую разгубленасць пры гэтым, перасцярэгла: калі баяцца – нічога не атрымаецца.

Дык адкуль жа цяга ў А.М. Косара да сялянскай працы? Нарадзіўся ён у 1977 годзе ў горадзе Ключы, што на Камчацкім паўвостраве ў сям’і кадравага ваеннага, ураджэнца вёскі Аравічы Хойніцкага раёна, Міхаіла Аляксеевіча Косара. Бацька прайшоў праз Афганістан, яго служба ў гэтай гарачай кропцы – больш за 800 гадзін налёту, каля 700 баявых вылетаў на самым цяжкім у той час савецкім верталёце “МІ-6”. Усе вылеты былі небяспечныя, усе баявыя. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Пасля выхаду ў адстаўку М.А. Косар працуе ў Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведніку, узначальвае ГА “Беларускі саюз афіцэраў”.

– Я не ведаю, як дзеляць на этапы сваё дзяцінства звычайныя хлопчыкі і дзяўчынкі, – заўважае Аляксей Косар. – У нас, афіцэрскіх дзяцей, усё проста. Этапы вельмі дакладна абазначаюцца ваеннымі гарадкамі, у якія лёс закідвае твайго бацьку. Заканчваў я школу ў Германіі, дзе служыў бацька ў саставе заходняй групы савецкіх войск. Тэрміновую ж службу праходзіў я ў горадзе Адэса ў пагранічных войсках.

Спачатку здавалася, што ўсё гаварыла за тое, каб быць Аляксею Косару кадравым ваенным, тым больш, што гэтага хацелі бацькі. Але пацягнула юнака зямля, адкуль яны родам. Прыехаў у Хойнікі, дзе жылі яго родныя дзядуля і бабуля па бацькавай лініі, дзядуля – па матчынай. На станаўленне асобы юнака вялікі ўплыў аказаў дзядуля Анатолій Пятровіч Кулакоўскі, заатэхнік па прафесіі, які доўгі час працаваў намеснікам дырэктара саўгаса “Хойніцкі”. Аляксей працаваў заатэхнікам у саўгасе “Судкова” і адначасова навучаўся ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі на зоаінжынера. Дыплом атрымаў у 2006 годзе.

Пасля гэтага пачаў займацца асабістай падсобнай гаспадаркай з мэтай стварэння ў перспектыве фермерскай гаспадаркі па малочнай жывёлагадоўлі. Занятак гэты даў магчымасць атрымання стартавага капітала для дзейнасці ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка-малаказборшчыка. За 7 тысяч умоўных адзінак купіў грузавы бартавы аўтамабіль “Мерседэс-Бенц”, на якім зманціраваў згодна з санітарнымі нормамі бочку ёмістасцю каля паўтары тоны. Бочку гэтую на бязвыплатнай аснове выдзеліла райспажыўтаварыства. Яе праізаліравалі, прапарылі на ПУП “Палескія сыры”, пафарбавалі ў белы колер, замацавалі на машыне. Неацэнную дапамогу ў гэтым аказалі сябры і суседзі: зварачныя работы правёў Міхаіл Мікалаевіч Царыкевіч, самы непасрэдны ўдзел у стварэнні ёмістасці прыняў Пётр Мікалаевіч Паўлючэнка, а таксама Віктар Васільевіч Варонін, які мае намер стаць такім жа прадпрымальнікам і зараз праходзіць у Косара стажыроўку.

А.М. Косар адзначае, што аператыўна вырашаны ўсе арганізацыйныя пытанні. Зарэгістраваўся ў якасці ІП па рабоце з насельніцтвам у падатковай інспекцыі, заказаў накладныя ведамасці, на працягу тыдня адкрыў банкаўскі рахунак, аформіў дагавор з перапрацоўчым прадпрыемствам ПУП “Палескія сыры”. Тут жа прайшоў і вучобу. Ен шчыра ўдзячны дырэктару прадпрыемства Галіне Віктараўне Бондар за тое, што ўвяла ў курс справы па стандартах па малаку, да таго ж, арганізавала экскурсію, у ходзе якой Аляксей пазнаёміўся з работай усіх вытворчых падраздзяленняў. Асаблівую цікавасць праявіў да дзейнасці радыелагічнай лабараторыі. Таксама атрымаў усе неабходныя дазволы ў раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, вырабіў санітарны пашпарт на машыну, прайшоў медагляд.

Як малаказдатчык, А.М. Косар на сабе адчуў праблемы з вызначэннем якасных паказчыкаў здаваемага малака. Каб іх не ўзнікала ў працэсе яго індывідуальнай дзейнасці, вырашыў адразу ж пытанне з набыццём неабходнага прыбора. Спачатку браў у арэнду прыбор “Экамілк”, з дапамогай якога можна было праводзіць даследаванні прадукцыі па васьмі параметрах. Крыху пазней за ўласныя сродкі набыў аналагічны прыбор “Лактан” коштам 2,2 мільёна рублёў. Выбарачна сам бярэ пробы на тлустасць здадзенага вяскоўцамі малака.

Спачатку А.М. Косар абслугоўваў малаказдатчыкаў вёсак Езапоў, Дворышча, Настолле і трох вуліц райцэнтра – Пралетарскай, Карася, Камунальнай. А затым дабавіліся вёскі Барысаўшчына, Віць і Храпкаў.

З 5 гадзін раніцы штодзённа на абсталяваным пад малакавоз “Мерседэсе” ён аб’язджае свой участак, на якім налічваецца зараз 99 малаказдатчыкаў, збірае з сельскіх падворкаў малако, замяніўшы адзін адразу чатырох малаказборшчыкаў.

За тону сабранага малака ПУП “Палескія сыры” пералічвае на банкаўскі рахунак прадпрымальніка 100 тысяч рублёў. У сваю чаргу кожныя 15 дзён ён разлічвацца са здатчыкамі: налічвае, абналічвае і, да зручнасці вяскоўцаў, сам развозіць зарплату. Зараз за адзін літр малака пры базіснай тлустасці 3,6 працэнта здатчык атрымлівае 665 рублёў плюс 75 рублёў надбаўкі. Што ні гаварыце, а добрая прыбаўка да сямейнага бюджэту. Есць і такія людзі на ўчастку Косара, што жывуць толькі за кошт здачы малака.

– Прадпрыемства плаціць мне за збор і дастаўку малака, – зазначае прадпрымальнік, – транспартныя ж расходы на мне. А яны не маленькія – за салярку трэба плаціць у месяц каля мільёна рублёў. Добрую капейку давялося выкласці і за тэсты малака на наяўнасць антыбіётыкаў. Быў такі нядобры прыклад, калі “Палескімі сырамі” па гэтаму паказчыку было вернута 1710 кілаграмаў малака. Хворая была адна карова, якую пралячылі, але ж усё малако ідзе ў “адно вядро”. Есць, на жаль, і нядобрасумленныя здатчыкі. Заўважыў двух чалавек у разбаўленні малака вадой – і ў паслугах сваіх адмовіў.

Так, прынцыповасць – галоўная рыса характару прадпрымальніка. Так і павінна быць.



Галіна Мікалаеўна Рабінкіна, старшыня раённага Савета дэпутатаў: “Першаадкрывальнік знайшоў сваіх паслядоўнікаў”:

– Вопытам Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці па збору малака з намі падзяліліся нашы суседзі-калінкавічане. Вялікую дапамогу аказаў, у прыватнасці, мой калега старшыня Калінкавіцкага райсавета дэпутатаў Валерый Мікалаевіч Ціханоўскі. А наш першаадкрывальнік сельскага бізнесу Аляксей Міхайлавіч Косар змог тут даведацца аб усіх арганізацыйных і практычных нюансах справы.

Першае, што хачу адзначыць, цяпер задаволены нашы вяскоўцы: няма нараканняў на якасць прадукцыі і за зарплатай на пошту хадзіць не трэба. Да таго ж, у ранейшых малаказборшчыкаў на запрэжаных коньмі вазах звычайна атрымлівалася сабраць каля 300 літраў малака за змену. Часта “тэхніка” падводзіла: то кола ў ваза праб’е, то вупраж парвецца. Ды і так складвалася, што сярэдняя тлустасць малака ў лепшым выпадку складала ад 3,2 да 3,3 працэнта. Затое цяпер гэты паказчык у Косара дасягае 3,7 працэнта. ПУП “Палескія сыры” таксама выгадна, не трэба гнаць малакавозы з горада, Косар сам малако вязе.

І ўжо па вопыту гэтага індывідуальнага прадпрымальніка працуюць малаказборшчыкі Іван Рыгоравіч Сніцарэнка, у зону абслугоўвання якога ўвайшлі населеныя пункты Паселіцкага і Стралічаўскага сельскіх Саветаў, вёска Малішаў, некаторыя вуліцы горада, і Ала Аляксандраўна Кабулава, якая збірае малако з падворкаў Алексіцкага сельскага Савета.

Хочацца спадзявацца, што, з’яўляючыся прыватным малаказборшчыкам, А.М. Косар зможа ажыццявіць сваю мару і створыць уласную фермерскую гаспадарку.   



Інжынер-радыёлаг ПУП “Палескія сыры” Наталля Мікалаеўна Раманькова: “Кантроль за сыравінай вядзем строгі”.

– З 2004 года працуе на нашым прадпрыемстве радыелагічная лабараторыя, дзе праводзяцца даследаванні на ўтрыманне ў малацэ радыенуклідаў цэзію-137 і стронцыю-90. Навейшае абсталяванне пастаўлена МАГАТЭ па праграме ліквідацыі вынікаў катастрофы на ЧАЭС.

Акрамя мяне, вымярэнні праводзяць тэхнік-радыеметрыст Ірына Мікалаеўна Шуляк, малады спецыяліст, сёлетняя выпускніца Міжнароднага радыеэкалагічнага універсітэта імя А. Сахарава і лабарант-радыеметрыст Галіна Мікалаеўна Назаранка.

Адразу зазначу, што праблема цэзію ў нас знята ўжо 10 гадоў таму назад. А вось па ўтрыманню стронцыю рэгіструюцца перавышэнні РДУ да 6-7 бекерэляў на літр малака пры норме 3-7 у прадукцыі, якая паступае з сельскіх населеных пунктаў. Такое малако ідзе на выраб масла і казеіну.   

Увогуле, на нашым прадпрыемстве праводзіцца маніторынг кожнай партыі сыравіны, кожнай партыі выпускаемай прадукцыі ў час тэхналагічнага працэсу і кожнай партыі гатовай прадукцыі на складзе.



Алена Іванаўна Шаціла, малаказдатчыца: “З прыватнікам працаваць лягчэй”.

– Канешне ж, мы з мужам, як малаказдатчыкі са стажам, гэтаму новаўвядзенню ў раёне вельмі абрадаваліся. Па крайняй меры, зараз не ўзнікае пытанняў па якасці здаваемай прадукцыі, тлустасць малака ад нашых дзвюх кароў складае амаль 4 працэнты. І гэта не дзіўна, бо нашы карміцелькі Зорка і Марта – кароўкі высокапрадуктыўныя, чорна-пярэстай пароды. Значыць, маем добрую прыбаўку ў аплаце за малако. Самае галоўнае, што затрымак з гэтым няма – малаказборшчык Аляксей Міхайлавіч Косар дастаўляе нам грошы дамоў.

Але хвалюе тое, што зараз моладзь жывёлу трымаць не хоча, а старыя не могуць. Вось і на нашай вуліцы Камунальнай райцэнтра, якая налічвае 15 дамоў, толькі мы трымаем кароў. І калі не падтрымаць прыватніка, а значыць, дзяржаву, то сітуацыя будзе толькі пагаршацца.


Клаўдзія Босак.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *